Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота)</B>


Радыё Свабода 29-гадовага лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца амаль год чакаюць у Віцебску бацькі й дзьве сястры.

У жніўні мае споўніцца год, як лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец адбывае пакараньне на “хіміі”. Абмежаваньнем волі яго пакаралі за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер Павал жыве ў спэцыяльным інтэрнаце ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну й працуе на лесапавале.

А дома, у Віцебску, засталіся ягоныя бацькі Тацяна й Кастусь Севярынцы: старэйшая й малодшая Паўлавы сёстры ўжо маюць уласныя сем’і й жывуць асобна. А Тацяна й Кастусь сумуюць па дзецях у вялікай чатырохпакаёвай кватэры.

(Кастусь Севярынец: ) “Сумна, цяпер сумна. Бо нас дзеці зьядноўвалі, іх цяпер нам бракуе... Дар’я выкладае ў тэхналягічным унівэрсітэце тут, у Віцебску. А Ганна працуе ў Менску. Ну, дачуркі ўжо ж сталыя жанчыны! Як і Павал, дарэчы, — вялікі ўжо хлопчык! Ён спачатку працаваў штабэлёўшчыкам, потым — сучкарубам, а цяпер робіць стропальшчыкам — крукамі чапляе бярвеньне, зьвязанае ў пукі. Ну, праходзьце, пойдзем пасядзім, пагаворым яшчэ!”

На кухні нас сустракае гаспадыня, спадарыня Тацяна. Пакуль гатуецца вада ў чайніку, на стале зьяўляецца хатняе печыва — духмянае і ўжо з выгляду неверагодна смачнае.

(Тацяна Севярынец: ) “Гэта ўлюбёнае Пашава печыва. Пачак маргарыну таркуеш, бярэш тры-чатыры яйкі, з цукрам узьбіваеш, ванілінчыку дадаеш, крыху солі. І мукі, каб густа было. А асобна гатуеш салодкі тваражок, таксама зь яйкам узьбітым. І тады я раблю такія сочні — цеста раскатваю, на кавалачкі рэжу, а тады тваражку туды — ляп! Закрываеш, і атрымліваюцца такія “роцікі”. А потым паўгадзіны ў духоўцы — і ўсё. Калі Паша прыяжджае — для мяне сьвята. Я бачу, як ён есьць, што ён дома — і ў мяне зусім іншы настрой!”

У красавіку Паўлу далі адпачынак, і ён прыяжджаў да бацькоў. Адпачынак быў вельмі кароткі. Маці Паўла працягвае:

(Тацяна Севярынец: ) “І калі яго ў красавіку з адпачынку сарвалі — адпусьцілі на чатыры дні, а празь дзень назад сарвалі, у мяне амаль гістэрыка была. Усё, цёмна ў вачах, і я зразумела, што бяз Пашы мне няма жыцьця, пустое яно! Дзяўчаты мае гэта ведаюць, яны трохі раўнуюць, але ж яны ўсё разумеюць! Яны ж самі ўжо маці! Ён такі ў мяне быў пузаценькі, мацачок такі, і быў ільняны, валасы віліся! А потым думаю сабе: ужо ж 30 гадоў амаль хлопцу, ён ужо самастойны. Усё дакарае: “Ну, мама, мама!” — абсякае мяне. А мне ж хочацца, каб і спаць лёг у чыстае, і апрануўся добра, і паеў смачна”.

Ну кухні вісяць фатаздымкі ўсіх Севярынцаў, у тым ліку і пяцігадовага Пашы — сапраўды бялявага хлопчыка, такога не падобнага да цяперашняга ўзмужнелага Паўла. І яшчэ ў кватэры можна ўбачыць шмат акварэльных краявідаў, намаляваных ім падчас навучаньня ў мастацкай школе. А ў Паўлавым пакоі захоўваецца ягоная геалягічная калекцыя, побач у шафе ляжаць дыплёмы пра ўдзел у школьных прадметных алімпіядах, а таксама залатыя мэдалі: спадарыня Тацяна, настаўніца расейскай мовы, з гонарам гаворыць, што ўсе трое дзяцей скончылі школу на “выдатна”.

У бацькавым пакоі стаіць расчыненая друкарка: ён працуе карэспандэнтам “Дэтэктыўнай газэты”. Але гэта, як кажа спадар Кастусь, праца за грошы. А для душы ён цяпер перакладае сынавы творы, і цяпер на ягоным стале ляжыць раскрытая кніга.

(Кастусь Севярынец: ) “Гэтая кніжка выйшла, калі Паша ўжо сядзеў, — “Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі”. Яна называецца неяк дужа па-казённаму, як на мой густ, але яна настолькі паэтычная! Ну вось адкрыў разьдзел, прачытаў радкі, і яны мне спадабаліся.

У рыфму жыць і ўзьнёсласьці рабіць — Паказьнік гэтай нацыі найпершы. Таму паэтам можаш ты ня быць, Але як беларус — ты пішаш вершы. Пакуль мы маем веру — вершу жыць, І нашае натхненьне не астыне, Бо ў Беларусі верш пачнеш тварыць — Найвышні завяршае ў вышынях”.

А бацькаў варыянт атрымаўся такі:

Добро творить и с этим в рифму жить — Умение песни петь дано нам свыше. Поэтом, друг мой, можешь ты не быть, Но раз ты беларус — стихи ты пишешь. Пока есть вера в нас — стихам звучать, И вдохновенью — править вольным краем, Ведь в Беларуси стих начнёшь слагать — На набесах Всевышний продолжает.

(Кастусь Севярынец: ) “Калі я перакладаю, то бачу і добрую літаратурную працу, і такі добры літаратурны густ. Але я проста чуў водгукі тых, хто паглядзеў ды кажа: “Добра было б перакласьці на расейскую мову, каб больш людзей пазнаёмілася з тым, што ёсьць беларусы, хто такія беларусы, як яны пачуваюцца”.

Аказваецца, першы свой літаратурны досьвед Павал атрымаў менавіта ў сям’і: усе дзеці разам выпускалі хатнюю газэту “Пятачок”. Усе нумары газэты спадарыня Тацяна таксама захавала на памяць, як і самаробныя паштоўкі да 8 сакавіка, якія даўней рабіў для яе сын. Усё гэта бацькі гатовыя паказаць кожнаму, хто імкнецца падтрымаць Паўла. А такіх людзей, як кажа спадар Кастусь, аказалася нечакана шмат.

(Кастусь Севярынец: ) “Прыяжджаюць хлопцы і да Паўла, і з Паўлам... І калі на “Свабодзе” можна перадаць прывітаньне, як у Якубовіча, то я хачу перадаць прывітаньне Роберту Багараду, які жыве побач з маім сынам. Гэта два чалавекі, якім трэба было сустрэцца! Я яго ніколі ня бачыў, але адсюль, з восьмага паверху, зь Віцебску, я абдымаю яго ў Малым Сітне! Ён слухае Радыё Свабода з самага першага выпуску! А што да гэтага рэпартажу “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”, то я думаў пра гэта — як сустрэнемся, пра што будзем гаварыць... Гэта ня Павал палітвязень, а тыя, што цяпер ходзяць навокал! Таму што яны ня ведаюць таго, што ведае ён! Ну, што яшчэ пра сына сказаць? Думаю, ён на мяне не пакрыўдзіцца, што я хачу для яго звычайнага сямейнага шчасьця —– хачу, каб у мяне тут малы Севярынец бегаў! Дарэчы, я ўжо і калыханку напісаў...”

Маці, спадарыня Тацяна, так далёка яшчэ не заглядае — і марыць хіба пра тое, як будзе сустракаць сына па вызваленьні.

(Тацяна Севярынец: ) “Тое, што я палячу туда на крылах, дык гэта вядома! Нагатую ўсяго тут і павязу з сабой: мне падаецца, што прыйдуць людзі з Малога Сітна праводзіць яго. Можа, нават болей, чым прыйшлі, калі ён ад’яжджаў! Яны там крыху абудзіліся, я гэта адчуваю! Была тут неяк на жаночым сэмінары, дык падняліся дзьве дзяўчынкі. Пытаюцца, адкуль яны, і адна кажа: “Я з Малога Сітна. І я ведаю самога Паўла Севярынца!” — і з такім захапленьнем кажа, проста “ах!” Мне было вельмі прыемна! І я думаю, што ён там хаця б крыху навучыў людзей, што значыць “людзьмі звацца”.



Маці Паўла Севярынца Тацяна



Кастусь Севярынец з кнігай сына



Павал Севярынец у дзяцінстве



Бацькі Паўла праглядаюць старыя хатнія газэты “Пятачок”



Кастусь Севярынец глядзіць на акварэлі сына

Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG