Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” зацікаўлены ў найхутчэйшым кантролі над газатранспартнай сыстэмай Беларусі”


Віталь Цыганкоў, Менск Расейскія энэргетычныя манапалісты – “Адзіныя энэргетычныя сыстэмы” і “Газпром” страцілі інтарэс да сумесных праектаў у энэргетычнай сфэры ў Беларусі. Наколькі абгрунтаваная такая пазыцыя? Ці будзе Беларусь датэрмінова прадаваць акцыі «Белтрансгазу»? Віталь Цыганкоў гутарыць з аглядальніцай газэты “Белорусы и рынок” Тацянай Манёнак.

Цыганкоў: “Наколькі часовая гэтая зьява – адсутнасьць інтарэсу расейскіх энэргетычных манапалістаў да інвэстыцыяў у Беларусь? Ці гэта ўжо пэўная стратэгія – у тым ліку з-за таго, што кошты на расейскі газ зьмяніліся?”

Манёнак: “Я б не сказала, што цікавасьці зусім ня будзе. Рэч у тым што “Газпром” пакуль ня мае кантрольнага пакету ў сумесным прадпрыемстве зь “Белтрансгазам” – як вядома, ён мае толькі 12,5 працэнтаў. Калі б ён меў 50 працэнтаў, то інвэстыцыйная актыўнасьць была б даволі вялікай. Перш за ўсё, гэта пабудова газавых сховішчаў. Напачатку гэтага году яны разглядаліся – але я думаю, пакуль “Газпром” ня будзе кантраляваць газатранспартную сыстэму Беларусі, ён ня будзе ўкладваць у разьвіцьцё сумесных праектаў”.

Цыганкоў: “Як вы ставіцеся да паведамленьня, адразу ж абвергнутага, нібыта Міністэрства фінансаў Беларусі разглядае пытаньне аб датэрміновым продажы “Газпрому” 50-працэнтнага пакету акцыяў “Белтрансгазу” з мэтай пагашэньня бюджэтнага дэфіцыту? Наколькі вам падаецца рэальным такое разьвіцьцё падзеяў?” Манёнак: “Пакуль Расея не пабудавала свой газаправод “Паўночны паток” – а гэта альтэрнатыва нашай і ўкраінскай трубе – дагэтуль кошт беларускай трубы даволі высокі, можна гандлявацца. І цяпер за яго можна ўзяць больш грошай, чым пасьля 2010 году, калі будзе пабудаваны “Паўночны паток”.

Зь іншага боку, пакуль не настолькі крытычная сытуацыя ў Беларусі. Прыватызацыя па-сапраўднаму яшчэ не пачыналася, яшчэ хапае аб’ектаў, якія можна прадаць, застаюцца магчымасьці прыцягненьня зьнешніх пазыкаў.

Таму пакуль беларускі бок на хутчэйшы продаж “Белтрансгазу” ня пойдзе, сёлета гэта пытаньне яшчэ не паўстае. Магчыма – праз год-два. Вядома ж, “Газпром” зацікаўлены ў найхутчэйшым кантролі над газатранспартнай сыстэмай Беларусі”.

Цыганкоў: “Наколькі глыбока Беларусь можа ісьці на супрацоўніцтва з суседнімі краінамі, бо інтарэсы ў адносінах да расейскага газу вельмі падобныя? Ці робяцца нейкія крокі, і які іх патэнцыял?”

Манёнак: “Беларусь працуе над тым, каб зьявіліся магчымасьці дывэрсыфікацыі паставак нафты. Пакуль іх няма, але яны мусяць зьявіцца – напрыклад, здабыча нафты ў іншых дзяржавах. Напрыклад, 3 кастрычніка прэм’ер Сідорскі заявіў у Літве, што Беларусь гатовая купляць тэрміналы ў Клайпедзкім порце, каб транспартаваць нафту. Пакуль, аднак, гэта толькі дэклярацыі, і на сёньняшні дзень альтэрнатывы расейскай нафце няма”.

• Новая энэргетычная палітыка Эўразьвязу і Беларусь , 1.10.2007 • “Белтрансгаз” ня мае даўгоў перад “Газпромам” , 24.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG