Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па індэксу чалавечага разьвіцьця Беларусь апярэдзіла ўсе краіны СНД


Іна Студзінская, Менск Беларусь заняла 64 месца ў сьвеце са 177 па індэксу чалавечага разьвіцьця. У параўнаньні з мінулым годам Беларусь узьнялася на тры пазыцыі ў рэйтынгу. Абсалютнае значэньне індэксу чалавечага разьвіцьця склала 0,804 балы, што дазволіла ёй ўвайсьці ў групу 70 краінаў з высокім ўзроўнем чалавечага разьвіцьця. З краінаў СНД ў гэтую групу трапіла Расея, якая заняла 67 месца. Астатнія краіны трапілі ў катэгорыю сярэдняразьвітых.

Праграма разьвіцьця ААН штогод выдае справаздачу аб чалавечым разьвіцьці, пачынаючы з 1990 года. Дакумэнт распрацоўваецца групай незалежных міжнародных экспэртаў з выкарыстаньнем афіцыйнай статыстыкі дзяржавы. Распавядае дарадца прадстаўніцтва ААН ў Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў:

“Галоўная канцэпцыя чалавечага разьвіцьця – гэта каб чалавек меў магчымасьці абіраць той шлях жыцьця, які ён жадае. І для гэтага прыбыткі – вельмі істотны момант: няма даходаў – няма магчымасьці выбіраць, як жыць лепш. Але вырашылі дадаць яшчэ два кампанэнты, каб яшчэ больш пакрыць гэтыя магчымасьці свабоды: чалавек павінен быць адукаваным і здаровым. Такім чынам, тры кампанэнты: даходы на душу насельніцтва, пісьменнасьць дарослага насельніцтва і чаканая працягласьць жыцьця пры нараджэньні”.

Натуральна, суадносіны трох складнікаў індэксу ў Беларусі даволі няроўныя. Самы вялікі ўнёсак ў рост рэйтынгу – узровень адукаванасьці. Па гэтаму паказьніку Беларусь займае 33 месца ў сьвеце. Чаканая працягласьць жыцьця радуе менш (106 месца). Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва пры пераразьліку па парытэту пакупніцкай здольнасьці (7 918 даляраў) прынёс Беларусі 72 месца. Меркаваньне дарадцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ўладзімера Шчэрбава:

“Тое, што Беларусь перасунулася на тры месцы наверх, гэта, канечне, радуе, але ж яна ў папярэднія гады займала і 53 месца, і 62, і 67. У гэтых рэйтынгах мы скакалі туды-сюды. Але ж увесь гэты час абсалютнае значэньне індэксу паціху, павольненька расьце”.

У аснове падлікаў індэксу чалавечага разьвіцьця – нацыянальная статыстыка, а потым выкарыстоўваецца складаная матэматычная формула разьлікаў. Супрацоўніца Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Тацяна Вадалажская кажа:

“Афіцыйныя лічбы ў нас, па-першае, даволі высокія, і мне здаецца, гэта цалкам магчыма. Увогуле, гэта ж сацыяльна-эканамічныя паказьнікі, а ня нейкія палітычныя, па якіх Беларусь была б больш далёка. А па сацыяльна-эканамічных паказьніках мы больш прывабна выглядаем. І, я думаю, што гэта цалкам справядлівае месца”.

На першых месцах у сьпісе Ісьляндыя, Нарвэгія, Канада, замыкае табліцу С’ера-Ліёнэ. На пачатку 1990-х гадоў Беларусь знаходзілася ў рэйтынгу побач з прыбалтыйскімі краінамі. Зараз Літва, да прыкладу, на 43 месцы, Украіна займае 76 радок рэйтынгу, Таджыкістан – 122.

Меркаваньне дарадцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ўладзімера Шчэрбава:

“Безумоўна, чалавечае разьвіцьцё не вычэрпваецца ні даходамі, ні адукацыяй. Ёсьць яшчэ палітычныя свабоды і ўсё астатняе. Але ж гэтыя рэчы вельмі складана вымяраюць. Паколькі гэта павінна быць нейкая лічбачка, індэкс, якая б вылічвалася не на падставе экспэртных меркаваньняў, а на фактах, таму вось так і вылічваецца гэты індэкс”.

• В. Прадстаўніцтва ААН у Беларусі апублікавала Нацыянальную справаздачу пра чалавечае разьвіцьцё ў 2000 годзе”, 10.01.2001
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG