Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень галадоўкі. Мэдыкі лічаць, што галадоўка дэпутатаў у Менску пераходзіць у небясьпечную стадыю


Алесь Дашчынскі, Менск Да дэпутатаў Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца выклікалі “хуткую дапамогу” ў сувязі з пагаршэньнем іхнага самаадчуваньня. Генэралу Фралову зрабілі кардыяграму. Лекар з Рэспубліканскай бальніцы кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Павел Каралевіч падвёў вынікі.

(Каралевіч: ) “Кардыяграма такая ж, як 11 чэрвеня. Боляў цяпер няма, ціск добры, і самаадчуваньне здавальняючае. Нейкіх дадзеных для тэрміновай шпіталізацыі няма, але ўлічваючы тое, што ён перанёс інфаркт, не перашкодзіла б падлячыцца”.

Лекары бальніцы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта адмовіліся рабіць кардыяграму Сяргею Скрабцу, бо для гэтага патрэбна было яшчэ раз выклікаць “хуткую дапамогу”. Якое ж самаадчуваньне Сяргея Скрабца? Гэтае пытаньне да лекара Паўла Каралевіча:

(Каралевіч: ) “Паглядзеў Скрабца, ніякіх адхіленьняў ад нормы я не знайшоў”.

Фралоў сьцьвярджае, што ў стацыянар ня пойдзе, бо ёсьць непрыемны досьвед лячэньня там некаторых асобаў. Дэпутат мяркуе пасьля заканчэньня галадоўкі адпачыць цягам тыдня, бо летась ён увогуле адпачываў толькі чатыры дні. Пакуль генэрал мае намер працягваць палітычную галадоўку.

Маё пытаньне да дэпутата Ўладзімера Парфяновіча, які хварэе на язву страўніка: ці ёсьць яшчэ сілы працягваць галадоўку?

(Парфяновіч: ) “Наконт сілаў гаварыць ня будзем, сёньня пайшоў у кіёск купляць газэты, нешта стала мышцы зводзіць, цяжкавата трохі. А так усё астатняе ў норме”.

Уладзімер Колас ачольвае камісію ў справе нагляду за хадой галадоўкі, якая сочыць за станам здароўя ўдзельнікаў акцыі. Паводле яго, рабіць гэта ня так проста:

(Колас: ) “Баяцца выконваць клятву Гіпакрата шмат якія прадстаўнікі гэтай прафэсіі, элемэнтарна, кажуць: нас звольняць з працы, калі мы будзем рабіць аналізы, кардыяграмы і гэтак далей. Тым ня менш, гэта ўдаецца, часам і за грошы. Адзін біяхімічны аналіз крыві каштуе 40 тысяч, памножце на дзевяць, якія галадаюць. Агульны аналіз крыві каштуе пяць тысяч.Таму ўсё гэта патрабуе аплаты, мы шукаем сродкі, знаходзім і выходзім з гэтай сытуацыі”.

Пакуль сабралі сродкі толькі на тое, каб зрабіць аналізы галадоўнікаў Марыны Багдановіч і Валерыя Фралова. Дэпутаты знаходзяцца на ўліку ў лечкамісіі й маюць права выклікаць адтуль лекараў. Складаней з выклікам лекараў да іншых галадоўнікаў. На грамадзкіх асновах галадоўнікаў штодня аглядае лекар Дзьмітры Міхнюк. Паводле яго, пра стан здароўя можна будзе нешта казаць пасьля таго, як будуць гатовыя аналізы.

Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “Усе галадоўнікі знаходзяцца ў цяжкім стане, у вельмі небясьпечным стане, бо такая фаза галадоўкі надышла, калі можна ўсяго чакаць у любы момант”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG