Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў першы нумар незалежнай сатырычнай газэты “Нясьвіскія навінкі”


Міхал Стэльмак, Нясьвіж У Нясьвіжы выйшаў першы нумар незалежнай газэты “Нясьвіскія навінкі”. У ёй сучасныя падзеі, што адбываюцца ў гэтым райцэнтры, падаюцца ў сатырычна-гумарыстычным выглядзе.

Ініцыятыва стварэньня “Нясьвіскіх навінак” належыць актывістам моладзевага дэмакратычнага руху Нясьвіжчыны. Паводле іх, цяпер грамадзкую думку ў раёне фармуюць пераважна афіцыйныя СМІ. Між тым, іхнае асьвятленьне падзеяў, як лічаць дэмакраты, не адпавядае сапраўднасьці. Так узьнікла ідэя незалежнага выданьня. Гаворыць кіраўнік нясьвіскай філіі Таварыства беларускай мовы Міхал Асмыковіч:

(Асмыковіч: ) “У Нясьвіжы ёсьць афіцыйнае выданьне. Газэта мае назоў “Нясьвіскія навіны”. Гэта газэта райвыканкаму. Ну, і мы вырашылі выдаць сваю газэту. Гэта будзе таксама нясьвіская, але не “Навіны”, а “Навінкі”, якая будзе неафіцыйная і будзе падаваць інфармацыю зь іншага гледзішча на праблемы гораду”.

Спадар Асмыковіч узначаліў творчы калектыў рэдакцыі. “Несур’ёзная газэта для сур’ёзных людзей” — гэтак рэдакцыя “Нясьвіскіх навінак” вызначыла кола чытачоў, якім адрасаванае новае беларускамоўнае выданьне. У прадмове да яго гаворыцца, што “героі” газэты — сучасныя нясьвісцы, пра якіх ведае горад. А паколькі яны працуюць на адказных пасадах, то іх дзейнасьць рэгулярна асьвятляецца афіцыйнай “раёнкай”. Райвыканкамаўскі орган заўжды высока ацэньвае іх плён. А вось аўтарам “Навінак” гэтая дзейнасьць бачыцца ў іншым сьвятле. Адметна і тое, што на старонках “Нясьвіскіх навінак”, паводле рэдактара, гэтыя “героі” і іхны “плён” паўстаюць у сатырычна-гумарыстычным выглядзе:

(Асмыковіч: ) “І чытаючы, можна пазнаць, пра каго ідзе гаворка. Усім месьцічам нашага гораду прываліла нечаканае шчасьце. Да нас прыслалі дзядзьку, вялікага начальніка. Той, як аматар чысьціні, пачаў наводзіць тут парадкі, прыбіраць вуліцы, стрыгчы дрэвы, фарбаваць бардуры і ўсталёўваць каменюкі. Удзячныя насельнікі, радуючыся гэтым парадкам, пабудавалі начальніку дом і перайменавалі адну зь нясьвіскіх вуліц у праспэкт яго імя”.

Паводле Міхала Асмыковіча, “Нясьвіскія навінкі” пакуль незарэгістраваныя. Ён не выключае, што ажыцьцявіць гэта ў цяперашніх умовах наўрад ці ўдасца. Тым ня менш, рэдакцыя пачала рыхтаваць матэрыялы для другога нумару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG