Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Шыдлоўскі: “Воляй лёсу давялося стаць лідэрам”


Віталь Сямашка, Браслаў, Віцебская вобласьць Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Кастуся я ведаю ўжо паўтара дзесяцігодзьдзя. У розны час ды розных абставінах сустракаліся зь ім як зь найвядомейшым на Браслаўшчыне апазыцыйным палітыкам. Гісторыкам-дасьледчыкам. Краязнаўцам-падарожнікам. І цікавым суразмоўцам.

Але даўно заўважыў: зашмат альбо замала ведаць пра свайго героя аднолькава перашкаджае аповеду.

Таму намаляваць першыя штрыхі да партрэту давяраю 27-гадоваму Аўгену Білею. Ён стала жыве ў Браславе крыху болей за паўгоду. І працуе побач з Шыдлоўскім — у этнаграфічным музэі. Дый чыста выяўленча ён зробіць гэта лепш за мяне. Прафэсіянал — мастак і мастацтвазнаўца з адукацыі.

А пачыналася, кажа Аўген, усё так...

Браслаў, Віцебская вобл.

Білей: “Першы раз прывялі мяне ў музэй традыцыйнай культуры: “Во, пазнаёмся, Кастусь!” І працягнуў руку хударлявы, сухі чалавек. Нешматслоўны. Зачасаныя ззаду валасы — гэта таму, што ідзе супраць ветру. (Сьмяецца.) Высокага росту. Сухі, як лучына.

Але сьціснуты, што яго быццам, дэфармавалі з усіх бакоў — леплены! І словы, і справы яго вострыя, дакладныя. Калі ў архітэктуры параўнаць, з чым бы ён мог спалучацца, для мяне, безумоўна, уражаньне готыкі. Кастусь — не Кастусь Заслонаў. Зразумела, што Кастусь Каліноўскі. Не каньюнктуршчык. І цьвёрдасьць яго мяне досыць зьдзіўляе.

Ён вёў экскурсію. Прыехалі дарослыя “девушки с Витебска”. Яны купай перапынілі яго і кажуць: “А можно на русском языке?” Рэч ня ў тым, што яны не разумелі беларускай мовы, проста ім брыдка яе слухаць, яны іншыя людзі. Ён сказаў: “Прабачце, я ж вас не прымушаю размаўляць на беларускай мове, чаму ж вы мяне прымушаеце на расейскай?” Ён стылёва, клясна, я лічу, працяў усіх і спыніў”.

Зрэшты, больш як два дзесяцігодзьдзі таму, калі выпускнік геаграфічнага факультэту БДУ, карэнны браслаўчанін Кастусь Шыдлоўскі вярнуўся на малую радзіму, дык па-беларуску яшчэ не размаўляў. Сёньня жонка Ірына, зь якой ажаніўся ва ўнівэрсытэцкія гады, згадвае.

Браслаў, Віцебская вобл.

Ірына: “Размаўляў увесь час па-расейску. Калі ствараўся музэй дваццаць гадоў таму, ён вырашыў размаўляць па-беларуску. Яму было цяжка, але раз за разам прасьцей. І калі адчыніўся музэй у 1988 годзе, ён падчас адкрыцьця трымаў прамову — канечне, па-беларуску. Як вырашыў, так і зрабіў. Ён ведае, чаго ён хоча”.

Перад гэтым Кастусю прапаноўвалі асьпірантуру і казалі пра пэрспэктыўную навуковую кар’еру ў Менску. Дзеля разуменьня далейшага важныя словы ягонага найбліжэйшага сябра — мастака Валер’я Зянкевіча.

Браслаў, Віцебская вобл.

Зянкевіч: “Чалавек трапіў бы ў Менск. На яго проста б наклалі рэтуш. Не зламалі. Ну зрабіў бы памаранчавы іракез, завушніцу б зачапіў у правым вуху! У яго б была нейкая кватэра, і вельмі цяжка было б вярнуцца на Браслаўшчыну. Хаця падазраваць Кастуся вельмі цяжка. Ён тутэйшы, хворы мястэчкавым сындромам. Ён мог зьвярнуць горы на ўсіх кірунках”.

