Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя вінілавыя кружэлкі – ад адзінкавых рарытэтаў Аляксандроўскай да 15 мільёнаў пласьцінак “Песьняроў”


Іна Студзінская, Менск Амаль стагодзьдзе доўжылася эпоха чорных кружэлак, якія вырабляліся спачатку з арганічнага рэчыва – шэлаку, а пазьней зь вінілу. Потым настала эра магнітных запісаў, зьявіліся кампакт-дыскі. Цяпер моладзь “пампуе” любімыя мэлёдыі з інтэрнэту – за новымі тэхналёгіямі не пасьпець. Але некалькі пакаленьняў, што выхоўваліся на вінілах, так і засталіся адданымі менавіта гэтым магічным чорным дыскам. Пра гісторыю кружэлкі, запісы беларускіх выканаўцаў, пра калекцыянэраў вінілаў – праграма Іны Студзінскай.

Калекцыянэры вінілавых дыскаў, людзі старэйшага пакаленьня дагэтуль вельмі шчадна захоўваюць свой скарб – чорныя вінілы, што выклікаюць настальгію па старых добрых часах, іх маладосьці. І клянуцца, што не прамяняюць кружэлку ні на які самы дасканалы кампакт-дыск. І цяпер на рынку ў Ждановічах аматары вінілавых кружэлак купляюць-прадаюць, абменьваюцца пласьцінкамі.

(Рынак)

(Карэспандэнт: ) “Тут на “полі цудаў” рынку “Лебяжы” я знайшла вельмі цікавы куточак, дзе стаяць старыя патэфоны, праігрывацелі й чорныя вінілавыя дыскі. Скажыце, адкуль у вас такі антыкварыят па сучасных паняцьцях?”

(Прадавач: ) “Народ прыносіць, прапаноўвае. Кошты – капейкі. Сто, дзьвесце рублёў пласьцінка”.

(Карэспандэнт: ) “Якія тут пласьцінкі, якога часу, якіх выканаўцаў?”

(Прадавач: ) “Я б не сказаў, што вельмі старыя – Лідзія Русланава, Уцёсаў. А старыя практычна не захоўваюцца, ператвараюцца практычна ў асфальт”.

(Карэспандэнт: ) “А беларускія выканаўцы трапляюць? Да прыкладу, Александроўская...”

(Прадавач: ) “На жаль, не. Ні разу не было”.

(Карэспандэнт: ) “А хто цікавіцца гэтым антыкварыятам?”

(Прадавач: ) “У асноўным людзі сталага ўзросту”.

Прадавач уключае патэфон.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, трэба вось так ручкай гэта стары патэфон пастаянна раскручваць, каб ён працаваў? Нават электрычнасьць не патрэбна?”

(Прадавач: ) “Так, там ёсьць спружына, і трэба круціць”.

(Карэспандэнт: ) “Спэцыялісты ўсе кажуць, што гэтыя кружэлкі лепш гучаць, і па якасьці гук нашмат глыбей, чым сучасныя СD?”

(Прадавач: ) “Так-так. Зараз многія шукаюць такія плыткі, але ня дужа іх засталося”.

***

(Карэспандэнт: ) “Вы такая маладая дзяўчына, наагул, ведаеце, што такое чорная вінілавая кружэлка?”

(Бандарэнка Ліда: ) “Так. Зараз вініл таксама вельмі распаўсюджаны сярод тых, хто займаецца музыкай, і больш электроннай музыкай. Ці людзей, якія спрабуюць зрабіць нейкія музычныя творы, спалучаючы розныя трэкі з такіх вінілаў. Яны проста каштоўныя самі па сабе. Мне падабаецца іх дызайн, файны такі...”

***

Першыя спробы гуказапісу рабіліся яшчэ ў 16 стагодзьдзі з дапамогай мэханічных інструмэнтаў – ад прымітыўных музычных шкатулак да складаных паліфонаў, аркэстрыёнаў, вежавых курантаў.

У 1877 годзе амэрыканскі вынаходнік Эдысон сканструяваў фанограф. Запіс гуку рабіўся тады мэталічнай голкай на валік з воску. А ў 1888 годзе немец Бэрлінэр вынайшаў грамафон – сапраўдны цуд стагодзьдзя, і пачалося новая эпоха – масавай культуры.

А першая ў сьвеце грампласьцінка была вырабленая з цэлюлёіду і зараз захоўваецца ў Нацыянальным музэі ЗША ў Вашынгтоне. У 1897 годзе ёй на зьмену прыйшоў дыск з шэлаку, шпату і сажы. Ён быў вельмі дарагі, бо шэлак – арганічнае рэчыва, што вырабляе лякавы чарвяк. Для вырабу адной кружэлкі павінны папрацаваць ажно 4 тысячы жывых істотаў.

У 1910 годзе быў усталяваны стандарт двухбаковай кружэлкі на 78 абаротаў, напрыканцы 1940-х зьявілася доўгаграючая пласьцінка на 33 абароты ў хвіліну.

І гэта ўжо настаў час вінілавых кружэлак…

Першая кружэлка ў СССР была запісаная ў 1933 годзе прадпрыемствам “Грампласттрэст”.

У 1930-я гады ў Беларусь прыяжджалі маскоўскія перасоўныя брыгады і запісвалі лепшых салістаў. Пасьля запісы вывозіліся ў Маскву, нешта там выдавалася на кружэлках. Да вайны было запісана 35 дыскаў зь беларускімі выканаўцамі. Менавіта там, у Маскве, да сёньня застаецца залаты фонд беларускай музычнай клясыкі – на кружэлках і на васковых грамарыгіналах. У Менск нейкія копіі з Масквы перадаваліся, але не сыстэматычна. Цераз ваенныя нягоды захавалася зусім няшмат. Магчыма, штосьці ёсьць ў прыватных калекцыях: некалькі вельмі рэдкіх кружэлак нядаўна перадаў на радыё ўнук Ларысы Александроўскай. З нататкамі, напісанымі чарніламі на этыкетцы.

***

На пачатку 1950-х у Беларусі было два прамкамбінаты па вытворчасьці кружэлак: імя Сталіна і імя Молатава. І першыя кружэлкі опэрнай сьпявачкі Ларысы Александроўскай, джазмэнаў Эдзі Рознэра, Ежы Бяльзацкага, і нават народныя хоры Шырмы і Цітовіча былі запісаныя менавіта гэтымі арцелямі.

Распавядае заўзяты калекцыянэр грампласьцінак Павал Якубовіч:

(Якубовіч: ) “Я глыбока перакананы, што лепшыя ўзоры музыкі былі створаны ў пэрыяд хрушчоўскай адлігі, калі сталінскі афіцыёз адступіў, і на зьмену гэтаму афіцыёзу, які разбаўляўся разухабістымі народнымі хорамі, прыйшлі вялікая колькасьць цікавых выканаўцаў, музыкаў, кампазытараў. Зьявілася такая ўнутраная цяга да джазу. Было вельмі шмат цікавых джазмэнаў зь незвычайнымі лёсамі. Рэпартыянты з Манчжурыі, з Харбіну – Барыс Райскі, які працаваў у аркестры радыё. Зь ім працаваў Юры Бяльзацкі – дзед публіцысткі Ірыны Халіп і стваральнік самага вядомага шлягера зь фільму “Гадзіньнік спыніўся апоўдзень”. У Менску працаваў Эдзі Рознэр… І ў Менску была вельмі сур’ёзная індустрыя па выпуску грампласьцінак – прамкамбінаты імя Сталіна, імя Молатава”.

Добрыя кружэлкі заўсёды былі дэфіцытным таварам. Імі фарцавалі, спэкулявалі. “Народныя ўмельцы” вельмі хутка зарыентаваліся і пачалі выдаваць так званыя “пласьцінкі на рэбрах”. Цікавую гісторыю распавяла дачка вядомага джазіста Ежы Бяльзацкага Люцына Халіп.

(Халіп: ) “Напачатку 1950-х мы езьдзілі ў Маскву і куплялі ў падваротні пласьцінкі “на касьцях”, самаробныя, на рэнтгенаўскіх здымках. Мы з Волей Картэс, будучай жонкай Сяргея Картэса, купілі пласьцінку, на якой было штосьці вельмі “джазавае” напісана – кшталту “сан луі блюз”. Нам гэта вельмі спадабалася. Прыехалі ў Менск – аказалася, што там запісаны Гімн Савецкага Саюза”.

Пазьней, са зьяўленьнем у Маскве ў 1964 годзе фірмы грамзапісу “Мэлёдыя”, кружэлкі з запісамі лепшых беларускіх выканаўцаў зноў выпускала Масква. А заводы “Мэлёдыі” былі Ў Рызе, Ленінградзе, Ташкенце, Апрэлеўцы.

Міністэрства культуры Беларусі вызначала годных і вартых – як правіла, гэта былі народныя калектывы, якія зацьвярджаў так званы “Рэпэрткам” (штосьці падобнае на Галоўліт). У Менск раз ў два гады прыяжджаў аўтобус з апаратурай, і цягам двух тыдняў пісаліся фанаграмы. А зводзілася ўсё ў Маскве.

Уладзімер Гілеп у тыя часы працаваў інструктарам ЦК КПБ, а потым – намесьнікам міністра культуры.

(Гілеп: ) “Я добра памятаю, што запісвалі нашы вядомыя ў той час народныя калектывы – хор Шырмы, хор Дрынеўскага, аркестар Жыновіча. Тут і вызначацца не прыходзілася”.

(Карэспандэнт: ) А была такая абрэвіятура – нават і не вымавіць – рэпэрткам, які вызначаў каго пісаць”.

(Гілеп: ) “Сапраўды, дай бог вымавіць гэта ўсё… Рэпэрткам, рэпэртуарная камісія. Рэпэртуарная палітыка Міністэрства культуры яна як раз вызначалася працай гэтага рэпэрткаму”.

(Карэспандэнт: ) “А аддзел культуры ЦК партыі, можа Антановіч які – яны мелі да гэтага дачыненьне?”

(Гілеп: ) “Не, толькі Міністэрства культуры. Да рэпэртуару можа і дакранаўся ЦК калі, але толькі не адмысловымі дакумэнтамі. Можа, ЦК і магло ўмяшацца, але на маёй памяці такога і не было”.

А вось “Песьняры” былі ўжо настолькі вядомыя і прызнаныя, што пісаліся наўпрост ў Маскве, на “Мэлёдыі”. Першыя два розных альбомы “Песьняроў” былі запісаныя ў 1971 годзе, а выйшлі з інтэрвалам у 5 гадоў. Наклады песьняроўскіх кружэлак былі сапраўды шалёныя – нават ў параўнаньні з сучаснымі СД. Распавядае Лявон Барткевіч.

(Барткевіч: ) “Былі выдадзеныя 15 мільёнаў дыскаў. 15 мільёнаў…”

(Карэспандэнт: ) “Гэта як зараз залаты, брыльянтавы CD?”

(Барткевіч: ) “15 залатых. Таму што залаты – мільён. А ў нас было 15 мільёнаў. І таму нас запрасілі ў Каны, за мяжу, у Амэрыку. Вельмі шмат было прададзена, ня толькі выдадзена”.

(Карэспандэнт: ) “Вы пісаліся ў Маскве?”

(Барткевіч: ) “Так, на “Мэлёдыі”. Вельмі шмат цікавых гісторый было з гэтым зьвязана”.

За запіс кружэлкі кожнаму ўдзельніку ансамблю выплачвалі сто рублёў. За перавыданьне накладу выканаўцы нічога не атрымоўвалі.

***

У Маскве, на “Мэлёдыі”, пісаліся і яшчэ два папулярныя ў тыя часы беларускія ВІА – “Сябры” і “Верасы”. Але на пачатку 1980-х у Беларусі зьявілася шмат маладых выканаўцаў, рок-гуртоў. Запісваліся яны ў андэграўндных студыях. Радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная” праводзіла тады гіт-парады, дзе нароўні ўдзельнічалі эстрада, рок і нават асобныя прадстаўнікі аўтарскай песьні. І калі слухачы вызначылі амаль два дзесяткі новых зорак, быў выпушчаны двайны альбом “Хіт-параду “Беларускай маладзёжнай”.

Распавядае тагачасны аўтар праграмы “Фан-клюб” Віталь Сямашка.

(Cямашка: ) “Тады мы выйшлі на Беларускі дом грампласьцінак, які зрабіў замову на запіс першых поп– рок калектываў на фірму “Мэлёдыя”. І прыехаў фургон з “Мэлёдыі” – дагэтуль звычайна ён пісаў нейкіх клясычных, акадэмічных выканаўцаў. І вось тут мы, можна сказаць, упёрліся са сваімі “эракезнымі” пысамі ў “мэлядыйны” калашны шэраг, і нам тады ўдалося запісаць першыя двайныя кружэлкі гіт-параду “Беларускай маладзёжнай” з двума дзесяткамі новых выканаўцаў, якія зрабілі фактычна падмурак таго, што мы бачым цяпер”.

“Мроя” і “Бонда”, “Залатая сярэдзіна” і “Мясцовы час”, “Адлюставаньне”, “Зарціпо”, “Рэй”, “Уліс”, “Тутэйшыя хлопцы”, “Доктар Мора”, “Сузор’е” – усе гэтыя рок-гурты ўвайшлі ў двайны альбом, што выйшаў у 1989 годзе на “Мэлёдыі”.

Можна сказаць, што гэтым альбомам гісторыя беларускай вінілавай кружэлкі і заканчваецца. Прыйшлі новыя тэхналёгіі, і сучасныя музыкі пішуцца ўжо на кампакт-дыскі, так званы СD. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Калекцыянэры вінілавых кружэлак – людзі апантанныя. У вядомага беларускага публіцыста, галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” Паўла Якубовіча – больш за чатыры з паловай тысячы вінілавых дыскаў і каля сотні старых радыёпрыймачоў.

(Якубовіч: ) “Для мяне быць сярод гэтых песень – гэта адпачываць душой ад шматлікіх зьяваў, якія часьцяком мне не падабаюцца І я такім чынам сыходжу “ў вежу са слановай косьці”. Мяне акружаюць старадаўнія прадметы, музыка. Я націскаю на клявішу знакамітай радыёлы “Р-7”. Уключаю радыёлу, стаўлю кружэлку Гелены Веліканавай. І мне здаецца, што ў добрым сэнсе час спыніўся. Старая тэхналёгія, яна дае цудоўны гук – чароўная глыбокая акустыка. І так хораша на душы...”

Шкада толькі, што вінілавыя кружэлкі – недаўгавечныя, яны лёгка б’юцца, разбураюцца. Найдрабнейшая драпіна адбіваецца на якасьці гучаньня. І многія цудоўныя запісы знакамітых выканаўцаў ужо страчаныя альбо сур’ёзна пашкоджаныя.

Але зусім нядаўна фізыкі з Нацыянальнай лябараторыі Лорэнса Бэрклі (Каліфорнія) вынайшлі арыгінальны спосаб захаваньня ў лічбавым фармаце старых гуказапісаў. Для пераводу у лічбавы фармат выкарыстоўваюцца сьветаадчувальныя элемэнты, адфільтроўваюцца шумы, шчаўчкі, патрэскваньні. І цяпер можна будзе аднавіць нават кружэлкі нават зь вельмі сур’ёзнымі мэханічнымі пашкоджаньнямі, сьцвярджаюць амэрыканскія навукоўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG