Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто фінансуе замежныя паездкі Лябедзькі і Мілінкевіча?


Радыё Свабода Адказы на пытаньні слухачоў “Свабоды” – сёньня на пытаньні слухачоў адказваюць Яўгенія Церахава, , Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Шушкевіч і Мікалай Лазавік.

Пытаньне з SMS-паведамленьня і тэлефанаваньняў: “Хто фінансуе замежныя паездкі Лябедзькі і Мілінкевіча?”

Адказвае Аляксандар Дабравольскі — намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якую ўзначальвае Анатоль Лябедзька:

(Дабравольскі: ) “Звычайна, беларуская прапаганда ўвесь час кажа, што гэтыя паездкі шмат каштуюць. Але незалежна ад гэтага я магу сказаць, што існуе такая практыка ва ўсім сьвеце: калі хтосьці запрашае кагосьці, то і аплачвае ўсе выдаткі. Таму запрашальнікі й фінансуюць гэтыя паездкі і ў Грузію, і ў Расею, і ва Ўкраіну, і ў Францыю. Я думаю, адно тое, што ніякіх грошай зь бюджэту (то бок, з кішэні выбаршчыкаў) ніхто не расходуе, павінна супакоіць тых сумленных людзей, якія цікавяцца, колькі ў каго ў кішэні грошай. Ніхто на гэтых паездках не зарабляе — магу вас запэўніць”.

Адказвае лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, сябра кааліцыі дэмакратычных сілаў Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Рэч у тым, што калі нехта выяжджае за мяжу, то наўрад ці ён знойдзе тут грошы, каб паехаць. Але ёсьць шэраг дэмакратычных фондаў, якія гэтую паездку аплачваюць. Гэта азначае, што фінансуе той, хто запрашае. У Страсбур — гэта запрашае Эўрапарлямэнт звычайна, калі праводзіць сваё паседжаньне. Калі запрашаюць на нейкую канфэрэнцыю, то для ўсіх — ці то зь Беларусі, ці то з Польшчы, ці то зь Літвы, ці то з Францыі — арганізатары канфэрэнцыі знаходзяць сродкі для яе правядзеньня. І тады фінансуе іх фундатар. Ну, а ёсьць паездкі такія, якія людзі самі фінансуюць. Я, да прыкладу, калі выяжджаю за мяжу чытаць лекцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце, у Праскім унівэрсытэце, у Карэйскім унівэрсытэце, то я звычайна сам набываю квіток. Таму, што тое, што мне выплачваюць, дазваляе гэта рабіць. А часам я выкарыстоўваю такія сродкі: калі мяне запрашаюць на канфэрэнцыю, то затрымліваюся і чытаю яшчэ лекцыі. Інакш жа мне выжыць немагчыма, бо мая пэнсія 3 тысячы 200 рублёў”.

Пытаньні слухачоў праз тэлефанаваньне на аўтаадказьнік:

(Спадарыня: ) “Вось ужо некалькі дзён ідзе адкрыты заклік галасаваць за Лукашэнку. Так, учора выступаў па Беларускім радыё Селязьнёў, Бабурын і яшчэ нейкі камуніст з адкрытым заклікам галасаваць за Лукашэнку. Сёньня таксама выступалі некалькі палітыкаў, якія ідуць за Лукашэнку, наконт збору подпісаў. Яны нават паведамлялі, куды трэба зьвяртацца, каб прыйсьці падпісацца за Лукашэнку. Чаму для іншых кандыдатаў няма такой магчымасьці? Пра іх абсалютна нічога ня кажуць ні па радыё, ні па тэлебачаньні — толькі ўсё пра Лукашэнку. Дзе Ярмошына? Чаму яна не забароніць вось такія няроўныя ўмовы пры выбарчай кампаніі?”

(Спадар: ) “Я ўжо тэлефанаваў, але вы не перадалі майго паведамленьне наконт збору подпісаў. Лазавік казаў, што пад аўтаматам нікога не прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку. Але кантрактная сыстэма страшнейшая за аўтамат! Як прахадзіў збор подпісаў у Фізкультурнай акадэміі ў Драздах, дый на ўсіх прадпрыемствах таксама? Там сказалі прыйсьці ўсім з пашпартамі, ня важна, падпісваўся ты раней ці не — ім плян патрэбны. Калі не падпішасься — пойдзеш з працы, з інтэрнату, з інстытуту. Хай Лазавік гэтае пытаньне патлумачыць”.

Адказвае сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Калі гаварыць па першым пытаньні, то, пэўна, трэба адзначыць, што заходнія прадстаўнікі выказваюць свае пажаданьні, і непасрэдна ўдзельнічаць у агітацыйнай працы ня маюць права. Адначасна, прыняць нейкія меры дакладныя меры да таго ці іншага грамадзяніна ў гэтай справе — у нас такіх рычагоў няма. Што тычыцца другога пытаньня, то я хачу паўтарыць, што калі сябрам ініцыятыўнай групы зьяўляецца якісьці кіраўнік і ён прапаноўвае сваім калегам, супрацоўнікам свайго калектыву падтрымаць тую ці іншую кандыдатуру, то гэта не азначае, што работнік абавязаны падпісвацца, ён можа і не падпісацца. Хаця ад саміх грамадзянаў, якія б сказалі, што вось мяне прымусілі падпісацца за таго ці іншага кандыдата, такіх заяваў няма. Такія заявы часьцей за ўсё ідуць ад пабочных назіральнікаў: хтосьці штосьці сказаў, мне перадалі, што ў якімсьці інстытуце кагосьці прымусілі. Больш за тое, на некаторых інтэрнэт-сайтах распаўсюджваецца правакацыйная інфармацыя. Таму мы ня вельмі верым тым чуткам, якія распаўсюджваюцца.

Зь іншага боку, дзейная ўлада — гэта і кіраўнікі прадпрыемстваў, міністэрстваў, і мясцовых органаў улады, і калі яны ўдзельнічаюць у зборы подпісаў, зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, то яны маюць на гэта права. Мэтады працы ўсе павінны быць у рамках закону — ніхто нікога ня мае прымушаць гвалтоўна. Ад саміх грамадзянаў, якіх бы прымушалі падпісвацца, мы ніводнай заявы ня маем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG