Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім мусіць быць “fast food” па-беларуску?


Іна Студзінская, Менск Дзе ў вялікім горадзе можна хутка, смачна і нядорага перакусіць, акрамя замежных “Макдональдсу” й піцэрыі? Урэшце, і ў беларускай сталіцы пачалі зьяўляцца прадпрыемствы хуткага харчаваньня. Літаральна за апошні год адкрылася два “Максі-біс”, “Росьцікс”. На месцы “Гішпанскага кутка” таксама плянуецца адкрыць прадпрыемства хуткага харчаваньня. Ці ёсьць нацыянальныя стравы ў беларускіх “бістро”, і наагул, што такое “fast food” па-беларуску?

У Менску апошнім часам адкрылася некалькі даволі цікавых месцаў, дзе можна даволі смачна пад’есьці. І быццам бы беларускіх – у тым ліку. Да прыкладу, страўні “Камяніца” і “Талака”. Адны назвы страваў там кажуць самі за сябе: “Сальца хатняе”, “Мачанка з грыбамі”, “Жур грыбны”, “Шчы сялянскія з журавінамі”, “Пасолька з грыбамі”, “Гульбішнік”, “Пячыста зь цяляціны”...

Сапраўды, нацыянальныя беларускія стравы вельмі смачныя. Ня сорамна запрасіць замежных гасьцей і пачаставаць беларускай кухняй. Але кошты – рэстаранныя. Дый стравы замоўныя, доўга рыхтуюць. А вось што тычыцца хуткага харчаваньня… Канешне, “Макдональдсаў” і “Піцэрыяў” шмат. Але з беларускай кухняй – праблематычна.

У нядаўна адкрытых бістро “Максі-біс” я знайшла ў мэню толькі адну беларускую страву – дранікі. І тое яны не заўсёды ёсьць…У “Беларускім бістро” на Машэрава – таксама. Я запыталася наведвальнікаў: ці адпавядае бістро назьве “беларускае”, ці сапраўды там абслугоўваюць хутка?

(Спадар: ) “Ну тое, што хутка– гэта дакладна. А наконт беларускага я не ўпэўнены”.

(Карэспандэнтка: ) “А што вы зараз ясьце?”

(Спадар: ) “Курыцу з бульбай, боршч, салатку”.

(Карэспандэнтка: ) “А ведаеце вы месцы, дзе можна беларускія стравы хутка адведаць?”

(Спадар: ) “Шчыра кажучы, не”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, што адпавядае назьве толькі часткова. Нейкія элемэнты беларускай кухні ёсьць, але калярыт, дый такія неадпаведнасьці, як боршч з курыцай... Я думаю, гэта абсалютна ня тое. Канешне, могуць быць элемэнты іншых культур, але калі гэта называецца “Беларускае бістро”, то ў беларускай культуры кулінарыі, мне здаецца, вельмі шмат страваў, якія ніхто не рыхтуе, апрача рэстарацыі “Талака”, якая вельмі дарагая по коштах у параўнаньні зь бістро”.

Дарэчы, у абедзены час і ў “Максі-біс”, і ў “Беларускім бістро” – чэргі. На амаль двухмільённы горад прадпрыемстваў хуткага харчаваньня вельмі мала. Начальнік Упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Аляксей Багдановіч патлумачыў гэта такім чынам:

(Багдановіч: ) “Інвэстыцыяў у Беларусь вельмі мала ўкладаецца. Вельмі мала. “Максі-біс” – гэта беларускія прадпрыемствы, але інвэстыцыі, грошы там ёсьць і іншыя. Але кіруюць ім людзі беларускія. І мы можам на іх уплываць, каб там гатавалася беларускае”.

Няўжо так цяжка тыя ж самыя дранікі, калдуны, пахлёбкі беларускія прыгатаваць? У беларускай кухні ж сапраўды даволі шмат простых і смачных страваў... Няцяжка – але ж не гатуюць. Усё што заўгодна гатуюць – салаткі “баварскія”, кіўбаскі “цюрынгскія”, галубцы, шаўрму, плоў... Але нават з дранікамі, калдунамі – праблема, ёсьць не заўсёды

Аляксей Багдановіч тлумачыць гэта тэхналёгіяй гатаваньня тых жа дранікаў. Маўляў, пачышчаная, цёртая бульба дога не захоўваецца, чарнее. А наведвальнік чакаць ня хоча...

(Багдановіч: ) “Гэта вельмі накладна. Чакаць ня кожны хоча. Чаму мы называем “хуткае харчаваньне”? Я не кажу “абслугоўваньне”. Хаця гэта правільна – хуткае абслугоўваньне. Харчавацца трэба павольна. Чалавек ня хоча чакаць. Пакуль дзярун гэты зробіш, праходзіць час. А тыя тэхналёгіі, якія ёсьць у нас – гатовая маса, замарожаная, самі ведаеце, гэта ня той дранік. Таму тут ёсьць свае нюансы ў тэхналёгіі прыгатаваньня. А што тычыцца першых страў – канешне, гэта не пытаньне. Мы над гэтым працуем. Будзе больш. Імкнемся да гэтага”.

Застаецца спадзявацца. І зайздросьціць кіеўлянам, якія разгарнулі па ўсёй Украіне прадпрыемствы хуткага харчаваньня “Хатня кухня” – украінскі адказ “Макдональдсу”: з варэныкамі, галушкамі, баршчом. І нават з беларускімі “дэрунамі” і бульбянай “бабкай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG