Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрапіць ў турму Канстанцін Часнавіцкі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі агалосяць прысуд былому генэральнаму дырэктару аб’яднаньня “Нафтан” Канстанціну Часнавіцкаму і двум ягоным намесьнікам, якія, паводле сьледзтва, скралі болей за 3,5 мільёна даляраў. Гісторыя Беларусі апошніх гадоў, аднак, ведае прыклады, калі вялікія начальнікі пасьля падобных злачынстваў пазьбеглі турмы.

Паводле генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча, крадзеж Канстанцін Часнавіцкі ужо фактычна прызнаў, вярнуўшы ў казну 1мільён 250 тысяч даляраў. Былога гендырэктара “Нафтану” могуць пасадзіць за краты. Варыянт другі – памілуюць, як экс-кіраўніцу справамі прэзыдэнта Галіну Жураўкову. І трэці – абмяжуюцца ўмоўным пакараньнем, як было з экс-начальнікам Беларускай чыгункі Віктарам Рахманько.

Аглядальнік Сяргей Сацук перакананы, што памілаваньня, як спадарыні Жураўковай, Канстанцін Часнавіцкі не дачакаецца.

(Сацук: ) “Асабіста я мяркую, што абавязкова пакараюць турмой, прычым на шмат гадоў. Жураўкова як кіраўніца справамі фактычна абкрала свайго боса, і прэзыдэнт палічыў, што можа за гэта і памілаваць. Але тут скрадзеныя грошы народныя, і прэзыдэнт, відаць, лічыць, што дараваць гэта ня мае права”.

Паводле зьвестак Сяргея Сацука, Канстанцін Часнавіцкі і ягоныя падначаленыя Бандарчук і Мартынаў дзейнічалі па звычайнай для экспартэраў схеме: заключалі зь нядобрасумленнымі заходнімі партнэрамі дамовы на пастаўкі нафтапрадуктаў па заніжаных коштах, а розьніцу ў параўнаньні з рэальнымі лічбамі дзялілі. Гэтак былыя кіраўнікі “Нафтану” нібыта накралі 3,5 мільёна даляраў.

Дарэчы, справа кіраўнікоў “Нафтану” адна з самых даўгіх – яна расьсьледавалася болей за год. Цікава адзначыць і тое, што амаль год Канстанцін Часнавіцкі знаходзіўся ў сьледчым ізалятары КДБ, а нядаўна яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт.

Прычым ён адбывае хатні арышт ў Менску, хаця прапісаны ў Наваполацку. Паводле некаторых зьвестак, спадар Часнавіцкі ў прыватных размовах не выключаў нядрэнны для сябе канец справы. Назіральнікі прызнаюць, што юрыдычная база для пэўнага аптымізму сапраўды ёсьць. Гэта вядомы 426-ы указ прэзыдэнта, які дазваляе памілаваць тых, хто кампэнсаваў страты. Прыкмету таго, што справа можа атрымаць нечаканае завяршэньне, назіральнікі бачаць і ў закрытасьці працэсу. Адзначаюць, што раней не было зьвестак пра наяўнасьць ў справе “Нафтану дзяржаўных сакрэтаў ці абставінаў асабістага складу.

Між тым учора, 2 кастрычніка, генэральны пракурор Пётр Міклашэвіч зноў згадваў справу кіраўнікоў “Нафтану” як прыклад пасьпяховай і бязьлітаснай барацьбы з карупцыяй. Паводле пракурора, гэтая барацьба ня будзе паслабленая.

Аднак ў шчырасць такіх заяваў ня верыць былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла. Ён ня лічыць справу Часнавіцкага вынікам барацьбы з карупцыяй ў Беларусі. “Чагосьці не падзялілі”, -- мяркуе Гары Паганяйла і нагадвае, што ўсіх высокапастаўленых чыноўнікаў ды дырэктараў вялікіх прадпрыемстваў прызначаў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

(Паганяйла: ) “ Збольшага закон мусіць быць роўным да ўсіх. Неразьбярыху з ўжываньнем пакараньня ўносіць сам кіраўнік дзяржавы, які сваімі загадамі можа аднаго памілаваць, а другога пакараць”.

За крадзеж ў вялікіх памерах праз службовыя злоўжываньні Канстанціну Часнавіцкаму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Прысуд былому дырэктару “Нафтана” агалосіць судзьдзя Віктар Ракіцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG