Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвянячы: “Позна рэанімаваць, калі пацыент ужо труп”


Віталь Сямашка, Зьвянячы, Талачынскі раён (эфір 24 ліпеня)

Да тае хвіліны, калі жыхары Зьвяняч, што на Талачыншчыне, вырашылі зьвярнуцца на “Свабоду”, каб расказаць пра ўсё і дарэшты, да майго прыезду тут пабывалі аж чатыры карэспандэнты менскіх афіцыйных газэтаў.

Двум зь іх удалося надрукаваць кароткія рэпартажы, астатнім пісаць пра тутэйшую сытуацыю забаранілі, бо закраналіся наўпрост інтарэсы кіраўніцтва вэртыкалі.

Ураджэнец Зьвяняч, народны мастак Беларусі, а таксама адданы прыхільнік Лукашэнкі Міхась Савіцкі, кажуць, нават запісваўся на прыём да кіраўніка дзяржавы.

Зрэшты, як лічыць старэйшына вёскі, настаўніца, спадарыня Кавалёва, у любым выпадку ўсе спазьніліся. І надышоў у тутэйшай школе дзень закрыцьця, якога і цяпер Алена Ўладзімераўна ня можа згадваць бязь сьлёз.

Зьвянячы, 29.07.2007. Алена Кавалёва

Кавалёва: “У нас не лінейка была, а дзень памінаньня. Дзеці плакалі. Было жудасна, калі мэблю вывозілі са школы, а мы стаялі. Усё паразломвалі-параскрышвалі. Страшэнна — так з тваёй працай... Не па-людзку гэта! Гэта нейкае дзяржаўнае вар’яцтва. Цяпер пачынаюць пралічваць, на чым эканоміць, але нельга на чалавечых лёсах.

Працаўладкаваньня няма — тое, што змаглі прапанаваць, нікога не задавальняе. Людзі вельмі пакрыўджаныя, дваццаць — дваццаць пяць гадоў адпрацаваўшы, застацца ў разьбітага карыта. Калі прыяжджалі карэспандэнты, хацелася сказаць — позна рэанімаваць труп...”

Да гэтага былі звароты ў розныя інстанцыі, пад якімі стаяла 60 подпісаў — практычна ўсё дарослае насельніцтва вёскі, дзе каля дзьвюх соцень жыхароў.

Мясцовыя баранілі школу, у якой за сем дзесяцігодзьдзяў існаваньня адвучыліся амаль усе, разам з памянёным мастаком Савіцкім. Дарэчы, тут быў музэй яго імя. Рашэньне аб закрыцьці без публічнага абмеркаваньня з фармулёўкай “скарачэньне штатаў” прынялі ў Талачынскім райвыканкаме.

Між іншым, яго кіраўнік Марэйка так і не завітаў у Зьвянячы. Хоць, паводле афіцыйнага палажэньня, рэагаваць улады мусяць ужо тады, калі пад калектыўным зваротам і два дзясяткі подпісаў.

На былым школьным двары сустракаюся з выпускніком 1953 году, трактарыстам, сябрам Партыі камуністаў беларускай Аляксеем Казарэвічам. У яго свая вэрсія адбытага:

Казарэвіч: “Тут цэнтар аграгарадка ў Зьвянячах павінны будаваць, і Марэйка ўсё прыбірае да рук. І школу, і бальніцу хацелі закрыць — зьбіралі пяцьсот подпісаў, каб не закрылі. Проста ўсё пазачыняюць, і больш бюджэтных грошай захаваюць. А куды яны пойдуць, ніхто ня ведае”.

Затое дакладна вядома, што наступствы ўжо з гэтай восені адаб’юцца на лёсах 43 вучняў, якім давядзецца езьдзіць у суседняе Коханава, ды трынаццаці настаўнікаў.

Кажа ўсё тая ж спадарыня Кавалёва:

Кавалёва: “Мы ўсе прадметы выкладалі па-беларуску. Дзеці стануць хадзіць у расейскамоўную школу. А восьмыя-дзявятыя клясы — гэтым паступаць. І за год перайсьці на іншую мову, асабліва ў матэматыцы — псыхалягічная ломка.

Па-другое, у той школе з чацьвертай клясы нешта вывучалі па профілі, а мы не вывучалі нічога больш паглыблена, і яны пойдуць у адсеяную клясу. І дзеці былі на вачах.

Не сакрэт, на вёсцы цяпер алькагалізм страшэнны. Ведалі, ці ела кожнае дзіця, як яго зьбіраюць у школу — прыносілі і свае рэчы. А што маці можа прыгатаваць, калі ляжыць?! А ў нас заўжды гарачая ежа. І калі што здарылася, пачыналі біць трывогу. Калгас можа існаваць, калі школы, саду няма? Хіба моладзь сюды паедзе працаваць?! Вёска вымрэ, хаця побач і чыгунка, і аўтастрада Масква — Менск, вунь відаць за вёскай”.

Знайшоў, аднак, былую дырэктарку Палацу культуры Галіну Баркоўскую, якая, бадай, адзіная ў Зьвянячах бачыць у закрыцьці школы нешта станоўчае. Між іншым, падобнае меркаваньне пра моладзь у часе сваіх вандровак сустракаў неаднаразова.

Баркоўская: “А што ў Коханава дзяцей паадпраўлялі, можа, яно і лепей. У нас быў і дзіцячы сад, а там жа ім ёсьць дзе і ў кампутар пагуляць. Школа дабітая. А моладзь бегла ў горад і раней. А маладыя людзі і самі ня хочуць працаваць, як я паглядзела. Я туды не паеду, сюды... Дык як працуюць, такія і заробкі”.

Зьвянячы, 29.07.2007. Аляксандар Курак

Курак, уздыхае: “Ой...”

А гэта, мабыць, апошні публічны перазвон фірмовага звана, якім тут ганарыліся. Ён быў выраблены ў XVIII стагодзьдзі на заводзе Клювікава. Дваццаць сем гадоў яго падымаў на лінейках дырэктар Зьвяняцкай школы Аляксандар Курак. Пачуўшы пра нашу гаману з Баркоўскай, рэзка запярэчыў:

Курак: “Са свайго вопыту ведаю, што і хлопчыкі, і дзяўчаткі ў хаце працуюць вось з усенькіх год, але на сваю гаспадарку. Вырасьлі, а вакол столькі спакус. І яны хочуць жыць прыстойна, таму і бягуць адсюль! Яны зусім не лянівыя!”

За апошняе пяцігодзьдзе ніводзін выпускнік не застаўся ў роднай вёсцы. Да размовы ў гэты момант далучыўся Мікалай Петрушэнка, сябра ЦК ПКБ ды адзін з кіраўнікоў газэты “Товарищ”, які суправаджаў мяне ў часе вандроўкі. Ён балятаваўся ў райсавет у часе апошніх выбараў ад тутэйшай Воласаўскай акругі. Ён жа перадаў на “Свабоду” зварот вяскоўцаў.

Петрушэнка: “Праз два гады гэтага СВК “Зьвянячы” ня будзе — яго аб’ядноўваюць з “Калінавым логам”. Гэта значыць, прыбяруць тэхніку, фэрмы, ня будзе гаспадарскага вока. А потым зноў жа зьверху паставяць памешчыка-ўладальніка! Улада эканоміць грошы, не разумеючы, што рубіць пад корань тое, на чым яна ёсьць, — жывое, што засталося яшчэ на вёсцы!”

Спадар Мікалай і распавёў пра апошнюю кропку, што будзе пастаўленая ў гісторыі школы.

Петрушэнка: “Калі мы адкрыем раённую газэту “Наша Талачыншчына”, там ёсьць зводка пра тое, як ідзе нарыхтоўка дроваў на зіму. Сорак кубамэтраў дроваў — пасьля разборкі кінутых вясковых хатаў. Мы пачуем у зводцы і колькі кубамэтраў дроваў адсюль вывезена...”

* * *

Са старшынём СВК “Зьвянячы” Мікалаем Нарчуком удалося перамовіцца толькі за хвіліну да плянэркі. Той меў твар пануры ды заклапочаны.

Нарчук: “Праблемаў болей, чым трэба. Калі можна, крыху пазьней сустрэнемся — праз хвілінаў дваццаць”.

Мікалая Мікалаевіча я не сустрэў і праз паўтары гадзіны. Ад мяне ён зьбег, як і ад вяскоўцаў, што падцягнуліся да майстэрні. Ім чацьверты дзень не выдавалі заробку, які па гаспадарцы складае ня больш за 200 тысяч.

Трактарыст Аляксандар Бараноўскі сямнаццаь гадоў штодня па ямінах ды выбоінах возіць на фэрму пятнаццаць бочак з вадой. Але кажа, што больш псыхалягічна тут ня вытрымае — сур’ёзна захварэла жонка.

Зьвянячы, 29.07.2007. Аляксандар Бараноўскі

Бараноўскі: “А ў СВК людзі разьбягаюца. І я зьеду адсюль, дачка скончыць школу. Узімку 75 тысяч атрымліваю, без выходных працую — вунь “Кіравец”. Дом добры — 122 квадратных мэтраў, але не прадам, службовы...”

СВК “Зьвянячы”, паводле зводак Талачынскага раёну, займае апошнія месцы ў нарыхтоўцы кармоў ды здачы малака. Заняпад пачаўся больш як дзесяцігодзьдзе таму.

Тады адзін з былых старшыняў набраў крэдытаў на будаўніцтва чатырох домікаў для маладых сем’яў. Але з-за кадравых ператрусаў (зьмяніліся чатыры кіраўнікі) імі затыкалі дзіркі ў гаспадарцы.

Калі прыйшоў час вяртаць банкаўскія мільёны, капейчынаў, што атрымлівалі за здачу малака, не хапіла. Завяліся мільённыя даўгі. Тыя не даведзеныя да ладу домікі проста разваліліся. Да таго ж састарэла тэхніка.

Цяпер ля пераезду стаяць ужо адзінаццаць “прэзыдэнцкіх” домікаў. Каб засяліць іх, ад гаспадаркі трэба да сьмешнага мала. Хоць сытуацыя рэальна паказвае ўзровень яе заняпаду.

Ізноў кажа Мікалай Петрушэнка:

Петрушэнка: “Каштарыс гэтых домікаў — 90 мільёнаў рублёў кожны. Будаваліся за кошт крэдытаў СВК. А цяпер затрымка толькі за тым, каб падпісаць пратакол падключэньня да газавых магістраляў — яны былі пракладзеныя коштам жыхароў паселішча. СВК “Зьвянячы” павінен заплаціць за кожны домік 50 тысяч. Але ж такіх грошай у гаспадарцы няма”.

І жывым цяжка, і мёртвых па-чалавечы пахаваць немагчыма. Гэта ўжо кажа мне стрыечная сястра Міхаіла Савіцкага, 67-гадовая Галіна Паўлаўна Савіцкая. Яна працавала да пэнсіі ў аддзеле сацыяльнай абароны райвыканкаму. Лічыцца мясцовым праваабаронцам. Савіцкая: “Я зьвярталася да старшыні пассавету Чачоткінай, у прыёмную прэзыдэнта. Да магілаў не было як пад’ехаць. Там такія яміны, што калі пакойніка вязем, труна пракідаецца. І цяпер дрэнна.

Чачоткіна прыехала да мяне — а што такое? Во суседка мая, 77-гадовая бабулька Шчэрба трымала кароўку сем гадоў. У яе за агароджай пасеяна. Камбайн касіў побач — яна прасіла, каб скасілі і ёй. Не! Я да Чачоткінай — “Хай сама пажне і прынясе наверх, прыедзем з камбайнам”. Бедная гэта і зрабіла. І што думаеце? Спалілі! А кароўку збыла.

Статак зараз дваццаць кароў, а было за пяцьдзясят. І тое — усюды 500—600 рублёў за літар, а тут 300. І цяпер і той кажа, і той — буду здаваць...”

Мікалай Петрушэнка вядзе да перакошанай хаты з абарваным электрычным дротам ды абгарэлым хлявом бяз даху. Калі мы падышлі, дзьверы былі зачыненыя. Але тым, што суразмоўца ўбачыў узімку, у часе перадвыбарчай кампаніі, уражаны дагэтуль.

Петрушэнка: “Паглядзеў на хлеў — дымок! Зайшоў — тут жыве маці з сынам. Шкла няма, падлогі няма, даху над галавой няма. І нікога не хвалюе лёс гэтых людзей. Лягчэй сказаць: яны выпіваюць. А ад такога жыцьця і ты б запіў, хлопча!

Гадоў сто сорак таму прафэсар Энгельгарт, палкоўнік царскай арміі, быў выселены і тут непадалёк на Дняпры жыў. Дык яму цётка гаварыла: сап’есься, Мікола. А ён — не!

“Дванаццаць лістоў зь вёскі” яго вядомыя. І ў кожным — “ня сьпіўся”, “ня сьпіўся”. А ў дзявятым піша: “Сьпіўся, браткі, бо стаміўся баяцца чыноўнікаў!” Зьвянячы, 29.07.2007. Мікалай Петрушэнка Дагэтуль усё навакольле гаворыць пра выпадак, што адбыўся на фэрме. Сьледзтва па ім так і ня скончылася. П’яныя даяры не напаілі ды не падаілі статак на дзьвесьце кароваў.

Петрушэнка: “Цягнік зьбіў дваццаць адну карову. За некалькі хвілінаў да прыходу “Славянскага экспрэсу”, які дае 160 кілямэтраў у гадзіну. Адзінаццатая ночы, а каровы пайшлі па рэйках шукаць вады — на сьвет і пайшлі...”

Адыходзіў да цягніка з прыкрым настроем. Раптам пасярод навакольнага бязладзьдзя ўбачыў акуратна пафарбаваную хаціну, што ўся патанала ў кветніку ды пладовых дрэвах. Ня змог не зайсьці да 72-гадовай былой настаўніцы беларускай мовы Соф’і Дзьмітрыеўны Клювікавай.

Лёс нялітасна абышоўся зь ёй — калісьці зь неасьцярожнасьці тапарышчам выбіла сабе левае вока.

Шмат гадоў вырошчвае лекавыя зёлкі. Паказвае мне ўнікальныя для беларускіх прыродных умоваў амэрыканскую дурніцу, японскую гарбату, грэцкі гарэх, душаніцу, што лепш за ўсё лекуе дзёсны, плянтацыю валяр’яны. Траваў дзясяткі найменьняў. А пры канцы спадарыня Соф’я дзеліцца сакрэтам свайго жыцьцёвага аптымізму:

Клювікава: “Старэць я не хачу. Я ўвесь час зь дзецьмі жыла. А яны не даюць старэць — я працавала так. Калгас, канечне, развалены, расьцягнулі, пакралі. Паўміраюць — а вёска будзе жыць. Бо ў вёсцы ёсьць душа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG