Літаратарка Вольга Гапеева: Радзіма — месца, дзе можаш бясьпечна распрануцца

Вольга Гапеева
Вольга Гапеева

Беларуская пісьменьніца, паэтка, перакладніца і мовазнаўца Вольга Гапеева нядаўна атрымала прэстыжную нямецкую літаратурную ўзнагароду братоў Грым за кнігу эсэ «Слоўнік вандроўніцы», напісаную па-нямецку. У ёй аўтарка разважае пра мову, дом і ідэнтычнасьць.

Вольга Гапеева — аўтарка 16 кніг па-беларуску, яе творы пераклалі больш як на 15 моваў. Яна скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, атрымала магістарскую ступень у галіне гендэрных дасьледаваньняў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні, мае ступень кандыдаткі філялягічных навук. Разам зь Сьвятланай Алексіевіч і Вальжынай Морт яе называюць адной з самых вядомых у сьвеце сучасных беларускіх пісьменьніц.

У «ПіКу Свабоды» мы пагаварылі пра тое, што азначае літаратурная вядомасьць і ці можна зарабляць на літаратуры, пра радзіму і паэзію як дом, патрыярхат у беларускім грамадзтве, жанчын, якія чакаюць палітвязьняў, дзіцячую літаратуру і будучыню папяровай кнігі.

Пра вядомасьць, літаратурны рынак і прэмію братоў Грым

— Што для вас азначае прэмія братоў Грым? Наколькі яна важная ў нямецкай літаратурнай герархіі?

Вольга Гапеева падчас атрыманьня прэміі братоў Грым
Вольга Гапеева падчас атрыманьня прэміі братоў Грым

— Мне ўсё яшчэ цяжка меркаваць, якая прэмія супэрважная, а якая менш значная. Я пакуль не зусім добра арыентуюся ў гэтай сыстэме. Але асабіста для мяне гэтая ўзнагарода вельмі важная. Большасьць людзей ведаюць братоў Грым як казачнікаў, якія зьбіралі казкі. Але для мяне яны перадусім мовазнаўцы. Я сама лінгвістка, і таму гэтая ўзнагарода мае для мяне асаблівае значэньне.

Браты Грым пачалі працу над нямецкім слоўнікам — адной з самых істотных кніг для нямецкай мовы. Праца над ім пачалася ў XIX стагодзьдзі і завяршылася толькі ў 1961 годзе, ужо пасьля сьмерці братоў. Цяпер гэта найбуйнейшы слоўнік нямецкай мовы. Атрымаць прэмію імя людзей, якія распачалі такую вялікую працу і для якіх мова была нечым сакральным і істотным, — вялікі гонар. Да таго ж імя братоў Грым добра вядомае ў Беларусі і ўва ўсім сьвеце. І тое, што яны зьбіралі і апрацоўвалі казкі, для мяне таксама важна, бо я сама пішу для дзяцей. Таму гэтая ўзнагарода мае для мяне падвойнае значэньне.

— Ці можна на вашым цяперашнім узроўні вядомасьці жыць выключна з літаратуры? Ці патрэбныя дадатковыя праграмы падтрымкі?

— Не, абсалютна. Толькі з продажу кніг жыць нерэальна, бо гэта адзін з найніжэйшых пунктаў у аўтарскім бюджэце. У Нямеччыне дапамагае тое, што існуюць літаратурныя аб’яднаньні, інстытуцыі, розныя арганізацыі, якія запрашаюць пісьменьнікаў і плацяць ганарары за выступы. Але і тут ніколі ня ведаеш загадзя, ці атрымаеш запрашэньне. Цяпер мой статус — Selbständige Künstlerin, вольная мастачка, ці, як мы сказалі б, індывідуальная прадпрымальніца. Я сама сабе пісьменьніца, мастачка і ўсё астатняе. Плачу падаткі, зарабляю на выступах, пішу рэцэнзіі, эсэ ды іншыя тэксты.

Ад 2020 году мне дапамагалі стыпэндыі і прэміі, якія я атрымлівала штогод. Без такой падтрымкі проста выжыць на літаратуры немагчыма. Але стыпэндыі і прэміі — гэта таксама частка літаратурнага працэсу, літаратурнай сыстэмы. Таму нельга сказаць, што гэта нешта зусім не зьвязанае з літаратурай. Вядома, можна ўявіць, як у амэрыканскіх фільмах, што пісьменьнік жыве з продажу сваіх кніг. Але з маёй літаратурай гэта немагчыма. Напэўна, трэба пісаць дэтэктывы.

Пра чытачоў і адчуваньне радзімы

— Хто ваша аўдыторыя сёньня? Ці ўяўляеце вы, хто вас чытае?

— Калі меркаваць, бачачы людзей, якія прыходзяць на мае чытаньні, то гэта пераважна публіка 50+. Хоць ёсьць і студэнты. Напрыклад, на кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу да майго стэнду падыходзілі студэнты, якія вывучаюць славістыку. Але, думаю, усё ж такі асноўная частка маёй аўдыторыі ў Нямеччыне — старэйшае пакаленьне. Гэтыя людзі маюць час, могуць дазволіць сабе чытаць кнігі. Магчыма, у іх іншая культура чытаньня, чым у маладзейшых пакаленьняў. Пра аўдыторыю ў Беларусі, на жаль, нічога пэўнага сказаць ня магу, бо ўжо даўно не атрымліваю адтуль асаблівага водгуку.

— Вы з 2019 году не жывяце ў Беларусі. Ці зьмянілася за гэты час ваша адчуваньне радзімы? Ці радзіма — гэта абавязкова фізычнае месца?

— Напэўна, я стала больш пра гэта думаць. Але такія думкі наведвалі мяне яшчэ тады, калі я жыла ў Беларусі. Памятаю, як да падзеяў 2020 году выяжджала на фэстывалі, праграмы, выступы за мяжу, а потым вярталася. Заўсёды прыяжджала зь вялікім запалам: вось цяпер нешта буду рабіць, нешта зьмяняць. Гэтага запалу хапала на месяц, два, тры. А потым зноў мяне паглынала наша любая беларуская рэчаіснасьць. Я ўжо тады адчувала, што ў Беларусі ёсьць пэўныя кавалкі, людзі, мястэчкі, куткі, дзе я адчуваю: гэта мая радзіма. Але ёсьць і нешта такое, дзе я не адчуваю сябе дома, утульна і бясьпечна.

Была гэтая падвоенасьць: ты быццам дома, але быццам і не; быццам на радзіме, але не зусім. Фізычна зьмяніўшы месца свайго знаходжаньня, я, напэўна, змагла лепш убачыць, што такое радзіма і наколькі па-рознаму розныя людзі могуць яе ўспрымаць. Для кагосьці месца, дзе чалавек нарадзіўся, можа быць зьвязанае зь вялікім траўматычным досьведам. І таму знаходзіцца там ня будзе найлепшым варыянтам. Магчыма, радзіма для такога чалавека — гэта нешта іншае: чалавек, якога ён любіць, сямʼя, мова, літаратура ці праца. Гэта можа быць што заўгодна.

Я вызначаю радзіму як месца, дзе ты можаш бясьпечна распрануцца. Спачатку я таксама думала, што для мяне радзімай можа быць мова. Але потым напісала эсэ, дарэчы, перакладзенае на беларускую і ўкраінскую мовы, — «У абарону паэзіі ў часы працяглага выгнаньня». У ім я разважаю, ці сапраўды мова можа быць радзімай.

Я гляджу на мову як лінгвістка, фэміністка, чалавек, які шмат працаваў зь ёю, і разумею, што мова — ня нейкая абʼектыўная рэч. Яна заўсёды палітычная ў шырокім сэнсе. Мова можа вельмі раніць, пры дапамозе мовы можна забіваць. Таму ў мяне шмат пытаньняў да мовы як да фэномэну. Ці можна тады называць такую рэч сваім домам? У выніку разважаньняў я прыйшла да высновы, што мая радзіма, мой дом — гэта паэзія.

Пра патрыярхат, гендэрную роўнасьць і адносіны пасьля турмы

— Беларусы цяпер сочаць за гісторыяй былога палітзьняволенага, які публічна крытыкуе і абражае сваю жонку, якая вельмі вырасла за той час, калі ён быў за кратамі. Як вы глядзіце на гэтую сытуацыю праз гендэрную оптыку? Ці гэта распаўсюджаная беларуская мадэль сямейных адносінаў?

— Я б сказала, што гэта тыповая патрыярхатная сытуацыя. Але не беларуская, не харвацкая і не нямецкая — такая сытуацыя можа паўстаць у любым грамадзтве. Прынамсі, у эўрапейскіх грамадзтвах, якія мы бачым, патрыярхат, на жаль, па-ранейшаму застаецца. Дзесьці ў большай ступені, дзесьці ў меншай. Жанчынам прыпісваюцца пэўныя ролі і якасьці. І калі адзін чалавек разьвіваецца, расьце культурна і духоўна, а ягоны партнэр — не, малаімаверна, што яны прыйдуць да нейкага кансэнсусу. У такім выпадку, напэўна, лепш разысьціся. Мне вельмі прыкра чуць, што такое адбываецца. Я, на шчасьце ці на жаль, ня вельмі чытаю навіны, але яны ўсё адно да мяне даходзяць.

Часам мне нават дзіўна, як такое ўвогуле магчыма, калі ўсё здаецца настолькі відавочным. Але, на жаль, падобныя рэчы адбываюцца і ў нямецкім грамадзтве. Я чула прагноз, што сапраўднай гендэрнай роўнасьці, магчыма, давядзецца чакаць яшчэ каля 140 гадоў.

— Вы раней казалі ў інтэрвію Свабодзе, што ў Беларусі жанчыны эмансыпаваныя, а мужчынам яшчэ расьці і расьці. Ці дастаткова ў мужчынаў зь беларускай эміграцыі разуменьня таго, што такое гендэрная роўнасьць?

Беларуская літаратарка Вольга Гапеева падчас атрыманьня прэміі братоў Грым
Беларуская літаратарка Вольга Гапеева падчас атрыманьня прэміі братоў Грым

— Мне цяжка гаварыць за іншых, бо я ня так шмат камунікую з цяперашнімі калегамі. Магу назваць толькі асобныя прыклады. Напрыклад, Уладзіслаў Іваноў — ЛГБТ-актывіст, і яму нічога ня трэба тлумачыць, ён сам усё цудоўна разумее, бо належыць да меншасьці. Ці Зьміцер Вішнёў, мой былы выдавец. Мне здаецца, гэта цікавы прыклад чалавека, які, нягледзячы на пэўны патрыярхальны багаж, спрабуе, хоча і імкнецца нешта мяняць. Зь ягонага боку я ніколі не адчувала гэтага непрыемнага патрыярхальнага подыху. Але тое, што мы бачым звонку, можа вельмі адрозьнівацца ад таго, што адбываецца ў сямʼі ці партнэрстве, у прыватнай сфэры. Адукаванасьць і інтэлектуальнасьць — гэта адно, а эмпатыя — зусім іншае. Не абавязкова яны зьвязаныя. Можна быць адукаваным, начытаным чалавекам, але пры гэтым мець каменнае сэрца, не спачуваць і не праяўляць эмпатыі.

— Нядаўна выйшла кніга пра жонак палітвязьняў і цяжар, які ім давялося несьці. Паводле некаторых ацэнак, да 80% партнэрскіх адносінаў могуць распадацца пасьля вяртаньня чалавека з-за кратаў. Ці вам як пісьменьніцы і эсэістцы гэтая тэма цікавая?

— Безумоўна. Адзіная рэч — я сама павінна быць у дастаткова рэсурсавым стане, каб пісаць пра такія тэмы. Я вельмі эмпатычны чалавек, і мне надзвычай цяжка даюцца такія няпростыя сюжэты. Хоць я зь імі працавала. Напрыклад, калі пісала вершы пра Ўкраіну, вайну, рабіла дасьледаваньні пра вайну ўвогуле, гэта заўсёды было для мяне эмацыйна і фізычна цяжка. Але я разумею, што гэта важна і што гэта трэба рабіць. Зь іншага боку, мушу клапаціцца і пра сябе. Таму стараюся ўраўнаважваць такія эмацыйна нагружаныя тэмы чымсьці больш лёгкім і сьветлым: дзіцячай літаратурай, перакладамі ці ўласнымі тэкстамі пра нешта іншае.

Пра дзіцячую літаратуру і размову зь дзецьмі

— Вашыя кнігі любяць і чытаюць дзеці. Як трэба пісаць для дзяцей сёньня? Ці павінна сучасная дзіцячая літаратура адрозьнівацца ад клясычнай?

Вольга Гапеева
Вольга Гапеева

— Я ня думаю, што літаратура ці пісьменьнікі ўвогуле нешта мусяць. Адзінае, што яны мусяць, — быць шчасьлівымі і любіць сябе. Тады, думаю, і творы будуць адпаведныя. Мне здаецца, наша пакаленьне піша ўжо зусім зь іншага пункту гледжаньня. Нядаўна я была ў Варшаве на сэмінары аб дзіцячай літаратуры, які ладзіў Саюз пісьменьнікаў. Мяне вельмі цешыла, колькі ў нас ёсьць ілюстратарак, пісьменьніц, блогерак, якія цікавяцца дзіцячай літаратурай і працуюць зь ёю. Гэта проста выдатна. Мы самі ўжо крыху іншыя, і новае пакаленьне, якое ідзе за намі, таксама іншае. Адпаведна людзі будуць пісаць пра тое, што бачаць і адчуваюць. Ня трэба нічога штучна прыдумляць ці вынаходзіць. Мы жывём у новых умовах, маем новыя ідэі і пра гэта пішам.

Таму мне здаецца, што сучасная беларуская дзіцячая літаратура, якую ствараюць цяперашнія аўтары і аўтаркі, ужо адрозьніваецца ад ранейшай. Але пры гэтым важна чытаць і клясыку, глядзець, што адбывалася раней і што адбываецца цяпер. Напэўна, самае галоўнае ў дзіцячай літаратуры — гэта размова. Важна, каб дзіця не заставалася сам-насам з кніжкай, а магло абмеркаваць прачытанае з старэйшымі братамі й сёстрамі, бацькамі, бабулямі, дзядулямі, настаўнікамі ці сябрамі. Для дзяцей важна, каб літаратура заставалася часткай жыцьця, каб яна была цікавай. Павінен быць нехта, хто дапамагае выбудоўваць сувязі паміж літаратурай і жыцьцём: чаму раней было так, а цяпер іначай, як усё гэта зьвязана паміж сабой. Калі будзе такі дыялёг, мне здаецца, мы зможам выбудаваць новае грамадзтва, у якім будзе больш эмпатыі.

Пра будучыню кнігі: папяровы фармат ці электронны?

— Беларускія выдавецтвы сутыкаюцца з праблемай: кнігі застаюцца на складах, людзі ня маюць грошай, ня маюць месца, дзе іх захоўваць, часта пераяжджаюць. Якая будучыня папяровай кнігі? Ці ня стане літаратура элітарнай рэччу?

— Гэта вельмі глябальнае пытаньне, таму адкажу хутчэй інтуітыўна. Я ня маю статыстычных зьвестак пра тое, колькі і ў якіх фарматах людзі чытаюць. Але нават з таго, як прадаюцца мае кнігі, бачу, што папяровыя прадаюцца лепш за электронныя. І гэта я кажу пра Нямеччыну, а не пра Беларусь. Мне здаецца, шмат што залежыць ад дабрабыту грамадзтва. Стаўленьне да папяровай кнігі як да абʼекту можа мяняцца разам з разьвіцьцём тэхналёгіяў. Магчыма, зьявіцца яшчэ нейкі новы фармат. Але я спакойная за лёс папяровай кнігі. Сама купляю іх, хоць ужо ня ведаю, куды складаць. Для мяне важна мець магчымасьць патрымаць кнігу ў руках, адчуць яе фізычна. Мы і так шмат часу праводзім за кампутарамі і тэлефонамі, таму чытаць яшчэ і там часам вельмі складана.

Вядома, новае пакаленьне расьце больш звыклым да экранаў, таму сытуацыя можа мяняцца. Але ня думаю, што папяровая кніга зусім зьнікне. Што да элітарнасьці, то я ня ўпэўненая, што кнігі будуць станавіцца менш даступнымі. Наадварот, у Нямеччыне я бачу, як яны робяцца больш даступнымі. Напрыклад, у звычайных прадуктовых крамах ёсьць палічкі, куды людзі прыносяць кнігі, якія больш ня хочуць захоўваць дома. Гэта такі буккросінг. Амаль у кожнай краме можна знайсьці такую палічку. У горадзе таксама стаяць адмысловыя будкі, дзе людзі пакідаюць кнігі і могуць узяць іншыя. Я сама ўвесь час туды заходжу і нешта шукаю. Там можна знайсьці вельмі цікавыя кнігі.

У Нямеччыне таксама добра разьвіты рынак патрыманых кніг. На спэцыялізаваных сайтах можна купіць кнігу за два-тры эўра. Кніга, якая два-тры гады таму была актуальнай, ужо можа перайсьці да іншага чытача. Хтосьці яе прачытае і аддасьць далей. Такім чынам кнігі цыркулююць і застаюцца прысутнымі ў жыцьці людзей. Таму, магчыма, у будучыні яны будуць нават больш даступнымі.

Пра кнігі на стале і новы раман

— Якія кнігі цяпер ляжаць у вас на стале? Што чытаеце ці плянуеце прачытаць?

— Шмат чаго. Кніга 77 Dances — пра каліграфію. Ляжыць кніга паэзіі Дэніз Левэртаў. Яе бацька паходзіў зь Беларусі, таму мне цікава яе чытаць. Ёсьць яшчэ кніга пра сучасную японскую паэзію і кніга пра музыку. У асноўным я чытаю паэзію і нон-фікшн. Гэта тое, што мяне найбольш цікавіць. Акрамя таго, паралельна я заўсёды чытаю нешта для рыхтаваньня да сваіх тэкстаў.

— Вы працуеце над новым раманам? Ці можаце крыху расказаць, пра што ён будзе?

— Пра раман, які яшчэ ня напісаны, цяжка расказваць. Але, мне здаецца, там зноўку будзе нешта падобнае да атмасфэры майго апошняга раману «Самота». Я яшчэ прадумваю герояў, думаю, куды іх разьмясьціць. Хачу таксама пісаць пра музыку, пра Антарктыду, пра пінгвінаў. Пакуль гэта толькі задумкі.

​
XS
SM
MD
LG