Вялікі гаманец і торба для кніжак. Спыталі ў арганізатараў фэстывалю «Прадмова», навошта ён патрэбны

"Прадмова" ў Вільні ў 2025 годзе
"Прадмова" ў Вільні ў 2025 годзе
Слухаць
9 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

12 лістапада пачаўся варшаўскі этап восьмага фэстывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Сёлета ён праходзіць па чарзе ў пяці гарадах: Уроцлаве, Вільні, Празе, Варшаве і Любліне.

Тры «Прадмовы» ў Беларусі, пяць — у замежжы

Першы фэстываль «Прадмова» прайшоў з 27 па 31 траўня 2018 году ў культурніцкай прасторы «ОК16» у Менску. За 5 дзён тады адбылося больш за 70 імпрэзаў. Пра размах фэсту сьведчыць колькасьць выдавецтваў і ініцыятываў, прадстаўленых там: Arche, «Галіяфы», «Кнігазбор», «Лимариус», «ЛогвінаЎ», «Макбел», «Тэхналогія», «Энцыклапедыкс», «Экономпресс», выдавецтвы Зьмітра Коласа, Андрэя Янушкевіча, Аляксея Вараксіна, выдавецкіх ініцыятываў «Полацкае ляда» (А. Аркуш) і «Новые мехи» (Дз. Строцаў), выдавецкіх ініцыятываў Рамана Цымберава, Сяргея Амельчука, Зьмітра Герасімовіча, Артура Клінава.

Другі фэстываль адбыўся ў 2019 годзе. Асноўная праграма ў Менску праходзіла з 4 па 7 красавіка. Імпрэзы ладзіліся ў Полацку, Горадні, Гомлі, Берасьці, Бабруйску.

У 2020 годзе «Прадмова» праходзіла ў Менску, Берасьці, Віцебску, Горадні і Бабруйску. Асноўная менская праграма адбылася 15–18 кастрычніка ў Палацы мастацтваў. Частку захадаў арганізавалі ў онлайн-фармаце, узгадвае нязьменны арганізатар усіх «Прадмоваў» філёзаф Павал Баркоўскі.

«Адзін год — 2021-ы — мы прапусьцілі зь вядомых прычынаў, а з 2022 году „Прадмова“ праводзіцца за мяжой. У першы год фэстывальныя пляцоўкі месьціліся ў Варшаве, Вільні, Кракаве і Тбілісі. У 2023 годзе фэстываль праходзіў у верасьні--кастрычніку ў Батумі, Варшаве, Вільні і Беластоку, а таксама ў онлайн-фармаце. У 2024-м „Прадмова“ адбылася ў Вільні, Бэрліне, Варшаве, Познані. Тэма фэстывалю была „Між берагамі“. У 2025-м „Прадмова“ аб’яднала Вільню, Прагу, Познань і Варшаву. Лёзунгам фэстывалю сталі словы „Птушкі бяз гнёздаў“», — узгадвае спадар Баркоўскі.

«Гэта не пра еntertainment»

Сёлета туры фэстывалю ўжо прайшлі ва Ўроцлаве, Вільні і Празе. З 13 па 16 лістапада імпрэзы адбудуцца ў Варшаве. Нечакана ўзьнікла яшчэ пятая пляцоўка — у Любліне. Там фэст адбудзецца 12–13 сьнежня. Тэма «Прадмовы-2026» — «Чужая Бацькаўшчына».

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

Старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай адзначае, што калі ў Беларусі ў публічнай прасторы незалежная культура перастала існаваць, у замежжы якія-хаця культурніцкія падзеі, фэсты, імпрэзы — гэта своеасаблівы «клей», які трымае разам беларускую супольнасьць.

«Культура — гэта яшчэ і сфэра, якую нельга недаацэньваць: гэта не пра забавы і не пра тое, што па-ангельску называюць еntertainment. Гэта пра тое, што дазваляе нам трымацца нейкіх базавых каштоўнасьцяў і арыентыраў ідэнтычнасьці. І ў гэтым сэнсе ўсякая масавая публічная падзея, якая дазваляе нам абменьвацца думкамі, поглядамі, не згаджацца, дыскутаваць, набываць беларускія кнігі — гэта вельмі важна для беларускай культуры і для таго, каб мы падтрымлівалі ў сабе адчуваньне адзінай супольнасьці. Я вельмі не хачу, каб гэтая імпрэза ацэньвалася як „чыста эмігранцкая тусоўка“», — кажа Тацяна Нядбай.

І прыводзіць прыклад: паліглёт і перакладнік Лявон Баршчэўскі будзе прэзэнтаваць усе тры выданьні антычных эпасаў «Энэіды», «Іліяды» і «Адысэі», што ўпершыню выйшлі па-беларуску ў выдавецтве «Полацкія лябірынты» ў Польшчы. Былы палітвязень Максім Знак прадставіць сваю новую кнігу «Каляністы», будзе прэзэнтацыя кнігі пра нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага па-ангельску і ў аўдыёфармаце.

Максім Знак (зьлева зь мікрафонам) на "Прадмове" ў Вільні ў кастрычніку 2026
Максім Знак (зьлева зь мікрафонам) на "Прадмове" ў Вільні ў кастрычніку 2026

Павал Баркоўскі адзначае, што «Прадмова» — гэта, бадай, адзіны буйны літаратурна-інтэлектуальны фэстываль беларусаў як у самой Беларусі, так і за мяжой.

«Фарматы, якія былі раней, кшталту Міжнароднага кніжнага кірмашу, не даюць такога маштабу. Па-другое, яны больш зафармалізаваныя. Таму было вырашана стварыць нешта больш гнуткае, больш адпаведнае, скажам так, тэндэнцыям у літаратурным полі, што будзе даваць магчымасьць і прастору для выказваньня як ужо вядомым літаратарам, так і тым, хто толькі пачынае творчую кар’еру. Таксама гэта магчымасьць беларускім незалежным выдавецтвам годна прадставіць сваю прадукцыю, магчымасьць дыскусіяў ня толькі з аўтарамі і выдаўцамі, але і з усімі залучанымі ў працэс стварэньня кнігі, — ілюстратарамі, мастакамі, рэдактарамі, крытыкамі», — тлумачыць Павал Баркоўскі.

Ён дадае, што разумее: у Беларусі публічнае літаратурнае жыцьцё зараз праблематычнае. Але фэстываль «Прадмова» імкнецца максымальна ангажаваць беларусаў зь Беларусі.

«Мы вядзем стрымы практычна з усіх падзеяў фэстывалю, то бок можна быць у рэжыме онлайн, што называецца, ужывую ўдзельнічаць і назіраць за імпрэзамі „Прадмовы“ праз YouTube. Па-другое, людзі зь Беларусі могуць камунікаваць праз YouTube, задаваць пытаньні ўдзельнікам дыскусіі ў чаце, атрымліваць зваротную сувязь у жывым этэры. Так што, спадзяюся, ёсьць магчымасьць наўпрост удзельнічаць, хоць і дыстанцыйна», — кажа Павал Баркоўскі.

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

Ён прызнаецца, што на ўдзел у фэстывалі быў жорсткі адбор — паступіла вельмі шмат прапановаў. У выніку ў варшаўскую праграму «Прадмовы» адабралі каля 70 імпрэзаў, нейкія рэчы аб’ядноўвалі, камусьці давялося адмовіць, бо ўсё не зьмяшчалася.

«Зь іншага боку, мы робім гэта ў фармаце фэстывалю: неканечне быць ад ранку да вечара, каб схапіць увесь вайб, наведаць усё-ўсё-ўсё. Кожны чалавек сам выбірае індывідуальную траекторыю, вывучае праграму і вызначаецца. То бок можна выбраць, куды чалавек хоча трапіць, выбудаваць траекторыю, дзе зрабіць перапынак на каву, проста пагуляць па кніжным кірмашы. Бо будзе прэзэнтавацца прадукцыя 15 беларускіх выдавецтваў. Таму трэба адразу ісьці зь вялікім гаманцом з грашыма і зь вялікай торбай для кніжак. У дзень адкрыцьця варшаўскай „Прадмовы“, акрамя ўрачыстай часткі, заплянаваная дыскусія пра „літаратурны канон“. Таксама 13 лістапада, а 19-й гадзіне прэзэнтацыя кнігі драматычных паэмаў клясыка Ўладзіміра Някляева „Ліцьвіны“ — з удзелам цудоўных Кацярыны Ваданосавай і Ўладзімера Калача», — інтрыгуе Павал Баркоўскі.

Спадара Баркоўскага вельмі цешыць, што беларусы ў вымушанай эміграцыі, якія пакінулі свае бібліятэкі на радзіме, набываюць кніжныя шафы, паліцы — каб было дзе захоўваць новыя кнгі.

«Для тых беларусаў, каму важна мець сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, перадаваць яе дзецям, самы добры шлях — рабіць гэта праз кнігі, праз тое, што стварае менавіта пісьмовую гісторыю нацыі. Прайшоў ужо немалы час, каб пачаць думаць, што трэба набыць ну калі ня кніжную шафу, то хаця б кніжную палічку», — дае параду арганізатар «Прадмовы».

​
XS
SM
MD
LG