Але паслухаем, як разумее свой, так бы мовіць, правінцыйны выбар сам 46-гадовы Кастусь:

Кастусь: “А кар’еры не надаваў асаблівага значэньня. Было цікава працаваць над стварэньнем экспазыцыі, распрацоўкай навуковай часткі, канцэпцыяў музэяў — аднаго, другога, трэцяга. І пашчасьціла.

Музэй наш — ня толькі пляцоўка, дзе выстаўленыя рэчы, але дзе праводзяцца дасьледаваньні. Канец 1980-х — пачатак 1990-х — пэрыяд, калі можна было знайсьці грант, пераканаць кагосьці.

Пашчасьціла сутыкнуцца зь Міхасём Ткачовым, Андрэем Майсёнкам з Горадні. Мы правялі шэсьць Браслаўскіх чытаньняў. Пад пяцьдзясят дасьледчыкаў зь Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі. Увогуле, рэгіянальная гісторыя была не распрацаваная — мы прайшліся па цаліку”.

Неўзабаве, на хвалі Адраджэньня 1990-х, у Браславе паўстала суполка БНФ. На памятны першы фронтаўскі зьезд у Вільні навуковы супрацоўнік краязнаўчага музэю Шыдлоўскі паехаў пад пагрозай страты працы. Так у твар сказала яму тагачасная сакратарка райкаму КПСС па ідэалёгіі Янушэўская.

Сёньня Любоў Якаўлеўна памяняла свае погляды, зьяўляецца сябрам ПКБ і ўспамінае пра той выпадак дыпляматычна:

Янушэўская: “Калі зьбіраўся ехаць на зьезд БНФ у Вільню, я моцна ўгаворвала, каб ён ня ехаў. Гэта лічылася правакацыяй...”

Браслаўская суполка БНФ стала адной з наймацнейшых у краіне — каля сотні сяброў на 10-тысячны горад. Старшынём быў адзінадушна абраны Шыдлоўскі. Кастусь згадвае:

Кастусь: “Грамадзтва было падрыхтаванае, каб прыйшлі людзі “не з абоймы”. Фронт быў на слыху, многія верылі, што гэта рэальная сіла”.

Далей для яго былі тры выбарчыя кампаніі, у часе якіх балятаваўся ў парлямэнт ды мясцовы савет. Кастусь на ровары аб’езьдзіў кожную вёсачку. І хоць выходзіў на парлямэнцкіх выбарах у другі тур, усе выбары... прайграў. Сёньня ён наракае перадусім на сябе.

Кастусь: “Мы дзейнічалі, як рамантыкі, без грунтоўнай падрыхтоўкі, на якую, у прынцыпе, тады не былі здольныя. Досьвед палітычнай дзейнасьці паказаў, што мала каго змог пераканаць. У такога чалавека павінны быць напоўненыя гэтым вочы, павінен выпраменьваць энэргетыку, упэўненасьць. Я ўсё жыцьцё, як навуковец, унутрана сумняваўся”.

А вось што да адсутнасьці “сумненьняў” у аднаго зь ягоных палітычных апанэнтаў. Былы марскі афіцэр Валянцін Варно — з сотні перасяленцаў, што з розных прычынаў пераехалі з Латвіі. Сам не хаваў — такіх, як ён, у суседняй краіне называлі “акупантамі”, а тут патрыётам дапамагаюць будаваць двухпавярховы палац. Вось жа яго погляды ягонымі вуснамі.

Браслаў, Віцебская вобл.

Варно: “Бардак Шушкевіч навёў — разваліў Савецкі Саюз і нічога ня даў. Людзі сталі гаротныя. І во гэты былы старшыня калгасу ўсё падняў. Чаму ж за яго 82% галасоў? І цяпер, куды б ні прыйшоў, — ніякіх праблемаў. Зямельны кадастар прыехалі, зафіксавалі — усё.

Што трэба? Вы паглядзіце, колькі на выходныя ў Браславе латвійскіх машын. І што бяруць — прадукты, тэлевізары, лядоўні, матацыклы. Які тут бардак?! У тым, што не дае спуску п’яніцам, лайдакам, дурням? Прызвычаіліся ў савецкі час нічога не рабіць, і цяпер тое. Што — Лукашэнка мусіць іх упрошваць на каленях? Калі чалавек у чыне прэзыдэнта не дае распаясацца, расьцягнуць, карупцыяваць, красьці — гэта дрэнна?!”

Тым ня менш, я спытаў у Кастуся.

Карэспандэнт: “Ты і сёньня лічыш сябе бэнээфаўцам?”

Кастусь: “Канечне, ніколі не выракаўся!”

Кастусёў знаёмец, прадпрымальнік Віктар Варанько, кажа, што на пабытовым узроўні цьвёрдая пазыцыі стварае Шыдлоўскаму праблемы.

Варанько: “Ёсьць такое стаўленьне да Кастуся — хтосьці абыходзіць бокам, таму што ён быў у БНФ, бо мае пазыцыю антылукашэнкаўскую. І народ баіцца зь ім мець стасункі...”

Кастусь жа да гэтага ставіцца па-філязофску.

Кастусь: “А тое, што частка людзей, зь якімі ты вітаўся, цяпер адварочваецца, абмяжоўвае кантакты, я гэта адчуваю, — часам шкрабане па сэрцы, але ня больш. Сталі мяне менш у школы запрашаць ці на сустрэчы? Ну што ж — больш часу папрацаваць з паперамі.

Так, правінцыя — жахлівая рэч. Гэта зьненавіднае начальства, якое абсалютна грэбуе людзьмі, асабліва інтэлігентнымі, якое страшэнна ставіцца да пытаньняў культуры, мовы... Тое, што зьявяцца новыя сілы, што гэта прамежкавы этап, — сумненьняў няма. Гэта пошук, праца, адчай — не імгненны пераварот”.

Зянкевіч: “Ён працаголік. Быў, застаўся і застанецца, напэўна, на ўсё жыцьцё. Хто здольны ведаць, ведаюць, што Кастусь Шыдлоўскі — гэта інтэлект, што ён цягне гісторыю Браслаўшчыны.

І нават тыя, хто крытычна ставяцца да мясцовых музэйшчыкаў, кажуць: “Ай, ніхто там ня ведае гісторыі, адзін Шыдлоўскі крыху...” Колькім маладзёнам дапамог у навуковых працах, колькі людзей сталага ўзросту зьвяртаюцца да яго! Людзі выдаюць свае выданьні, карыстаючыся манаграфіямі Кастуся — сілкуюцца ад яго. Ён жыве для Браслаўшчыны. Хоць кола інтарэсаў далёка не правінцыйнае...”

А цяпер варта патлумачыць, што стаіць за словамі палкага сябрука Зянкевіча.

Кастусь — аўтар дзясятка кніг па гісторыі Браслаўшчыны. У яго трыццаць выдавецкіх праектаў — ад турысцкіх даведнікаў да дзіцячых паштовак “Гісторыя Браслава ў малюнках”.

Ён аўтар больш як паўтысячы публікацыяў у энцыкляпэдычных ды навуковых выданьнях.

Рэдактар мясцовай краязнаўчай газэты “Павет”, што, прыкладам, адкрыла масаваму чытачу імёны знакамітага доктара Нарбута, які пабудаваў першую бальніцу і выратаваў сотні браслаўчан.

Дасьледаваў тутэйшыя карані генэрала БНР Булак-Булаховіча і дзейнасьць акаўскага руху.

Ён арганізатар шасьці міжнародных гістарычна-краязнаўчых пленэраў ды шасьці-сямі выставаў штогоду. Сярод іх жывой археалёгіі, калі малюнкі можа зрабіць кожны старажытнымі прыладамі.

А яшчэ ў яго некалькі тысяч марак. Любімыя — з выявамі карцін Альбрэхта Дзюрэра. Але асабліва ўдзячныя яму вернікі найбуйнейшага тут касьцёлу. Кажа арганістка Іна Сапун.

Браслаў, Віцебская вобл.

Сапун: “Зьвесткі, якія мы маем пра нашу парафію, — дзякуючы яму. Бо касьцёл — архітэктурны помнік, і ён здабывае інфармацыю ў Вільні. Я б не сказала, што ён такі шчыры парафіянін, але ўсе зьвесткі пра абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў — празь яго. Ён вельмі старанны, такіх людзей я больш тут не сустракала...”

У Кастуся дзьве дарослыя дачкі. Вучацца адна на журфаку, другая ў лінгвістычным унівэрсытэце. Але меркаваньня бацькі пра сваю творчасьць заўжды чакаюць з насьцярогай. Жонка Ірына кажа:

Ірына: “Канечне, тата Кастусь ня шчодры на ўхвалы...”

Кастусь, кажуць, просталінейна-жарсткаваты ў дачыненьнях зь людзьмі, ацэнках тых ці іншых падзеяў. Можа ня ўбачыць відавочныя для некага адценьні, ня пойдзе на кампрамісы. Такая натура. Гэта я выцягнуў-ткі нават ад захопленага ім Валер’я Зянкевіча:

Зянкевіч: “Ён, як і любы творчы чалавек, няпросты — ня Васька пры каровах, якому ўсё па барабане. У яго ёсьць вельмі жорсткія пазыцыі, якіх ён ніколі ня зьменіць. Напрыклад, я не магу нешта зрабіць — пішу эмэйл. Кастуся, калі паабяцаў, пачынае кілбасіць — як гэта так, як?! Адкатаў не павінна быць!”

Тым ня менш (я патэлефанаваў напярэдадні) сям’я Шыдлоўскіх, як заўжды, шчасна правяла адпачынак. Ізноў жа — у падарожжах. У часе сустрэчы вось як пра гэта згадвала спадарыня Ірына:

Ірына: “Першыя гады мы жылі на кватэры. Нарадзілася дачка, заробак музэйны невялікі. Але мы маглі прыгожа адпачываць. На тых жа роварах утрох паехаць на возера назіраць заход сонца, прачнуцца разам з туманам, павуціньнем, калі яно лётае. І бачыць прыгажосьць, перадаваць яе дзецям”.

А яшчэ ў Кастуся ёсьць найгалоўнейшая на сёньня мара — стварыць беларускае выданьне, якому паводле прыгажосьці не было роўных.

Браслаў, Віцебская вобл.

Кастусь: “У 1990-я гады ўвесь наш адраджэнскі кірунак выдаў шмат літаратуры, ня дбаючы пра тое, як выглядаюць гэтыя кніжкі. Ужо той час прайшоў — трэба, каб прывабліва. Хацелася б, каб кніжка была падзеяй.

Пададзена ў выглядзе замалёвак у найбольш цікавых кірунках гісторыі Браслава. Іх атрымалася больш за дзясятак. Яны ствараюць партрэт гораду... У тысячагадовай гісторыі Браслава мы крупінкі. Браслаў існаваў і будзе існаваць. Часам было адчуваньне, што ў цябе — о! — самая велізарная калекцыя гістарычных матэрыялаў пра Браслаў. Ты лічыш гэта найвелізарнейшым багацьцем, а пасьля ловіш на думцы...”

Карэспандэнт: “Апошняе слова сьвету пра сьвет не сказана і ніколі ня будзе сказана?”

Кастусь: “Ёсьць такі добры выраз — no comment”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG