Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Місевіч


Радыё Свабода Клопаты, думкі і настроі перадкаляднага тыдня падае ў сваіх асабістых нататках малады ксёндз Віктар Місевіч, які служыць у каталіцкіх парафіях старажытных мястэчкаў Ветрына і Фарынава на Полаччыне.

17 сьнежня, нядзеля

Сёньня вярнуўся з двухдзённых рэкалекцый у Падсьвільлі, гэта недалёка ад Глыбокага, ад Ветрына будзе кілямэтраў 50. Уражаньні добрыя. Было шмат людзей у каплічцы, амаль усе прыступілі да сакрамэнту споведзі. Толькі, вядома ж, гэта былі адны з самых актыўных католікаў. Рэшта сядзела дома на печы, баючыся альбо саромеючыся прыйсьці ў касьцёл.

Тэматыка рэкалекцый была прысьвечаная праблеме алькагалізму у беларускім грамадзтве. Калі з гэтым нічога не рабіць, беларусы прап’юць нацыю. Кожная другая сям’я ў Беларусі так ці інакш перажывае праблему алькагольнай залежнасьці. Ведаю гэта таму, што людзі на споведзі расказваюць ня толькі грахі, але і выліваюць увесь свой жаль і боль. Столькі ў гэтым усім сьлёз і гора! У кагосьці п’е сын, у кагосьці – муж і бацька. І яшчэ горш, калі без бутэлькі ня можа пражыць маці. Тады гэта ўжо катастрофа. Як з гэтым змагацца? Дзяржава тут бясьсільная і пасыўная, бо зарабляе на алькаголі шалёныя грошы.

На рэкалекцыях па папярэдняй дамоўленасьці з тамтэйшым пробашчам кс. Андрэем Куліком я аб’явіў аб стварэньні парафіяльнай кнігі цьвярозасьці. Туды ўжо пачалі запісвацца людзі. Прынцып просты. Хтосьці перад Богам абяцае, што ня будзе піць ніякага алькаголю на працягу любога абранага тэрміну і гэты пост ахвяруе за асобу, якая гэтага алькаголю ўжывае замнога, бязь меры. Тут трэба дзейнічаць літаральна, як вучыў Езус: “Некаторыя злыя духі выганяюцца толькі малітвай і постам”.

18 сьнежня, панядзелак

Абураны моцна выказваньнямі спадара Рубінава адносна неабходнай прынцыповай атэізацыі Беларусі. На форуме “Нашай Нівы” некаторыя выказваліся, падтрымліваючы і абараняючы галоўнага ідэоляга краіны. Пісалася, быццам гэта толькі ягонае прыватнае меркаваньне. Якое прыватнае? Чалавек з такім становішчам выказваецца на старонках буйной беларускай газэты (СБ). Тут трэба казаць пра пачатак (калі не працяг) атэізацыі. Інакш, як растлумачыць той факт, што ў маім Фарынаве ў бібліятэцы пасьля візыту спадароў ідэолягаў ужо не выстаўляюцца рэлігійныя выданьні? Там знаходзілася месца для каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх кніг і часопісаў. Усім было добра. Пакуль не зьявіліся ідэолягі. Будучы па справах у райвыканкаме, зайшоў у кабінэт да іх паразмаўляць. Тры гадзіны размовы – усё марна. Як можна пераконваць чалавека, які сам паказвае табе выпіску з афіцыйнага дакумэнту, дзе гаворыцца пра тое, што толькі адміністрацыя бібліятэкі вырашае, якія кнігі выстаўляць на стэнд, і адначасова сьцьвярджае, што ідэалёгія вышэй за ўсе дакумэнты?

19 сьнежня, аўторак

Езьдзіў на рынак па цукеркі для дзяцей. На Каляды ўсе дзеці, прысутныя на начной імшы, атрымліваюць салодкія падарункі. Нават тыя, хто ў касьцёл прыходзіць раз на год.

Як запрасіць дзяцей на сустрэчу з Госпадам? Фарынава — гэта ня Ліда і не Паставы, дзе моцныя каталіцкія традыцыі. Тут 3000 жыхароў, а што нядзелю моліцца ў храмах толькі 60 чалавек: па дваццаць у пратэстантаў (баптысты), праваслаўных і ў нас, католікаў. Цалкам з’атэізаванае грамадзтва. У школу мяне не пускаюць, у прытулак таксама. Выхавацелі ня супраць, але баяцца згубіць працу з-за непаслухмянасьці дзяржаўным ідэолягам. Хіба каталіцкі сьвятар – варожы элемэнт для грамадзтва? Ён што, навучыць дзяцей нечаму благому? Як жа баяцца спадары вэртыкальшчыкі, каб хаця не пусьціць Касьцёл у адукацыю! Ва ўсім сьвеце адукацыя ў каталіцкіх школах і ўнівэрсытэтах прызнаецца найлепшай, а ў Беларусі думаюць інакш. Нават не паспрабаваўшы зь ёй пазнаёміцца.

20 сьнежня, серада

Сёньня атрымаў раптоўнае запрашэньне на жывы эфір па тэлебачаньні “Скіф”, што ў Полацку. Ня ўсё так дрэнна ў гэтым сьвеце, калі Божым Нараджэньнем цікавяцца ў СМІ і запрашаюць на размову таго, хто можа пра гэта больш зьмястоўна расказаць. Наогул, Касьцёл у Беларусі паволі, але ідзе наперад, што тычыцца выкарыстоўваньня СМІ ў эвангелізацыі. Узровень часопісаў “Ave Maria”, “Дыялог”, “Наша вера” расьце. Асабіста мне больш даспадобы беларускамоўныя “Ave Maria” і “Наша вера”, хоць у апошнім больш пераважаюць літаратуразнаўчыя артыкулы. Але гэта, канечне ж, віна нашага брата, сьвятароў, што тэалёгіі там ня многа.

21 сьнежня, чацьвер

Адбыўся жывы эфір на “Скіфе”. “Што можна пажадаць гледачам?”, —спыталася ў мяне спадарыня вядоўца. Вядома ж, здароўя, міру ў сем’ях, духоўнага супакою. І веры. Такой, якая не замыкаецца ў сабе. Нашто ствараць свой маленькі сьвет веры? Я веру ў Бога, але ў касьцёл не пайду. Бог недзе там ёсьць, а рэшта мяне не хвалюе. Такія адказы даволі частыя сярод людзей. Нашто абмяжоўвацца толькі сабой? Хрыстус кліча нас да супольнасьці вернікаў, да Касьцёла. Там такія скарбы ў сакрамэнтах! Столькі ласкаў для нас падрыхтавана! Чалавек, які не карыстаецца імі, такі бедны ў сваёй веры! А наперадзе нас чакае сам Бог і сваю вечнасьць прапануе ўжо сёньня.

22 сьнежня, пятніца

У пятніцу католікі посьцяць. Устрымліваюцца ад мяса. Сам Адвэнт у сьціслым сэнсе не зьяўляецца постам, пэрыядам пакаяньня. Гэта час радаснага чаканьня Езуса. Мы чакаем Яго нараджэньня на Каляды і чакаем прыходу напрыканцы часоў, калі будзе новае неба і новая зямля. Але рыхтуючыся, мы робім нейкія пастановы. Ад нечага добраахвотна адракаемся, каб зрабіць падарунак Езусу і ўзмацніць сваю волю. Адвэнт, перажыты ў выпрабаваньнях, дазваляе больш радасна перажыць Божае Нараджэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG