Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя КГБ падазраюць Міхаіла Марыніча ў крадзяжы пячаткі “Беларускай асацыяцыі дзелавой ініцыятывы”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Да ранейшых абвінавачаньняў Міхаіла Марыніча можа далучыцца і абвінавачаньне ў крадзяжы пячаткі арганізацыі “Беларуская асацыяцыя дзелавой ініцыятывы”. Каб праверыць гэты эпізод, сьледчыя працягнулі тэрмін утрыманьня Міхаіла Марыніча пад вартай, і з гэтым пагадзіліся ў Цэнтральным судзе Менску. Між тым, адвакаты Марыніча кажуць пра чарговае парушэньне закону.

У справе Міхаіла Марыніча зьявілася новая дэталь. Паводле сьледчых КГБ, Міхаіл Марыніч, магчыма, скраў пячатку арганізацыі “Беларуская асацыяцыя дзелавой ініцыятывы”, якую ўзначальваў цягам апошніх двух гадоў. Нібыта сход сябраў арганізацыі год таму вызваліў Марыніча ад пасады, але той не вярнуў пячаткі. Сьледчыя заявілі, што ім трэба дэталёва праверыць эпізод зь пячаткай — і таму яшчэ на месяц працягнулі ўтрыманьне пад вартай.

Адвакат Вера Страмкоўская з гэтым ня згодная. Яна кажа, што падаўжаць утрыманьне пад вартай магчыма толькі паводле абвінавачаньняў, якія афіцыйна прад’яўленыя. У выпадку зь Міхаілам Марынічам гэта захаваньне зброі, крадзеж маёмасьці й сакрэтных дакумэнтаў. У крадзяжы пячаткі Міхаіл Марыніч ніколі не абвінавачваўся, заўважае Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) “Як абаронца лічу, што Марыніч цяпер утрымліваецца безь юрыдычных абгрунтаваньняў, незаконна”.

1 лістапада ў другой палове дня ў Цэнтральным судзе Менску была разгледжаная скарга Міхаіла Марыніча і ягоных адвакатаў на пастанову сьледчых КГБ аб падаўжэньні ўтрыманьня пад вартай. Судзьдзя Леанід Ясіновіч скаргі не задаволіў.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка” з 26 красавіка. Перад арыштам у яго адабралі 90 тысяч даляраў, якія ён зьбіраўся выкарыстаць падчас выбараў у беларускі парлямэнт. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі перакананыя, што беларускія ўлады перасьледуюць Міхаіла Марыніча выключна ў палітычных мэтах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG