Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Лідэры апазыцыйных партыяў сустрэліся з пасламі краінаў Эўразьвязу</B>


Ганна Соўсь, Менск Сёньня лідэры апазыцыйных партыяў сустрэліся з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Беларусі. Яны паінфармавалі дыпляматаў пра падрыхтоўку да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, а таксама абмеркавалі шэраг іншых пытаньняў.

Сустрэча лідэраў партыяў і амбасадараў краінаў Эўразьвязу — традыцыйная. Раз на некалькі месяцаў кіраўнікі дыпмісіяў дамовіліся абмяркоўваць актуальныя пытаньні зь лідэрамі дэмакратычных палітычных рухаў.

Гэтым разам сустрэча была хутчэй інфармацыйная, адзначае лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Прысьвечаная яна была першаснаму падсумаваньню вынікаў рэгіянальных сходаў. Мы распавялі і пра сходы і, можа, што найбольш важна — пра зьмястоўную частку плянаванага кангрэсу, пра стратэгію аб’яднаных дэмакратычных сілаў, пра наша бачаньне палітычнай сытуацыі на бліжэйшыя паўтара-два гады.

З боку амбасадараў былі пытаньні. Скажам, наконт нашых прэфэрэнцыяў —сыстэма вэртыкальнага кіраваньня або сыстэма каардынацыі ўнутры дэмакратычных сілаў. Таксама было пытаньне наконт расейскага кірунку ў стратэгіі дэмакратычных сілаў”.

Дарэчы, як адзначыў для Радыё Свабода лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэры апазыцыі спрабавалі наладзіць аналягічныя сустрэчы з дыпляматамі Расеі, аднак бясплённа.

Падчас дыскусіі Анатоль Лябедзька яшчэ раз агучыў ідэю правядзеньня сёлета восеньню спэцыяльнай міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай сытуацыі ў Беларусі. Яе мэта — высьветліць, наколькі беларускія ўлады маюць палітычную волю праводзіць перамовы і рэальныя перамены ў краіне.

“Канечне, уздымалася і пытаньне пра Аляксандра Казуліна”

На сустрэчы ўздымалі й пытаньне палітычных вязьняў у Беларусі.

Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Анатоль Ляўковіч:

“Канечне, пытаньне пра Аляксандра Казуліна ўздымалася ў кантэксьце таго дыялёгу, які прадстаўнікі Эўразьвязу, Рады Эўропы спрабуюць весьці зь Беларусьсю. Было адзначана, што, вядома, пакуль ёсьць палітвязьні, пакуль рэжым працягвае жорсткую палітыку ў дачыненьні да апазыцыйных палітычных дзеячоў і структураў, да таго часу гаварыць аб рэальным дыялёгу не даводзіцца”.

У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі 15 дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу. Зь беларускага боку акрамя Анатоля Лябедзькі, Вінцука Вячоркі й Анатоля Ляўковіча, на ёй былі лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў і сябра Палітрады аб’яднаных дэмсілаў Віктар Карняенка.

15 і 16 траўня ў Вільні адбудуцца аналягічныя сустрэчы беларускіх лідэраў з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу, якія ня маюць дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG