Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Волчака, Цынкевіча й Багдановіч вінавацяць у “паклёпе і распаўсюдзе недакладнай інфармацыі”


Алесь Дашчынскі, Менск Пракуратура працягвае пошук кампрамату на былых удзельнікаў парлямэнцкіх выбараў з боку апазыцыі. У палітычнай некарэктнасьці ўлады найперш вінавацяць сяброў АГП Марыну Багдановіч і Аляксандра Цынкевіча, праваабаронцу й сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Алега Волчака, якія былі зьнятыя зь перадвыбарчай гонкі рашэньнем выбарчай камісіі.

Можна цьвердзіць, што пракуратура мае ў дачыненьні згаданых апазыцыянэраў сур’ёзныя намеры. У Цэнтравыбаркаме, які накіраваў адпаведныя матэрыялы адносна Марыны Багдановіч, Алега Волчака і Аляксандра Цынкевіча ў рэспубліканскую пракуратуру, мне распавялі, што справа зьвязаная з распаўсюдам недакладнай інфармацыі і паклёпу.

Пракуратура пакуль не дала ніякага адказу камісіі, але вядома, што гэтая справа цяпер знаходзіцца ў вытворчасьці. Як паведаміў прадстаўнік Цэнтральнай камісіі, пракуратура запытвала дадатковыя матэрыялы ў адпаведных акруговых камісіях.

Апроч таго, учора Марыне Багдановіч патэлефанаваў сьледчы Ленінскага раёна Гарадзенскай пракуратуры Сяргей Шэстаў і запрасіў прыехаць у аўторак для дачы паказаньняў. Сьледчы патлумачыў, што даваць паказаньні спадарыня Багдановіч будзе наконт свайго радыёвыступленьня, у якім быццам бы ёсьць абраза прэзыдэнта. Пра тое, ці ўзбуджаная крымінальная справа, сьледчы нічога не сказаў. Раней Лідзкая міжраённая пракуратура прыслала спадарыні Багдановіч ліст, у якім гаворыцца, што яе справа перададзена ў Гарадзенскую абласную пракуратуру.

У чым палягаюць прэтэнзіі да Марыны Багдановіч? Яна сказала, што грошы ад продажу няўлічанай зброі ідуць на “Мэрсэдэсы” для чыноўнікаў і на прэзыдэнцкі “Боінг”. Чаму ж з усіх кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі пракуратура зачапілася менавіта за Марыну Багдановіч, Аляксандра Цынкевіча і Алега Волчака? Пытаньне да спадарыні Марыны.

(Багдановіч: ) “Я мяркую, гэта будуць паказальныя суды дзеля таго, каб усе людзі баяліся рызыкаваць сваімі сем’ямі і сваімі дзецьмі”.

Алега Волчака вінавацяць у паклёпе на службовых асобаў, Аляксандра Цынкевіча – за ўлётку, у якой гаварылася, што ў краіне ідзе халодная грамадзянская вайна. Спадар Аляксандар цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Вось што распавяла ягоная жонка Натальля:

(Цынкевіч: ) “Тэлефанавалі з пракуратуры Цэнтральнага раёна, проста ім цікавіліся. Пыталіся, куды паехаў і калі вернецца”.

Магчыма, што сьпіс апальных кандыдатаў можа пашырыцца. Так, пракурор горада Баранавічы тэрмінова запатрабаваў ад мясцовай недзяржаўнай газэты Intex-press інфармацыю пра надрукаваныя ў газэце публічныя заявы кандыдатаў у дэпутаты адносна фальшаваньня вынікаў галасаваньня. Намесьнік галоўнага рэдактара Алег Панамароў распавядае, якія матэрыялы зацікавілі баранавіцкую пракуратуру:

(Панамароў: ) “Публічных заяў у нас няма. Пасьля выбараў у нас друкавалася апытаньне кандыдатаў у дэпутаты, і некаторыя сказалі, што меліся фальшаваньні. Яшчэ ў нас друкаваўся акт, складзены ўсімі кандыдатамі, даверанымі асобамі і назіральнікамі. У ім былі пералічаныя ўсе парушэньні падчас выбараў. Гэты акт быў накіраваны ў Цэнтравыбаркам, у АБСЭ і ў рэдакцыю Intex-press”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG