Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта праваслаўным беларусам перайсьці на “новы стыль” календару?


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Сымбаль веры”. Сёньня, значная частка беларусаў, вернікі Беларускай Праваслаўнай царквы сьвяткуюць другі дзень Калядаў. Тая самая падзея – Раство Хрыстовае, з аднолькавым тэалягічным зьместам і з аднолькавымі традыцыямі: елкамі, калядкамі і падарункамі адзначаецца 13 дзён пасьля каталіцкіх сьвятаў. Усё з прычыны розных календароў. Тэме царкоўнага календара, мэтазгоднасьці захоўваньня старога стылю і пераходу на новы прысьвечаны сёньняшні выпуск рэлігійнай перадачы “Сымбаль Веры”.

(Бандарук: ) “Калі гаворым пра “стары і “новы” стыль, шмат для каго гэта проста “праваслаўны” і “каталіцкі” календары. Толькі некаторыя ведаюць, што гэта – юліянскі і грыгарыянскі календары, але, напэўна, ня ўсе ведаюць, адкуль яны ўзяліся.

Нагадаем, што юліянскі каляндар названы ў гонар рымскага імпэратара Юлія Цэзара. Па ягоным даручэньні ў 46 годзе да нашай эры астраном Сазіген распрацаваў новы каляндар. У ім былі 12 месяцаў па 30 і 31 дні, а люты налічваў 29 дзён. У часы кіраваньня імпэратар Актаўяна Аўгуста, адзін дзень лютага быў перададзены восьмаму месяцу, які атрымаў лацінскі назоў “аўгуст”.

Юліянскі каляндар быў афіцыйна прыняты хрысьціянскай царквою ў IV стагодзьдзі, аднак ён аказаўся далёка не дасканалым. За кожны чатыры гады назапашваліся 44 лішнія хвіліны. Сапраўдны час веснавога раўнадзенства перастаў супадаць з каляндарным. Момант зраўнаньня дня і начы пачаў перасоўвацца. Ён павінен быў выпадаць на 21 сакавіка, аднак ў сапраўднасьці наступаў ўжо 11 сакавіка.

Недакладнасьць была выяўленая ўжо ў пачатку XIV стагодзьдзя. У 1324 годзе бізантыйскі вучоны Нікіфар Грыгора зьвярнуў увагу імпэратара Андроніка ІІ на тое, што веснавое раўнадзенства ўжо прыходзіцца на 21 сакавіка, а значыць і Вялікдзень прыйдзецца адзначаць усё пазьней і пазьней. Аднак імпэратар адхіліў прапанову выправіць каляндар, каб не выклікаць рознагалосьсяў паміж рознымі цэрквамі. На недакладнасьць каляндара зьвярталі ўвагу іншыя вучоныя – Мацьвей Уластар і Ісаак Аргір, аднак бізантыйская царква бачыла ў гэтым запозьненьні календара і некаторыя плюсы. Проста хрысьціянскі Вялікдзень ніколі не супадае з юдэйскім, што строга забаранялася Саборнымі правіламі.

Неабходнасьць рэформы юліянскага календара разумелі таксама шматлікія прадстаўнікі заходняй царквы. У XIV стагодзьдзі за выпраўленьне календара выказаўся Папа Клімэнт VI. Заганы календара і недакладнасьць пасхаліяў, даты сьвяткаваньня Вялікадня, былі прадметам абмеркаваньня на Базэльскам Саборы ў 1437 годзе. На Саборы са сваім праекта выступіў выдатны філёзаф і вучоны эпохі Адраджэньня Мікола Кузанскі. Падрыхтоўку да рэформы календара распачаў Папа Сікс IV. Ён запрасіў ў Рым нямецкага астранома і матэматыка – Рэгіямантана, але неспадзяваная сьмерць вучонага прымусіла Папу адкласьці рэформу. У XVI стагодзьдзі пытаньне каляндарнай рэформы разглядалася на Латэрынскім і Трыдэнцкім Саборах (1512-1517 і 1545-1563). У 1514 годзе Латэранскі Сабор запрасіў ў Рым вядомага ў Эўропе польскага астранома Мікалая Каперніка. Аднак той адмовіўся ад працы на рэформай календару, паколькі ён лічыў яе заўчаснай. На думку астранома, у той час яшчэ не была дакладна акрэсьленая працягласьць трапічнага году.

У палове XVI стагодзьдзя пытаньне каляндарнай рэформы стала нагэтулькі актуальным, што нельга было далей адкладваць яе. У 1582 годзе Папа Рыгор VIII склікаў спэцыяльную камісію, якой было даручана выправіць каляндар. Камісія прапанавала для ўхваленьня праект італьянскага матэматыка і лекара Луіджы Ліліё, выкладчыка мэдыцыны ў горадзе Пэруджы. 24 лютага 1582 году праект Ліліё быў афіцыйна зацьверджаны Папам адмысловай булай “Inter grassimas”.

Новы каляндар атрымаў назоў “грыгарыянскі”. У выніку недакладнасьці юліянскага календару, з IV па XVI стагодзьдзе назьбіралася 10 лішніх дзён. Паводле новага календару, адлік дзён быў прасунуты наперад на гэтыя 10 дзён. У выніку, адразу пасьля 4 кастрычніка 1582 году наступіў 15 кастрычніка. Адначасова была выпраўленая памылка з часоў Нікейскага Сабору ў IV стагодзьдзі, і веснавое раўнадзенства пачало ізноў прападаць на 21 сакавіка.

Грыгарыянскі каляндар быў прыняты не адразу. Каталіцкія краіны: Францыя, Італія, Гішпанія, Партугалія і Польшча ўвялі яго неўзабаве пасьля ўхваленьня, аднак ў астатніх краінах гэта адбылося значна пазьней. Пратэстанцкія краіны даўжэйшы час кіраваліся прынцыпам, што “лепш разыходзіцца з Сонцам, чым сыходзіцца з Папам”.

У шэрагу краінаў ўвядзеньне новага календару выклікала бурныя хваляваньні. Гэтак было ў 1584-89 гадох ў Рызе, калі кароль Стэфан Баторый спрабаваў навязаць новы каляндар задзьвінскаму герцагству.

У Англіі зьмена календару суправаджалася пераносам пачатку новага году з 25 сакавіка на 1 студзеня. Такім чынам 1751 год у Англіі год налічваў ўсяго 282 дні.

У Расейскай імпэрыі спробы пераходу на грыгарыянскі каляндар у XIX стагодзьдзі закончыліся правалам з прычыны супраціву з боку Праваслаўнай царквы. Яна не хацела прыймаць каляндар абвешчаны Рымскім Папам. Каляндарная рэформа была праведзеная ў Расеі толькі ў 1918 годзе пасьля прыходу да ўлады бальшавікоў. Аднак РПЦ да сёньняшняга дня захоўвае стары стыль.

Варта адзначыць, што праваслаўныя маюць свой каляндар, які атрымаў назоў “нэаюліянскі”, і які значна болей дакладны за грыгарыянскі. У 1922 годзе годзе яго распрацаваў сэрбскі астраном Міланковіч.

Сабор праваслаўных цэркваў, які адбыўся ў 1923 годзе ў Канстантынопалі ўхваліў яго, і на новы каляндар перайшлі цэрквы Грэцыі, Югаславіі, Румыніі й Баўгарыі. Аднак да 2800 году гэты каляндар будзе супадаць з грыгарыянскім, адсюль памылковае ўражаньне, што некаторыя цэрквы перайшлі на «заходні» каляндар.

А якія аргумэнты тых, хто аддае перавагу старому стылю? Прыхільнікі старога календару лічаць, што, праўда, грыгарыянскі каляндар болей практычны, але па сваёй структуры ён празьмерна зямны і прымітыўны. Ён фіксуе кліматычныя пэрыяды на Зямлі, тымчасам калі юліянскі каляндар спрабуе ўлавіць рытм Усясьвету. Некаторыя астраномы лічаць, што не юліянскі каляндар запозьніваецца, але грыгарыянскі – сьпяшаецца. Ужо ў канцы XIX стагодзьдзя ў часе паседжаньня камісіі Расейскага астранамічнага таварыства прафэсар Болатаў заявіў, што дзякуючы “надзвычайнай прастаце юліянскі каляндар мае перавагу над іншымі календарамі”. У 1984 годзе расейскі астраном Клімішын пісаў ў сваёй кнізе “Каляндар і храналёгія”, што “прывабным бокам юліянскага календару зьяўляецца ягоная прастата і строгая рытмічнасьць зьмены простых і высакосных гадоў”. На такія аргумэнты ахвоча спасылаюцца тыя цэрквы, якія ня хочуць адмаўляцца ад юліянскага календару, якія лічаць яго “царкоўным”, “адухоўленым”. Дарэчы, як адзначыў Архімандрыт Аляксей Шынкевіч, Царква баіцца таксама расколу сярод вернікаў з прычыны календару”.

(Архімандрыт Шынкевіч: ) “Нашае царкоўнае кіраўніцтва лічыць, што дзеля захаваньня міру і стабільнасьці ў Царкве, пытаньне календару няма патрэбы ўздымаць. Таму, што ёсьць вернікі, якія лічаць, што царкоўны стыль – асьвечаны тысячагодзьдзямі. Мы ведаем, што толькі чатыры праваслаўныя цэрквы: ерусалімская, сэрбская, грузінская і расейская сьвяткуюць Раство Хрыстовае і жывуць паводле старога, царкоўнага стылю. Усе астатнія праваслаўныя цэрквы перайшлі на новы стыль, але ўсе праваслаўныя цэрквы адзначаюць Пасху – Вялікдзень паводле старога, свайго вылічэньня. Таму мы лічым, што разумнейшай будзе тая пазыцыя, калі мы будзем захоўваць усё ж такі тое, чаго прытрымліваліся нашы дзяды і прадзеды. Гэта нязручна, вядома, але і сёньняшняе хрысьціянскае жыцьцё ў сьвеце ў часе такога моцнага сэкулярызму таксама цяжкае, нялёгкае. Трэба вызнаваць Хрыста і ў такіх абставінах, мы не павінны імкнуцца да таго, каб хрысьціянскае жыцьцё было зручным. Усё сьвятое, глыбока хрысьціянскае дасягаецца зь вялікімі цяжкасьцямі”.

(Бандарук: ) “Аднак архімандрыт Шынкевіч прызнае, што каляндар, гэта ня ёсьць справай веравучэньня, але традыцыі. Проста вернікі прызвычаіліся да старога стылю, і ніколі не пагодзяцца на новы, а царкоўнае кіраўніцтва ня лічыць пытаньне зьмены каляндару заўчасным”.

(Архімандрыт Шынкевіч: ) “Канечне, гэта ня справа дагматыкі, але ўсё-такі варта адзначыць, што вялікі цуд зыходу боскага агню, якое адбываецца напярэдадні Пасхі ў Ерусаліме на Магіле Гасподняй, адбываецца менавіта тады, калі Вялікдзень адзначаецца па праваслаўным календары, паводле старога стылю. Для многіх вернікаў гэта выразны прыклад таго, што варта захоўваць стары стыль. Ведаю, што вядуцца такія размовы сярод нэафітаў, тых, хто цалкам нядаўна далучыўся да Царквы, толькі пачынаюць царкоўнае жыцьцё. Яны хочуць, каб Праваслаўная царква адзначала Каляды ды іншыя сьвяты разам з заходнімі хрысьціянамі. Але трэба падкрэсьліць, што сталыя вернікі, тыя, хто вызнаваў Хрыста таксама ў цяжкія для Царквы гады, яны на такія прапановы ніколі ня пойдуць. Таму, мы лічым, што на сёньня гэтае пытаньне няма сэнсу ўздымаць на сур''ёзным узроўні, і Царква гэтае пытаньне не абмяркоўвае, як вельмі важкае для яе”.

(Бандарук: ) “У асноўным згодная з гэтым і праваслаўная верніца, старшыня грамадзкага аб’яднаньня “ Беларуская Пэрспэктыва” Валянціна Трыгубовіч. Яна таксама лічыць, што пакуль зьмена царкоўнага календара ў праваслаўных вернікаў Беларусі – немагчымая”.

(Валянціна Трыгубовіч: ) “У Царкве прынята трымацца канонаў, і таму, калі такая ёсьць агульная думка, дык мусім гэтага трымацца. Але, я думаю, варта, каб ішла дыскусія ў грамадзтве наконт таго – трэба пераходзіць на іншы каляндар, ці ня трэба. У сёньняшнім нашых неспрыяльных умовах, такой дыскусіі ня варта весьці, таму што яе вынікі – прадказальныя. Я ня бачу ў сёньняшнім беларускім грамадзтве магчымасьці для правядзеньня такой дыскусіі. Я думаю, што прыйдзе той час, калі гэта зьменіцца. Але на сёньняшні дзень чатыры ці пяць з 15 аўтакефальных праваслаўных цэркваў захоўваюць стары каляндар. Аргумэнты тых, хто ня хоча зьмены календару такія, што гэта можа прывесьці да расколаў, да закалоту. Напэўна, тут ёсьць пэўная рацыя. Але я прыхільніца таго, каб паступова імкнуцца да пераходу на агульна прыняты каляндар. Асабіста для мяне, гэта будзе пройгрышны момант, паколькі я нарадзілася 13 студзеня, і дзень народзінаў заўсёды супадаў са старым Новым Годам. Але ж прыйдзецца гэтым ахвяраваць”.

(Бандарук: ) “Такая нерашучасьць, маўляў, можа і лепш было б сьвяткаваць гэтак як большасьць на сьвеце, а з другога боку “але ці варта” характарызуе большасьць вернікаў. Для шмат каго з праваслаўных, каляндар, гэта сымбаль іхнай рэлігійнай адметнасьці. Пакуль ён будзе гэтак ўспрымацца, яшчэ доўга будзем сьведкамі двайных Калядаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG