Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя наступствы пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі і выкладчык зарэгістраванага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў.

З 21 чэрвеня ўступае ў сілу рашэньне Эўразьвязу пазбавіць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў. Ці можна лічыць гэта якасным паваротам у дачыненьнях Менску і Брусэлю?

Як ацаніць дзеяньні беларускіх уладаў дзеля прадухіленьня гэтага рашэньня? Як могуць далей разьвівацца стасункі Беларусі з Эўразьвязам?

Ці зьяўляецца адмена гандлёвых прэфэрэнцыяў рубяжом у дачыненьнях паміж Менскам і Брусэлем?

Валер Карбалевіч: “Хоць афіцыйныя асобы Эўразьвязу падкрэсьліваюць, што пазбаўленьне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў нельга лічыць санкцыямі, большасьць экспэртаў лічыць гэта дыпляматычнай гульнёй у тэрміны.

Бо гэтае рашэньне Эўразьвязу ёсьць пакараньнем за парушэньне беларускімі ўладамі прафсаюзных правоў.

Можна лічыць, што ўпершыню Захад перайшоў ад спробаў узьдзеяньня на Беларусь з дапамогай рэзалюцыяў да эканамічнага ціску, каб дасягнуць паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Раней адміністрацыя ЗША прымала пэўныя рашэньні ў гэтым пляне ў рамках “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Але тыя абмежаваньні ў эканамічных дачыненьнях тычыліся хутчэй патэнцыйных магчымасьцяў, чым рэальнага ўзьдзеяньня. Да таго ж эканамічныя стасункі Беларусі з ЗША нязначныя.

Эўразьвяз два разы адкладаў гэтае рашэньне, даваў афіцыйнаму Менску шанец выправіць становішча ў прафсаюзнай сфэры, але нарэшце ўсё ж такі пазбавіў Беларусь гандлёвых ільготаў. Гаворка ідзе пра страты 400 мільёнаў даляраў у год. Ці можна лічыць гэта нейкім якасным паваротам у дачыненьнях Беларусі з Захадам?”

Пятро Садоўскі: “Я б не сказаў, што наступіў нейкі прынцыпова новы этап у дачыненьнях. Эўразьвяз, дзе пакуль яшчэ старшынюе Нямеччына, прытрымліваецца канцэпцыі дэмакратызацыі праз супрацоўніцтва. Таму Эўропа імкнецца не рабіць рэзкіх крокаў.

Калі кіраўніцтва Беларусі зьменіць сваю палітыку ў дачыненьні да прафсаюзаў, то прэфэрэнцыі могуць хутка вярнуць.

Для Беларусі агульная эканамічная сытуацыя ўскладняецца. Нашы тавары, якія ідуць на экспарт, даражэюць. Таму шмат іх ідзе на склад. Павысіліся цэны на энэрганосьбіты.

Трывожны сыгнал з Масквы. Расея зьбіраецца ўвесьці мыта на вываз сырой нафты дзеля перапрацоўкі.

Ня спраўдзіліся разьлікі атрымаць 1 мільярд даляраў крэдыту ў аўстрыйскім “Райфайзэнбанку”. Няма і кітайскага мільярда, пра які шмат казалі. Плюс адмена гэтых прэфэрэнцыяў. Такой складанай сытуацыі раней не было. І ўлады павінны нешта рабіць, каб выйсьці зь яе”.

Дзяніс Мельянцоў: “Я б не пагадзіўся ацэньваць гэты крок Эўразьвязу як санкцыі. Бо ўключэньне Беларусі ў Генэральную сыстэму гандлёвых прэфэрэнцыяў адбылося як бы авансам.

І наша краіна магла там заставацца толькі пры ўмове, што яна рабіла б выразныя крокі да лібэралізацыі, дэмакратызацыі. Паколькі Беларусь гэтага не рабіла, то адмену прэфэрэнцыяў нельга назваць санкцыямі.

Але тое, што Эўразьвяз перайшоў ад дэклярацыяў да эканамічнага ціску — гэта важны крок у дачыненьнях зь Беларусьсю. Гэта папярэджаньне пра тое, што крокі ў гэтым кірунку могуць працягвацца”.

Ці маглі беларускія ўлады прадухіліць адмену гандлёвых прэфэрэнцыяў?

Карбалевіч: “Трэба адзначыць, беларускія ўлады былі занепакоеныя пагрозамі Эўразьвязу й зрабілі шэраг крокаў, каб прадухіліць адмену гандлёвых прэфэрэнцыяў.

З аднаго боку, былі зробленыя захады, якія можна расцаніць як пэўную палітычную лібэралізацыю: вызваленьне трох палітвязьняў, спыненьне шэрагу крымінальных справаў у дачыненьні моладзевых актывістаў і іншае.

З другога боку, няўклюдныя крокі Фэдэрацыі прафсаюзаў — яны маглі справакаваць увядзеньне гэтых санкцыяў. Як ацаніць дзеяньні беларускіх уладаў?”

Садоўскі: “Так, нейкія дзеяньні ўладаў, напрыклад, мяккі прысуд маладафронтаўцам, можна разглядаць як паслабленьне. Але тут шмат перабольшылі журналісты. Таму што значных зьменаў я не заўважыў. Мы хочам бачыць наш урад разумнейшым, чым ён насамрэч ёсьць.

Мне бачыцца, што пазбаўленьне нашай краіны гандлёвых прэфэрэнцыяў і адмена большасьці сацыяльных ільготаў у самой Беларусі зьвязаныя ў адзін клубок. І сума стратаў ад адмены прэфэрэнцыяў і эканомія ад адмены льготаў сувымерныя”.

Мельянцоў: “Па-першае, тут я трохі ня згодзен з спадаром Садоўскім. Беларускія ўлады рэагавалі на патрабаваньні Эўразьвязу, але неяк ня ў той бок. Яны пачалі рабіць, так бы мовіць, манэтызацыю рэпрэсіяў. Гэта калі палітычных апанэнтаў ня садзяць за краты, а штрафуюць на вялікія сумы.

Вызваленьне Статкевіча і Севярынца — гэта была таксама спроба прадухіліць адмену прэфэрэнцыяў альбо адцягнуць іх уступленьне ў дзеяньне.

Але рэч у тым, што Эўразьвяз пагражаў адменай прэфэрэнцыяў з-за парушэньня прафсаюзных свабодаў. І ня вельмі зразумела, чаму ў адказ на гэтае патрабаваньне Менск робіць зусім іншыя крокі — напрыклад, выпускае палітзьняволеных.

Па-другое, паводле ацэнкі Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, страты Беларусі ад адмены гэтых прэфэрэнцыяў складуць толькі 67 мільёнаў даляраў у год. Гэта няшмат, каб дзеля такой сумы рабіць захады дзеля эканамічнай ці палітычнай лібэралізацыі.

Па-трэцяе, каб выканаць патрабаваньні, якія выставіла Міжнародная арганізацыя працы ў 2005 годзе, а пазьней Эўразьвяз, ад Менску патрабавалася няшмат высілкаў, а толькі палітычная воля.

А патрабавалася толькі спрасьціць працэдуры рэгістрацыі свабодных прафсаюзаў, спыніць умяшаньне дзяржавы ў справы прафсаюзаў і інфармаваць грамадзтва пра гэтыя патрабаваньні.

Але ўлады не пайшлі на такія паслабленьні. Што сьведчыць пра неспрыяльную для дэмакратыі тэндэнцыю ў Беларусі”.

Якія пэрспэктывы разьвіцьця стасункаў Беларусі з Эўразьвязам?

Карбалевіч: “Сапраўды, гэтыя прэфэрэнцыі хутка могуць быць вернутыя, калі беларускія ўлады зьменяць стаўленьне да правоў прафсаюзаў. Сёньня ў Менск прыбывае дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы дзеля перамоваў з уладамі аб законе, які рэгулюе дзейнасьць прафсаюзаў. То бок, дыялёг працягваецца.

Як могуць далей разьвівацца падзеі? Ці, убачыўшы рашучыя дзеяньні Эўразьвязу, Менск зразумее, што зь ім больш не жартуюць і пойдзе на саступкі ў рэалізацыі прафсаюзных правоў?

Ці наадварот — зразумее, што Эўразьвяз залагодзіць абяцаньнямі не атрымоўваецца, больш няма сэнсу гуляць у лібэралізацыю, можна завінціць гайкі?”

Садоўскі: “Думаю, рэзкіх рухаў у той ці іншы бок ня будзе. Будзе палітка балянсаваньня, маленькіх саступак, зацягваньня перамоваў, пошукаў саюзьнікаў і іншае”.

Карбалевіч: “Спадар Мельянцоў, вы сказалі, што беларускія ўлады рэагавалі на патрабаваньні Эўразьвязу ня ў той бок. І выканаць гэтыя патрабаваньня было ня цяжка.

Але ў палітыцы ўсё ўзаемазьвязана. І зь іншага боку, пайсьці на лібэралізацыю ў дачыненьні прафсаюзаў ва ўмовах нарастаньня сацыяльна-эканамічных праблемаў — гэта вялікая палітычная рызыка для дзейнага рэжыму”.

Мельянцоў: “Так, у палітыцы ўсё ўзаемазьвязана. Але патрабаваньні Эўразьвязу былі вельмі канкрэтныя, і іх трэба выконваць. Цяперашні рэжым ня схільны ісьці на лібэралізацыю.

Таму будзе працягвацца палітыка хістаньня. Будуць рабіцца крокі і ў бок лібэралізацыі прафсаюзнай дзейнасьці, і ў бок абмежаваньня правоў свабодных прафсаюзаў.

Беларускія ўлады лічаць саступкі праявай слабасьці. Да таго ж, думаю, урад ужо зьмірыўся з адменай прэфэрэнцыяў. Тым больш сума тут невялікая. Ёсьць больш значныя выклікі — напрыклад, цэны на энэргарэсурсы”.

Карбалевіч: “Такім чынам, стварэньне недэмакратычнага палітычнага рэжыму, парушэньне правоў чалавека ўпершыню выліваецца ў канкрэтныя эканамічныя страты для краіны й насельніцтва.

Зь іншага боку, пазбаўленьне Эўразьвязам гандлёвых прэфэрэнцыяў азначае, што спробы афіцыйнага Менску размарозіць дачыненьні з Эўропай на тле канфлікту з Расеяй не даюць плёну. Усё разам гэта стварае новыя выклікі для краіны і дзейнага палітычнага рэжыму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG