Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які ўплыў можа мець прыняцьцё ЗША “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і палітоляг Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” ўступіў у законную сілу. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, як хутка ён быў праведзены праз усе ступені амэрыканскіх уладных структураў. 5 кастрычніка яго прыняла Палата прадстаўнікоў, потым Cэнат, а 20 кастрычніка ўжо падпісаў прэзыдэнт. На ўсё спатрэбілася два тыдні. Хоць, здавалася б, кіраўніцтву ЗША цяпер не да Беларусі. Сур’ёзнай праблемаю застаецца Ірак. Набліжаецца да фінішу прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. І на гэтым фоне такое хуткае прыняцьцё закону, які тычыцца Беларусі, мабыць, сьведчыць аб тым, што “беларускае пытаньне” ў замежнай палітыцы ЗША актуалізавалася. Калі гэта сапраўды так, то якія прычыны гэтай тэндэнцыі? І ці могуць неяк паўплываць на беларуска-амэрыканскія дачыненьні вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах?”

(Андрэй Саньнікаў: ) “Сапраўды, цяпер акт прыняты даволі хутка. Але хацеў бы нагадаць, што яго прымалі каля чатырох гадоў. На ягонае хуткае прыняцьцё цяпер паўплывала сытуацыя ў Беларусі. Таму што было відавочна, да чаго рыхтуецца Лукашэнка, і якія вынікі рэфэрэндуму ён абвесьціць. Прызначэньне рэфэрэндуму прысьпешыла гэтую працэдуру. Як можа зьмяніцца палітыка ЗША адносна Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? Хацеў бы нагадаць, што кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джон Кэры падтрымаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. І гэта азначае, што “беларускае пытаньне” ўвайшло ў сьпіс прыярытэтаў амэрыканскай палітыкі, нягледзячы на тое, што там цяпер адбываюцца выбары”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Безумоўна, хуткасьць прыняцьця гэтага дакумэнта была выклікана беларускімі ўнутранымі падзеямі, найперш рэфэрэндумам. А хуткасьць сапраўды незвычайная. Напрыклад, падобны акт быў прыняты ЗША ў адносінах да Сырыі. Дык вось тады Кангрэс прыняў яго ў сьнежні 2003 году, а прэзыдэнт падпісаў яго толькі ў траўні 2004 году. Таму прыняцьцё “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” за два тыдні сьведчыць аб вялікай цікавасьці ЗША да нашай краіны.

Няма падставаў меркаваць, што палітыка ЗША да Беларусі зьменіцца ў выпадку прыходу да ўлады новай адміністрацыі дэмакратаў. Па-першае, сэнатар Кэры падтрымаў гэты акт. Па-другое, калі ў ЗША кіруюць дэмакраты, то яны больш увагі зьвяртаюць на праблему правоў чалавека ў іншых краінах. Здаецца менавіта таму расейскі прэзыдэнт Пуцін так недыпляматычна выказаўся ў падтрымку Буша, што мяркуе, каб з прыходам да ўлады Кэры не пачалася моцная крытыка Расеі за парушэньне правоў чалавека”.

(Карбалевіч: ) “Гэты дакумэнт яшчэ на стадыі прыняцьця быў міталягізаваны і нават дэманізаваны палітыкамі, СМІ. Падаецца, што ягонае значэньне і ўплыў на беларускую сытуацыю перабольшаны прадстаўнікамі абодвух палітычных сілаў, якія супрацьстаяць у Беларусі: і ўладаў, і апазыцыі. Як вы мяркуеце, якія практычныя наступствы можа мець рэалізацыя “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”?”

(Саньнікаў: ) “Я ня думаю, што з боку апазыцыі перабольшанае значэньне гэтага акту. Гэта палітычнае рашэньне ЗША ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. Ня думаю, што і ўлады перабольшваюць значэньне гэтага акту. Яны, відавочна, былі напалоханыя. Дакладна ведаю, якія захады рабілі МЗС і амбасада Беларусі ў ЗША, каб прадухіліць прыняцьцё гэтага дакумэнта. Можа, пэўныя посьпехі і былі ў гэтым кірунку. Таму што ён доўга адкладваўся. У мінулым годзе акт увайшоў у больш вялікі дакумэнт аб замежных сувязях ЗША. Але і ў гэтым выглядзе ён ня быў прыняты. Урэшце акт быў прыняты. Таму што ніякімі захадамі нельга прыкрыць таго, што адбываецца ў Беларусі.

Што тычыцца практычных наступстваў, то хацеў бы найперш зьвярнуць увагу на санкцыі, якія ўводзяцца супраць тых асобаў, якія датычныя да парушэньняў правоў чалавека”.

(Фёдараў: ) “Практычныя наступствы акту могуць мець толькі праз пэўны час. Што тычыцца эканамічных санкцыяў. Там ідзе гаворка аб забароне дзяржаўных інвэстыцыяў ЗША ў Беларусь, аб блякаваньні амэрыканскімі прадстаўнікамі крэдытаваньня Беларусі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Выключэньне робіцца для гуманітарнай дапамогі.

Але справа ў тым, што да гэтага часу прамых дзяржаўных інвэстыцыяў ЗША ў эканоміку Беларусі практычна не было. Таксама існуюць істотныя праблемы ў дачыненьні Беларусі зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. І тыя праекты, якія існуюць, маюць хутчэй гуманітарны кірунак. Таму, я ня думаю, што гэта неяк паўплывае на Беларусь у горшы бок. Бо, здаецца, горш няма куды.

Тое ж тычыцца гандлю зброяй і выкрыцьця асабістых банкаўскіх рахункаў. Гэта ня вельмі лёгка зрабіць. ЗША ўжо ня раз спрабавалі гэта зрабіць. Але сур’ёзных доказаў пакуль прыведзена не было. Магчыма, гэты акт паспрыяе іхным намаганьням знайсьці гэтыя доказы. Пакуль што гэты акт мае больш сымбалічны сэнс. Гэта сыгнал, што ЗША будуць сур’ёзна займацца “беларускім пытаньнем”. І другі сыгнал — беларускай апазыцыі, што Злучаныя Штаты не пакідаюць яе ў цяжкім стане, а спрабуюць дапамагчы”.

(Карбалевіч: ) “Магчымы ўплыў на Беларусь “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” будзе мець тады, калі яго падтрымаюць іншыя дзяржавы. МЗС Расеі крытычна ацаніў гэты дакумэнт. Рэакцыя Эўразьвязу, гатоўнасьць Эўропы далучыцца да прапанаваных ЗША захадаў пакуль дакладна ня вызначаная. Якая верагоднасьць таго, што Злучаныя Штаты могуць дамагчыся ўзгодненых дзеяньняў зь іншымі краінамі?”

(Саньнікаў: ) “Верагоднасьць даволі высокая. Цяпер можа адбыцца тое, чаго мы не заўважалі раней. Напрыклад, ЗША заўсёды займалі больш жорсткую пазыцыю ў адносінах да беларускага рэжыму, а эўрапейскія краіны імкнуліся да больш мяккай пазыцыі. Цяпер сытуацыя зьмянілася ў самой Беларусі. Цягам двух гадоў адбываецца зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці. Цяпер мы чуем з боку Эўразьвязу і суседніх краінаў рэзкія ацэнкі таго, што адбылося ў Беларусі 17 кастрычніка. Думаю, што ў такім выпадку такая пазыцыя ЗША атрымае падтрымку і Эўразьвязу. Гэта вельмі важна. Бо калі няма каардынацыі паміж краінамі Захаду, то рэжым можа знайсьці магчымасьці для манэўру, дамовіцца з пэўнымі эўрапейскімі краінамі.

Эўропа вызначылася яшчэ раней. Я маю на ўвазе рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па мэмарандуму Пургурыдэса, якая абвінавачвае вышэйшае кіраўніцтва Беларусі ў зьнікненьні вядомых людзей”.

(Фёдараў: ) “Трэба разьдзяляць пазыцыю Расеі й пазыцыю Эўрапейскага зьвязу. Вялікая Эўропа (25 краінаў) у тым ці іншым выглядзе падтрымае ЗША. Можа, гэта адбудзецца ў нейкай іншай форме, магчыма, ня будзе афіцыйнага дакумэнта. Адносна Расеі сытуацыя няпэўная. Мы бачым, што расейскае кіраўніцтва ідзе фактычна беларускім шляхам і за гэта крытыкуецца Захадам”.

(Карбалевіч: ) “Рэакцыя афіцыйнага Менску на прыняцьцё “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” была вельмі рэзкай. Існуе меркаваньне, што пад уплывам дзяржаўнай прапаганды сярод значнай часткі электарату могуць узмацніцца антыамэрыканскія настроі. Зь іншага боку, можа даць плён падтрымка дэмакратычнай супольнасьці. На ваш погляд, як можа адбіцца на беларускім грамадзтве прыняцьцё і рэалізацыя гэтага дакумэнта?”

(Саньнікаў: ) “Відавочна, што дзяржаўная прапагандысцкая машына Беларусі будзе рабіць спробу абвінаваціць ва ўсім ЗША, выклікаць антыамэрыканскія настроі. Але я ня думаю, што ёсьць падставы для існаваньня антыамэрыканскіх настрояў. Больш абгрунтаванай будзе думка, што дэмакратычныя сілы атрымаюць значную падтрымку ад насельніцтва. Падтрымка Эўропы будзе мець важнае значэньне для грамадзянаў. Эўразьвяз можа шмат зрабіць для прапаганды эўрапейскіх каштоўнасьцяў у Беларусі празь людзкія кантакты. І гэта можа даць свой плён”.

(Фёдараў: ) “Думаю, акт можа як ўзмацніць антыамэрыканскія настроі, так і стаць важным чыньнікам падтрымкі дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі. Безумоўна, афіцыйная прапаганда будзе імкнуцца ўзьняць хвалю антыамэрыканізму. І пэўная частка насельніцтва можа ўспрыняць гэтыя захады дзяржаўных СМІ. Досьвед Кубы сьведчыць, што калі існуе аднабаковая інфармацыя, то можна пераканаць людзей. Зь іншага боку, падтрымка апазыцыі можа падштурхнуць актыўнасьць апазыцыйных сілаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” становіцца значным чыньнікам замежнапалітычнага і ўнутрыпалітычнага жыцьця Беларусі. Але практычныя наступствы рэалізацыі гэтага дакумэнта будуць залежаць ад шмат якіх прычынаў: пазыцыі Эўразьвязу, Расеі, а галоўнае, разьвіцьця ўнутраных працэсаў у самой Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG