Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці загаворыць па-беларуску Джэймс Бонд?


Радыё Свабода Міністэрства культуры Ўкраіны і дыстрыбутарскія кампаніі падпісалі мэмарандум, згодна зь якім палова замежных стужак, што трапляюць ва ўкраінскі кінапракат, да канца году мусяць быць дубляваныя ці суправаджацца субтытрамі на ўкраінскай мове. Дзяржава абавязалася стварыць адпаведную тэхнічную базу, а кінапракатчыкі – забясьпечыць паказ фільмаў, перакладзеных на ўкраінскую мову. Перадусім гэта тычыцца дзіцячых стужак. Якія рэаліі і пэрспэктывы такога падыходу да замежнага кіно ў Беларусі?

Праблема беларускай мовы ў кіно ў Беларусі існавала заўсёды, і ня толькі ў зьвязку з паказам замежных стужак. Нават уласныя фільмы беларускія кінэматаграфісты стваралі на расейскай мове, і толькі дзеля архіву пасьля ўжо рабіўся дубляж на беларускую мову. Замежныя фільмы ўвогуле паказваліся толькі ў расейскім перакладзе. Гэтая практыка на студыі “Беларусьфільм” і ў дзяржаўным пракаце ў поўным аб’ёме захоўваецца й сёньня.

Тым часам паўстала прыватная творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстым”, якая ўжо пераклала на родную мову некалькі папулярных замежных фільмаў – анімацыйную стужку “Шрэк-2”, мастацкія “Крымінальнае чытво”, “Любоў насамрэч” ды іншыя. Каардынатар ініцыятывы, ён жа і кіраўнік праекту “Кінабібліятэка па-беларуску”, Франак Вячорка верыць, што неўзабаве ўкраінскі досьвед запатрабуецца і ў Беларусі.

Вячорка: “Гэта ў свой час будзе абавязкова зроблена і ў незалежнай Беларусі. Адзінае, што на сёньняшні дзень кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, а таксама каналаў “Лад”, ОНТ ды іншых не зацікаўленыя ў выдатках на такую прадукцыю. І пакуль будзе такое кіраўніцтва, то, натуральна, ня будзе ніякіх мэмарандумаў, ня будзе ніякіх пагадненьняў пра дубляваньне і закадравыя пераклады на беларускую мову. З улікам, што мы робім гэтую справу за ўласныя грошы, ня маем абсалютна ніякай падтрымкі – ні грамадзкай, ні дзяржаўнай, то гэта даволі моцная і эфэктыўная справа. Самае важнае – ня колькі зроблена, а колькі далучылася да гэтай справы людзей. І з боку стваральнікаў (а нас ужо каля 40 чалавек, тых хто бярэ ўдзел у дубляваньні і працы над фільмамі), і колькі далучылася да нас гледачоў нашага кіно. Сотнямі прыходзяць лісты ня толькі падтрымкі, але і з рознымі прапановамі”.

Дарэчы, пастанову аб “украінізацыі” кінапракату спрабавалі абскардзіць кампаніі, якія хваляваліся, ці ня будзе стратным для іх паказ на ўкраінскай мове замежных фільмаў. Аднак прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка папрасіў Генэральную пракуратуру абараніць гэтую справу. Акрамя пашырэньня ўжытку ўкраінскай мовы, падняцьця яе прэстыжу, украінскія ўлады маюць яшчэ адну мэту – забясьпечыць працай і падтрымаць фінансава сваіх актораў.

Папулярны беларускі артыст тэатра і кіно Генадзь Аўсяньнікаў у свой час таксама шмат роляў выканаў у радыё- і тэлеспэктаклях – жанры, які практычна зьнік з эфіру. Народны артыст СССР крытычна выказваецца пра сучасную кінапрадукцыю і падкрэсьлівае, што працаваць нават па-за кадрам надзвычай важна для актора.

Аўсяньнікаў: “Канешне! Бо так бы хоць у тэатры не заняты, чытаў бы штосьці на радыё. На радыё няма працы – агучваў бы фільмы. Але што пра гэта казаць? Такі лёс акторскі ў Беларусі, што мы можам зрабіць?.. А гэтых сёньняшніх, думаеце, будуць памятаць? Я маю на ўвазе тых, хто ў сэрыялах з голымі пупамі скачуць? Гэта што, артысты? Гэта не артысты, і ніхто іх памятаць ня будзе. Вы нават прозьвішча ніводнага ня ведаеце, як і я. Хто гэта такія? З сэрыі ў сэрыю, і толькі па-рознаму называюцца. Тут Іван, там Пеця. А што яны ствараюць, каб можна было падаць заяўку – паўтарыце, маўляў, зноў? Я ня памятаю нават гэтых назваў”.

Два гады ў Беларусі дзейнічае квота на абавязковую прысутнасьць у эфіры FM-станцый беларускіх выканаўцаў. Але гэта не азначае, што песьні абавязкова мусяць гучаць па-беларуску – за беларусаў лічаць нават расейскіх артыстаў, якія не жывуць у Беларусі дзесяцігодзьдзямі. Кіно ж, як і раней, застаецца цалкам расейскамоўным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG