Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Чысткі ў КДБ: “Лукашэнка проста спужаўся”</B>


Юры Дракахруст, Прага Чаму Аляксандар Лукашэнка вынес кадэбісцкае сьмецьце з хаты? У чым сапраўдная прычына недаверу, выказанага кіраўніком дзяржавы галоўнай спэцслужбе краіны? Якім будзе далейшы лёс КДБ? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Экспэртызе Свабоды” шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна і палітоляг Віталь Сіліцкі.

Дракахруст: “Чаму Аляксандар Лукашэнка вынес кадэбісцкае сьмецьце з хаты? Яшчэ некалькі дзён таму афіцыйныя прадстаўнікі ці адмоўчваліся ці, як Сяргей Гайдукевіч, казалі, што адстаўкі ў КДБ – рутынная ратацыя, у якіх няма нічога надзычайнага. Тым часам незалежныя выданьні ў гэтыя дні казалі пра вельмі сур''ёзныя праблемы, зьвязаныя з КДБ – і пра кланавую барацьбу, якая прывяла да такіх скандальных сытуацый , як зьбіцьцё старшыні камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця супрацоўнікамі КДБ, і пра карупцыйныя сувязі кіраўніцтва КДБ, і шмат пра што іншае. І вось праходзяць два дні, Аляксандар Лукашэнка склікае нараду і выкладае фактычна поўны набор усіх гэтых абвінавачаньняў. Чаму? Сьвятлана, Вам пытаньне”.

Калінкіна: “Таму што адстаўка Сьцяпана Сухарэнкі была вельмі і вельмі няпростай, яна надзвычай неадназначна ўспрымаецца ў самім ведамстве. Зразумела, што супрацоўнікі КДБ, асабліва вышэйшы кіраўнічы склад, не вітаюць прызначэньне на пасаду старшыні чалавека не зь іх сыстэмы. Больш за тое, яны зь перасьцярогай чакаюць істотнага рэфармаваньня камітэту. Таму Аляксандар Лукашэнка і вырашыў ісьці ў сапраўдны наступ, каб не было такога супрацьдзеяньня ягоным плянам рэфармаваньня ўсёй сыстэмы дзяржаўнай бясьпекі. Такая рэформа заплянаваная”.

Дракахруст: “Віталь Сіліцкі, як бы Вы патлумачылі такія прызнаньні кіраўніка дзяржавы – тое, што ён пацьвердзіў амаль усе чуткі, якія луналі ў незалежным друку ў сувязі з адстаўкамі ў КДБ? Тым больш, што Лукашэнка мог у прынцыпе дзейнічаць паводле схемы, абазначанай Гайдукевічам, маўляў, чарговая ратацыя, адправілі б ціхенька спадара Сухарэнку ў адстаўку, прызначылі б Жадобіна. Рэпутацыйныя страты ад скандальных абвінавачаньняў відавочныя”.

Сіліцкі: “Маючы на ўвазе тую сыстэму ўлады, якая склалася ў Беларусі, не заўжды трэба шукаць рацыянальных тлумачэньняў таго, што здараецца”.

Дракахруст: “А Вы паспрабуйце”.

Сіліцкі: “А я ня буду спрабаваць і толькі скажу, што тут меў месца фактар страху. Гэтыя разборкі паказалі, што сілавыя структуры пачынаюць паводзіць сябе даволі незалежна, адбіваюцца ад рук. Калі тыя ці іншыя прыўладныя групоўкі пачынаюць паводзіць сябе так, быццам яны гаспадары жыцьця і могуць дазволіць сабе ўсё – для кіраўніка дзяржавы гэта страшны званочак. А калі яшчэ ўлічыць і ірацыянальныя фактары... Я думаю, што Лукашэнка проста спужаўся”.

Дракахруст: “Калі толькі было абвешчана пра адстаўкі Сьцяпана Сухарэнкі і Васіля Дземяньцея, ужо ўзьнікла вэрсія, што гэта падобна на выказ недаверу ўсёй інстытуцыі, усяму ведамству. На сёньняшняй нарадзе Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніцтва КДБ, сказаў: “Нашы маладыя супрацоўнікі, супрацоўнікі апэратыўнага зьвяна, наколькі мне дакладвалі, працавалі сумленна і прынцыпова ў адрозьненьні ад вас, палкоўнікаў і генэралаў, якія сядзяць тут”.

Ну, у былыя часы афіцэры-дваране пасьля такіх абвінавачаньняў проста страляліся. Але ў нас грамадзтва дэмакратычнае, дваранаў няма.

Аднак гэта сапраўды недавер усёй інстытуцыі. І ў гэтай сувязі ўзьнікае пытаньне – а ў чым ягоная прычына? Ці толькі ў тых абвінавачаньнях, якія былі агучаныя?”

Сіліцкі: “Першае, на што я хачу зьвярнуць увагу, гэта на словы Лукашэнкі пра маладых, якіх ён супрацьпаставіў цяперашнім кіраўнікам. Вам гэта нічога не нагадвае? Нешта падобнае ён казаў пра КДБ яшчэ падчас сваёй першай выбарчай кампаніі ў 1994 годзе. Лукашэнка не давярае любым інстытуцыям паводле вызначэньня, ягоная сыстэма ўлады не цярпіць інстытуцыяў, ніякіх абмежаваньняў улады, ніякіх правілаў гульні. Як палітоляг я магу прыгадаць некаторыя паралелі. Паўгода таму пайшоў з жыцьця Туркмэнбашы, дык у яго ў апошнія гады было 50 ратацыяў на ўсіх уладных пасадах. Магчыма, мы ўступаем у чарговы этап, калі недавер – і рацыянальны, і ірацыянальны – будзе павялічвацца. І такія рэчы будуць адбывацца ўсё часьцей.

У такой сыстэме ўлады дастаткова, каб нехта нашаптаў на вуха, што той ці той нахапаў шмат улады, што ён падграбае пад сябе ўласнасьць, што ён выходзіць з-пад кантролю. У такіх сыстэмах улады ёсьць пэўныя заканамернасьці, якія паўтараюцца ва ўсіх краінах”.

Дракахруст: “Сьвятлана, а можа быць Вы паспрабуеце рацыянальна патлумачыць, чым быў незадаволены кіраўнік дзяржавы, каб кідаць такія цяжкія абвінавачаньні? У чым тут прычына? Віталь зьвярнуў увагу на фразу Лукашэнкі, што трэба набіраць маладых, трэба зрабіць татальную чыстку. Аднак да КДБ можна ставіцца па-рознаму, але гэта структура, для эфэктыўнасьці працы якой патрабуюцца прафэсіяналы. У гэтым сэнсе гэта не племсаўгас, дзе чым маладзей, тым лепш. Дык чаму так зроблена і так сказана?”

Калінкіна: “Я згодная з тым, што Аляксандар Лукашэнка часта бывае эмацыйны і ня трэба шукаць рацыю ў ягоных дзеяньнях. Але, на мой погляд, ня ў дадзеным выпадку. Абвінаваціць амаль усіх кіраўнікоў спэцслужбы ў тым, што яны не адпавядаюць сваім пасадам, даць прамы загад, каб на працягу году прайшла чыстка ў КДБ – гэта азначае абсалютную незадаволенасьць працай спэцслужбы і гатоўнасьць да яе карэннай ломкі.

І друк пісаў, і некаторыя афіцыйныя асобы паведамлялі, што праект рэфармаваньня падрыхтаваны і цяпер абмяркоўваецца. І ў першую чаргу супраць іх выступае дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман. Я думаю, што распал жарсьцяў, які быў сёньня на нарадзе ў КДБ, і папярэджаньне, якое сёньня было зроблена Віктару Шэйману, сьведчыаць пра тое, што справа ня толькі ў Сухарэнку, якога адправілі ў адстаўку, а ў розных падыходах, у тым, што адну сілавую эліту мяняе новая, больш маладая.

Мне здаецца, што пакуль яшчэ дакладна не прааналізаваная асоба Юрыя Жадобіна, які прыйшоў на зьмену Сьцяпану Сухарэнку, але шмат назіральнікаў ужо адзначылі, што новы кіраўнік КДБ мае вельмі блізкія стасункі са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам, і наагул з маладым кланам, у які ўключаюць Натальлю Пяткевіч, памочніка прэзыдэнта Ўладзімера Макея і некаторых іншых. Я мяркую. што мы цяпер назіраем востры пэрыяд зьмены элітаў”.

Сіліцкі: “Ведаеце, 2-3 гады таму, калі Сухарэнка ўставаў на чале КДБ. таксама казалі пра аднаўленьне элітаў, пра тое, што маскоўска-кадэбісцкае атачэньне Лукашэнкі замяняецца новым лукашэнкаўскім прызывам. Цяпер і гэты прызыў сыходзіць. Так што пэўная заканамернасьць паскарэньня ратацыі назіраецца”.

Дракахруст: “Што будзе далей, у прыватнасьці, што будзе з КДБ? Сёньня з вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучала, што камітэт чакае велізарная і маштабная чыстка. Цяпер некаторыя кажуць, што цяперашні этап – гэта этап умацаваньня КДБ, што ў ім будуць сканцэнтраваныя ледзь ня ўсе сілавыя структуры. Іншыя кажуць, што статус КДБ наадварот будзе паніжаны, што ягоныя функцыі будуць перададзеныя іншым структурам, у тым ліку і структуры-пераможцы ў гэтым кланавым змаганьні – міністэрству ўнутраных спраў. Віталь, які Ваш прагноз?”

Сіліцкі: “Я магу вызначыць тэндэнцыю. Мы маем справу са сьпелым лукашызмам. У такой сыстэме адбываецца прагрэсіруючы працэс пераўтварэньня інстытуцыяў у кішэнныя структуры гарантаваньня бясьпекі. Гэта аб''ектыўная заканамернасьць той сыстэмы ўлады, якая склалася. Ну а што адбываецца зь бюракратычнымі структурамі ў выніку чыстак – мы ведаем з уласнай гісторыі. Паўтарэньня жахаў 1937-1941 гадоў, зразумела, чакаць ня варта, але вынік чысткі – гэта заўсёды дэпрафэсіяналізацыя”.

Дракахруст: “Сьвятлана, КДБ стане больш ці менш уплывовым з улікам таго, што па-першае, упершыню з часоў Уладзімера Ягорава на чале КДБ ўстаў не прафэсійны чэкіст, а па-другое, што ідзе маштабная чыстка. Калі, скажам, у Вашай рэдакцыі "Народнай волі" будзе абвешчаная маштабная чыстка, то зразумела, што супрацоўнікі будуць думаць менш пра працу, а больш пра тое, хто застанецца, каго звольняць, дзе працу шукаць і г.д”.

Калінкіна: “Ну Вы самі і адказалі на сваё пытаньне. Зразумела, што на пэрыяд кадравых чыстак і масавых ратацый, на пэрыяд асабістай нявызначанасьці для многіх супрацоўнікаў ніякага ўзмацненьня спэцслужбы ня можа быць проста аб''ектыўна.

Але я б зьвярнула ўвагу на яшчэ адну заяву Аляксандра Лукашэнкі на сёньняшняй нарадзе, ён, зьвяртаючыся да кадэбістаў, сказаў :"Вы павінны ня столькі абараняць прэзыдэнта, колькі абараняць наш народ". Сапраўды, галоўнае, чым займаўся апошнім часам КДБ – гэта праца ўнутры краіны супраць апазыцыі, найбольш важным і найбольш вялікім паводле колькасьці ўпраўленьнем камітэту было ўпраўленьне па абароне канстытуцыйнага ладу. Але для нацыянальнай спэцслужбы гэта занадта абмежаваны накірунак. І, напэўна, галоўная памылка Сьцяпана Сухарэнкі была менавіта ў гэтым – што ўсю сваю ўвагу, энэргію і энтузіязм ён скіраваў у адзін накірунак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG