Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве КГБ папярэдзіў апазыцыянэра


Міхал Стэльмак, Менск У Барысаве супрацоўнікі КГБ папярэдзілі аднаго зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Зьмітра Бародку пра магчымасьць пакараньня за апазыцыйную дзейнасьць.

Як паведаміў Зьміцер Бародка, ён мусіў наведаць барысаўскі аддзел КГБ, паводле пісьмовай позвы:

(Бародка: ) “Прыняў гэту позву і прыйшоў да іх, дзе опэрупаўнаважаны, капітан КГБ Якубоўскі Дзяніс растлумачыў мне, што ўсе мае дзеяньні, пачынаючы з 2002 году, могуць падпадаць пад дзейнасьць крымінальнага артыкула №342 – нешта накшталт арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. Згадаў усе мае затрыманьні, пачынаючы з 2002 году, апошняе маё затрыманьне 20 кастрычніка пасьля так званага рэфэрэндуму”.

Нагадаем, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску Зьміцер Бародка атрымаў 15 сутак арышту. У часе нядаўніх украінскіх падзеяў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі, барысаўскі апазыцыйны актывіст наведаў Кіеў, дзе выказаў падтрымку прыхільнікам Віктара Юшчанкі. Спадар Бародка гаворыць, што барысаўскіх кэгэбістаў таксама цікавілі акалічнасьці паездкі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ва Ўкраіну.

(Бародка: ) “Пыталіся, як там і што там. Чаму мяне затрымлівалі і зь якой нагоды. Рэжым вельмі ўсхваляваны апошнімі падзеямі – вулічнымі акцыямі, якія праходзілі ў Беларусі ў сувязі з так званым рэфэрэндумам і ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Таму яны проста імкнуцца зьбіць хвалю і аказаць маральны ціск на актывістаў палітычных арганізацыяў”.

Гэта быў Зьміцер Бародка, сябра каардынацыйнага камітэту Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”, якога сёньня барысаўскі аддзел КГБ папярэдзіў пра магчымасьць пакараньня за ўдзел у апазыцыйных акцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG