Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая адметнасьць сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі ў Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза “Свабоды”. (Эфір 9 жніўня). Удзельнікі: кандыдат філязофскіх навук, спэцыяліст у галіне тэорыі ідэалёгіі Ўладзімер Падгол і вядомы пісьменьнік Алесь Петрашкевіч, які ў свой час непасрэдна займаўся ідэалёгіяй у апараце ЦК КПБ.

(Уладзімер Глод: ) "Час ад часу дзяржаўныя чыноўнікі спрабуюць прэзэнтаваць грамадзтву ідэалёгію беларускай дзяржавы. Справа гэта цяжкая. Ня так даўно прафэсар Алег Слука (тады – памочнік прэзыдэнта) займаўся выключна распрацоўкай дзяржаўнай ідэалёгіі. Але сур’ёзнага плёну ягоныя высілкі не далі. Пасьля шмат хто спрабаваў стварыць падручнікі па ідэалёгіі. І яны выдаваліся, па іх вучацца. Але праца над дзяржаўнай ідэалёгіяй не спынялася й не спыняецца.

Апошні значны выступ на гэтую тэму –вялікі артыкул першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі акадэміка Анатоля Рубінава. Ці не падаецца вам, спадары экспэрты, што праца афіцыйных ідэолягаў падобна да закочваньня сызыфава каменя на вяршыню гары: цягнеш-цягнеш яго наверх, а ён зьлятае й зьлятае долу?"

(Падгол: ) “Акадэмік Рубінаў, які надрукаваў свой артыкул “Ёще раз об идеологии” ў газэце “Советская Белоруссия”, раскрывае сакрэт праблем дзяржаўнай ідэалёгіі. Я працытую два ягоных невялічкіх выказваньні: "Па сутнасьці справы, ідэалёгія нашай дзяржавы самым падрабязным чынам выкладзена ў дакладзе на трэцім Усебеларускім народным сходзе. Там ёсьць усё – і абгрунтаваньне нашага шляху разьвіцьця, і нашы прыярытэты, і нашы каштоўнасьці, і дасягнутыя вынікі, найбольш вострыя праблемы й пляны на будучыню. Шчырая дзяржаўная ўлада, моцная сацыяльная палітыка й апора на народ – вось аснова нашай дзяржаўнай ідэалёгіі".

Такім чынам, Рубінаў цьвердзіць: маўляў, што тут разважаць, калі ў дакладзе прэзыдэнта ўсё ёсьць… І яшчэ адна, папросту ўнікальная, цытата, што паказвае сутнасьць нашай ідэалёгіі: "Будзем шчырымі й прызнаем: пакуль улада й прэзыдэнт прыкладаюць намаганьні, каб змусіць нас выбрацца з бруду й бескультур’я, цывілізавана абсталяваць наш побыт: гарады й пасёлкі, пад’езды, двары й дарогі. Будзем спадзявацца, што хутка справа дойдзе да лясоў, якія акаляюць нашы гарады й якія, са стараньняў дачнікаў і адпачывальнікаў, загаджаны да немажлівасьці”. Выходзіць, што каб не прэзыдэнт, дык мы ў брудзе з вамі корпаліся б. Усё. Тут можна без камэнтароў – і пойдзем далей”.

(Глод: ) “Перад тым, як ісьці далей, я хачу зьвярнуцца да спадара Петрашкевіча. Любая адметная справа мае свае гістарычныя карані. Чытаючы гэты артыкул, я зьвярнуў увагу: не праглядаецца, няма гістарычнага падмурку. Якое ваша ўражаньне, спадар Алесь – як спэцыяліста і ў гісторыі, і ў ідэалёгіі? Можа, я памыляюся?"

(Петрашкевіч: ) “Першы раз я спатыкнуўся, чытаючы памянёны артыкул, як дайшоў да такіх слоў:“Рэспубліка Беларусь – як самастойная дзяржава – толькі-толькі нарадзілася на сьвет і робіць першыя крокі ў сваёй гісторыі”. На гэтае адкрыцьцё можна было б ня зважаць, каб не прыкрае адчуваньне, што акадэмік таксама толькі-толькі нарадзіўся, і не разумее, што збудаваць дзяржаву без гістарычнага падмурку немагчыма – хоць з прыдуманай ідэалёгіяй, хоць безь яе. Беларуская дзяржаўнасьць, якую адмаўляе аўтар артыкулу, мела месца ужо ў 10–12 стагодзьдзях, у Полацкім княстве – Полацкай дзяржаве. А ў 13–15 стагодзьдзях этнаграфічная Беларусь паўстала як цэнтар магутнай фэадальнай эўрапейскай дзяржавы. Дарэчы, яна была вольнай і не падпадала ні пад Масковію, ні пад Польшчу.

Шаноўнаму аўтару найперш трэбы было б парупіцца – як асобе дзяржаўнай – і зьвярнуцца да каранёў, да гістарычных вытокаў і памяці, зафіксаваных у дакумэнтах, а не прыдумляць новую ідэалёгію для новай дзяржавы. Гэтыя ж факты неаспрэчныя, ад іх нікуды не падзенесься. Гістарычная памяць якраз зафіксавала адвечную ідэалёгію ліцьвіна-беларуса, як нас маскавіты называлі.

У аснове нашай ідэалёгіі было й застаецца памкненьне да вольнасьці й незалежнасьці Бацькаўшчыны. Хіба ж трэба гэта адкідаць, хіба можна ня ўлічваць, выпрацоўваючы так званую ідэалёгію? Ідэалёгіі, можа, насамрэч ніхто й не выпрацоўвае. Але ж нельга назваць ідэалёгіяй і тое добрае, што зроблена адпаведна з прэзыдэнцкім указам. Зробім – выходзіць – а тады падвядзём гэта пад ідэалёгію. Хіба ж гэта ідэалёгія? Гэта спроба жыць, працаваць, нешта рабіць з дапамогай знакамітага "тыку" – атрымаецца ці не?.."

(Глод: ) “Давайце пяройдзем ад гісторыі да сучаснасьці. Спадар Уладзімер, я зьвяртаюся да Вас як спэцыяліста ў галіне сучаснай ідэалёгіі. Што можна вылучыць – як самае галоўнае – з артыкулу спадара Рубінава?"

(Падгол: ) “Уся сутнасьць, выкладзеная спадаром Рубінавым, унікальная. Такога яшчэ не было ў ідэалёгіі. Гэта – апалягетыка таталітарызму, апалягетыка культу асобы. Зноў цытую: "І ў адным, і ў другім выпадках вырашальную ролю адыгрывае асоба лідэра, ягоныя энэргія, воля, інтэлект, інтуіцыя, здольнасьць бачыць пэрспэктыву, здольнасьць аб’яднаць і накіраваць грамадзтва на вырашэньне самых галоўных, жыцьцёва-важных задач. І ўвогуле ўсё невыпадкова. Калі хочаце, гэта – вынік спрацоўкі інстынкту самазахаваньня грамадзтва, адлюстраваньня ягонага памкненьня да выжываньня ў крытычны пэрыяд сваёй гісторыі”. Гімн культу асобы!

(Петрашкевіч: ) “Прыйшоў на памяць стары анэкдот: у Расеі, як канвэрсія ні праходзіць, – усё роўна атрымліваецца аўтамат Калашнікава. За якую ідэалёгію ў нас ні прымаюцца, як яе ні прыдумляюць, – атрымоўваецца бальшавізм. Абсалютны! Вось тое, што вы, спадар Падгол, працытавалі, і ёсьць бальшавізмам – чыстай вады”.

(Глод: ) “Спадар Петрашкевіч, параўнайце, калі ласка, – са свайго досьведу – бальшавізм сучасны, гэты новабальшавізм Лукашэнкі, і той бальшавізм, што быў падчас вашай працы загадчыкам аддзелу культуры ў апараце ЦК КПБ?”

(Петрашкевіч: ) “Я скажу так: цяпер ён такі, які быў у 30-я гады, перад пачаткам масавых рэпрэсій. Да таго падобны. А бальшавізм часоў, калі ідэалёгіяй у Беларусі кіравалі Кузьмін і Пячэньнікаў, – гэта ўжо бальшавізм, сфармаваны пасьля крытыкі культу асобы. Калі вязьні ГУЛАГаў вярнуліся дамоў. Гэта ўжо быў – я сказаў бы – мяккі бальшавізм. Мяккі. Такі бальшавізм, зь якім можна было й да людзей выходзіць. Ён прыхоўваўся абяцаньнямі камунізму.

Той жа Хрушчоў абяцаў нам камунізм з прыступак БДУ: калі беларусы першымі ад сваёй мовы адракуцца, дык і ў камунізме будзем першымі. Вось камунізму мы яшчэ не дачакаліся, а мовы ўжо няма, ёю ўжо не карыстаюцца. Таму давядзецца пісаць “ещё и ещё раз об идеологии”. Гэта бясконцая тэма. А наагул ідэалёгія ў беларуса сфармулявана падчас трох паўстаньняў – 1831 году, 1863 гадоў, і раней, у 1794, калі выступіў Касьцюшка-Ясінскі. Там ідэалёгія была сфармулявана”.

(Глод: ) “Нагадайце нашым слухачам...”

(Петрашкевіч: ) “Там і лёзунг нарадзіўся – “Жыве Беларусь!”, а ў польска-беларускім варыянце “За нашу й вашу свабоду!” Ён жа не састарэў і да сёньня. А наагул наша ідэалёгія – наша нацыянальная ідэя. І яна апаноўвае й жывіць інтэлект нашай эліты”.

(Падгол: ) “Спадар Рубінаў заканчвае свой артыкул традыцыйным лёзунгам замбіраваньня часоў прэзыдэнцкіх выбараў: “За моцную і квітнеючую Беларусь!” Ён піша, што гэта добры й ёмкі лёзунг, у ім ўсё сказана й зь ім нам ісьці наперад. Што да лёзунгаў: ці відочная адрознасьць?”

(Петрашкевіч: ) “Ідэалёгія ў тым, што было сфармулявана паўстаньнямі, Янкам Купалам і дзеячамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў трох знакамітых актах. Там жа ўсё распрацавана. Мы, беларусы, век хацелі волі – волі ад палякаў, волі ад Расейскай імпэрыі. На гэтым стаяў і Янка Купала. І калі наш паважаны аўтар зьвяртаецца да Купалы й адзначае, што Купала апеў гэтую беларускую жальбу, нашу беднасьць, наша няшчасьце, нашу забітасьць, дык трэба ж задаць пытаньне (хоць самому сабе): “А хто ж давёў беларуса да такога забітага становішча, што клясык нашай літаратуры ўсё жыцьцё пакутаваў з гэтага гора – разам зь людзьмі сваёй зямлі?!” Ну, ня будзем апяваць гора. Але гэта не азначае, што трэба забыцца пра даўніну”.

(Падгол: ) “У гэтым артыкуле Рубінаў, па сутнасьці, апраўдвае ідэалёгію аўтарытарызму й таталітарызму. Невыпадкова ён забывае гісторыю й ня згадвае, што Беларусь была Радзімай першага Статуту – першай эўрапейскай канстытуцыі”.

(Петрашкевіч: ) “Гісторыя ў Рубінава ня ўвязваецца ў зададзеную пазыцыю. Я разумею аўтара: ня лезе гісторыя ў ягоны артыкул. Таму што ён не для таго зусім пісаўся”.

(Падгол: ) “Выступаючы перад дыпляматамі, Лукашэнка ўжыў вядомы выраз – “головокружение от успехов”. У артыкуле Рубінава якраз і пакладзена традыцыя адкрытага, непрыхаванага ўхваленьня лідэра дзяржавы. І гэта ўзводзіцца ў ранг ідэалёгіі. Таму, на мой погляд, будзе яшчэ шмат артыкулаў з ухвалай тае ці іншае якасьці прэзыдэнта, самой асобы яго й спосабу кіраваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG