Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі дэпутат не выконвае абяцаньняў – гэта крымінал


Уладзімер Глод, Менск Ад сёньняшняга дня ў Беларусі пачынае дзейнічаць новая рэдакцыя Закона аб карупцыі. Афіцыйныя ўлады спадзяюцца, што такім чынам яны змогуць выкараніць карупцыю як зьяву. Менавіта пра гэта казаў Аляксандар Лукашэнка, калі ставіў свой подпіс пад новым законам. У чым адметнасьць новай рэдакцыі закона "Аб карупцыі" ад папярэдняй?

Перадусім, цяпер даволі значна пашыраны сьпіс суб''ектаў, якія могуць быць абвінавачанымі ў карупцыйных злачынствах: да іх далучылі кандыдатаў у прэзыдэнты, дэпутатаў усіх узроўняў, супрацоўнікаў недзяржаўных арганізацыяў, замежных грамадзян. Дадатковыя абмежаваньні зробленыя і для сямей службовых асобаў – напрыклад, запісана, што яны ня могуць накіравацца ў турыстычную альбо лекава-аздараўляльную паездку на запрашэньне асобаў, якія знаходзяцца ў службовай ці іншай залежнасьці ад дадзенага чыноўніка. І яшчэ – чыноўнікі і іх сем''і мусяць інфармаваць падатковую службу, калі яны прымаюць ва ўласнасьць маёмасьць, большую за дзьве тысячы базавых велічыняў (гэта прыкладна 30 тысяч даляраў).

Гэтыя ды іншыя зьмены ўлады хацелі ўнесьці яшчэ тры гады таму. Але тады Палата прадстаўнікоў іх не падтрымала. У той час яшчэ працавалі дэпутаты Палаты папярэдняга скліканьня. І дэпутацкая група "Рэспубліка" мела там пэўны уплыў. Вось як тлумачыць яе кіраўнік Сяргей Скрабец, чаму тагачасныя дэпутаты не падтрымалі новую рэдакцыю закона аб карупцыі. Скрабец: "Таму што ў гэтым варыянце закону быў такі артыкул – калі дэпутат нешта паабяцаў выбаршчыкам, а не выканаў, дык гэта можна было разглядаць як подкуп выбаршчыкаў, злоўжываньне службовым становішчам. І за гэта можна было дэпутату атрымаць да сямі гадоў турмы."

Дэпутаты зь цяперашняга складу Палаты разумеюць, што новая рэдакцыя закону, так бы мовіць, непасрэдна б''е па іх дэпутацкай недатыкальнасьці. Але двухгадовы досьвед іхнай працы паказвае, што як толькі выканаўчая ўлада на іх націсьне, яны галасуюць так, як патрэбна. Вось і супраць гэтых зьменаў галасавалі ўсяго каля дзесятка чалавек.

Ці можна меркаваць, што з прыняцьцем новай рэдакцыі антыкарупцыйнага закону такое становішча кардынальна зьменіцца? Вось што думае на гэты конт былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў: Фадзееў: "Мне здаецца, што для таго, каб перамагчы карупцыю, гэтага закона абсалютна недастаткова. Ён будзе насіць дэкляратыўны характар, мы будзем усім казаць, што такі закон існуе. Але ад яго ня будзе ніякай аддачы, калі мы ня зьменім сыстэму кіраваньня, калі нашы чыноўнікі ня будуць пададказнымі народу, калі мы ня будзем выбіраць кіраўнікоў уладнай вэртыкалі. Больш за тое – што тычыцца, прыкладам, прадпрымальніцтва, адносін з грамадзянамі – калі мы ня прымем мераў да спрашчэньня ўсялякіх адміністрацыйных працэдур, адмены непатрэбных забаронаў і г.д. Мне здаецца, што ў гэтым заключаюцца асноўныя задачы барацьбы з карупцыяй. Таму што само па сабе існаваньне гэтага закону, на мой погляд, ня вырашыць праблемы".



У сьнежні мінулага году дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі дадатковы артыкул у Крымінальна-Працэсуальны кодэкс, паводле якога шэраг асобаў з кадравага рэестру кіраўніка дзяржавы можна будзе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці толькі з дазволу Аляксандра Лукашэнкі. Выключэньне зроблена толькі на той выпадак, калі чыноўніка схапілі на месцы зьдзяйсьненьня асоба цяжкага злачынства, альбо, калі яго выкрылі ў дзяржаўнай здрадзе. У 2005 годзе дэпутаты прынялі дадатковы артыкул у Крымінальны кодэкс, згодна зь якім асобаў, якія ўчынілі эканамічныя злачынствы і вярнулі скрадзеныя грошы ў бюджэт, Лукашэнка асабіста можа вызваляць ад адказнасьці. Гэты артыкул ужылі на практыцы да былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай, якую абвінавачвалі ў фінансавых злоўжываньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG