Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": чаму вучаць у музычных школах Менску


Юлія Шарова, Менск У Беларусі на сёньня працуюць 244 дзіцячыя музычныя школы – гэта больш за палову ад агульнай колькасьці школаў мастацтваў па ўсёй краіне. Якія дзеці цяпер вучацца ў гэтых школах і ці застаецца музычная адукацыя прэстыжнай? Тэму дасьледавала наша карэспандэнтка.

У калідорах Ліцэю кансэрваторыі (афіцыйна ён завецца навучальным комплексам “гімназія-каледж” пры Акадэміі музыкі) амаль увесь час стаіць какафонія – трубы й цымбалы, скрыпкі й габоі. Гэта вучні разыгрываюцца перад заняткамі, проста каля сталоўкі, ім гэты шум даўно не замінае.

Кожны тыдзень – чатыры гадзіны спэцыяльнасьці, дзьве гадзіны сальфэджа, дзьве гадзіны музлітаратуры, хор ды яшчэ агульнаадукацыйныя прадметы ў поўным аб’ёме сярэдняй школы, – апавядае пра сваё ліцэйскае быцьцё вучаніца сёмай клясы, піяністка Каця Ясевіч.

(Каця: ) “Спэцыяльнасьцю займаюся гадзіну на ўроку. І дома – паўтары-дзьве. Часам у некаторых ёсьць дома бацькі-музыканты, вось яны іх прымушаюць па дзесяць гадзінаў сядзець. А так намесьнік кіраўніка фартэпіяннага аддзяленьня патрабуе ад нас чатырох гадзінаў, ня меней”.

Ліцэйскія дзеці – прафэсійна арыентаваныя. Гэта значыць, яны рыхтуюцца да музычнай кар’еры. Сюды прыводзяць нават пяцігадовых малых. Прабіцца ў ліцэй няпроста: тут вучыліся амаль усе вядомыя беларускія музыканты. Кажа выкладчык фартэпіяна Алена Лузан.

(Лузан: ) “У нас вельмі цяжкія нагрузкі для дзяцей. Яны, канечне, апераджаюць звычайных дзяцей на дзьве ці болей клясы. У нас дзеці ўжо ў падрыхтоўчых клясах граюць музыку з падручнікаў за першы і за другі”.

Сталічны ліцэй скіраваны на выпуск прафэсіяналаў – хто не выцягвае нагрузкі, той сыходзіць. А вось правінцыйныя музычныя школы дбаюць найперш пра звычайнае эстэтычнае разьвіцьцё дзяцей. Сьвятлана Семяняка, выкладчыца клясы скрыпкі ў Ваўкавыскай музычнай школе, раней мела добрых вучняў, якія потым працягвалі прафэсійную адукацыю. Цяпер часы зьмяніліся. На скрыпку ў школе няма ніякага конкурсу. Здольных дзяцей стала меней, дый бацькі болей думаюць пра выжываньне, а не пра культуру, ім няма калі займацца дзецьмі, кажа спадарыня Семяняка.

(Семяняка: ) “Я колькі год не хадзіла й не адбірала вучняў, неяк самі ішлі, а цяпер… Трэба проста хадзіць і адбіраць. У мяне нават быў такі выпадак: дзяўчынка, я яе вывела на дастатковы для яе ўзровень, яна на нулі паступала ўвогуле. А ў трэцяй клясе яна мне заявіла, што ўжо ня будзе хадзіць. Карацей, мне спачатку давялося цягнуць яе за вушы, а потым такі вось вынік”.

Выхаваньне звычайных дзяцей, без выбітных здольнасьцяў – праца няўдзячная. Заробкі ў настаўнікаў музычных школаў ніжэйшыя, чым у настаўнікаў агульнаадукацыйных школаў, бо фінансуе іх Міністэрства культуры, а яно бяднейшае за Міністэрства адукацыі. Выкладчык, які працуе на адну стаўку, будзе атрымліваць штомесяц недзе 250 тысячаў рублёў. (Адна стаўка – гэта 18 гадзінаў на тыдзень.)

Зрэшты, самі настаўнікі на свае заробкі амаль ня скардзяцца – усё ж ёсьць некаторая стабільнасьць, раней было горш, кажуць яны. Больш заўважнымі лічаць матэрыяльныя праблемы іншага кшталту, напрыклад, брак інструмэнтаў. Іх вырабляюць толькі Барысаўская й Маладэчанская музычныя фабрыкі. Шмат даводзіцца набываць за мяжой. Кажа дырэктар менскай музычнай школы №1 Сяргей Перапеча.

(Перапеча: ) “У Менску, напрыклад, 27 школаў мастацтваў, зь іх 20 – музычных. Гэта дастаткова вялікія аддзелы бываюць і там патрэбныя дзясяткі інструмэнтаў. Апрача аддзелаў, у школах ёсьць таксама аркестры, ансамблі. Шмат якія носяць званьне ўзорных, вядуць вельмі актыўную канцэртную дзейнасьць. Натуральна, ім патрэбныя інструмэнты, у тым ліку й канцэртныя інструмэнты. А вось тут ужо сумы значна павялічваюцца, гаворка ідзе ўжо пра мільёны беларускіх рублёў”.

Маленькая дзьвухчвэртная скрыпка-фабрычка каштуе цяпер каля 80 даляраў. Карыстанае піяніна, каб граць на ім дома, можна набыць за 200 даляраў, за столькі ж – баян ці акардэон у добрым стане. Гэткія ж грошы трэба аддаць за гітару – дарэчы, самы папулярны цяпер інструмэнт: у Першай менскай музычнай школе на яе конкурс па 40 чалавек. А выкладчыкаў гэтага інструмэнту не стае, кажа спадар Перапеча. Ім выгадней даваць прыватныя ўрокі.

У вёсцы Новае Пашкава, што ў Магілёўскім раёне, таксама ёсьць свая музычная школа. Саша Лебедзеў вучыцца там у пятай клясе, ён баяніст. Кажа, што вучыцца падабаецца – гэта дадатковая магчымасьць разьвівацца. Пытаюся, як у іхнай школе праходзяць урокі музлітаратуры, ці ставіць ім настаўнік дыскі з творамі кампазытараў, якіх яны вывучаюць.

(Саша: ) “Нам настаўнік, калі расказвае пра нейкіх кампазытараў, то ён таксама грае нейкія ягоныя творы. Гэтаксама тлумачыць матэрыял пра кампазытара. У нас папросту, напэўна, такой прынады няма, у нас усё ўручную”.

Адна з праблемаў сучаснай музычнай адукацыі ў Беларусі – дамінаваньне “культуры фону”, “музыкі фону”, кажа вядомы журналіст Зьміцер Дрыгайла. Ён дванаццаць год выкладаў у звычайнай музычнай школе сальфэджа й музлітаратуру. Канкурыраваць з гэтай культурай усё складаней і зусім не з тае прычыны, што сучасныя дзеці меней здольныя да ўспрыняцьця сур’ёзнай музыкі.

Спадар Дрыгайла прыгадвае свой досьвед працы ў Інстытуце праблемаў культуры. Яму даводзілася чуць скаргі шматлікіх настаўнікаў з правінцыі.

(Дрыгайла: ) “Яны кажуць, што ў іх нават звычайнага прайгравальніка няма для кружэлак. Якія там аўдыёвізыёны, калі прайгравальнік кружэлак з часоў цара гароха стаіць! Ясна, што канкурэнцыя паміж музыкай фону й музычным выхаваньнем, канечне ж, не на карысьць музычнага выхаваньня. Тая самая практыка гукатворчасьці, якая ёсьць на ўроку, яна, канечне, абсалютна ня ў тым тэхнічным стане, каб супрацьпаставіць сябе на нармальным узроўні таму, што гучыць з экранаў тэлевізараў і з калёнак бумбоксаў”.

Такім чынам, Брытні Спірс на сучасных CD лёгка перамагае Шапэна на заежджаных кружэлках. Зрэшты, тут праблема ня толькі ў музычных школах ды іхнай беднасьці, заўважае Зьміцер Дрыгайла. Няма ў беларускім грамадзтве такой традыцыі – “хадзіць у канцэрты”, а значыцца праслойка прасунутых аматараў музыкі, якіх, найперш, і павінны гадаваць музычныя школы, застаецца ледзьве заўважнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG