Стэфановіч заявіў, што ўлады прыхоўваюць маштабы рэпрэсіяў, і назваў умовы сапраўднай дээскаляцыі

 Валянцін Стэфановіч пасьля вызваленьня і выезду зь Беларусі. Вільня, 19 сакавіка 2026
Валянцін Стэфановіч пасьля вызваленьня і выезду зь Беларусі. Вільня, 19 сакавіка 2026

Зьмяншэньне ці рост колькасьці палітзьняволеных не адлюстроўвае рэальнага стану рэпрэсіяў і глыбіні праўнага крызісу ў Беларусі, які з 2020 году толькі паглыбляецца.

Так мяркуе праваабаронца «Вясны», былы палітзьняволены Валянцін Стэфановіч.

Ён прапануе шэраг захадаў, каб сапраўды зьмяніць праўную сытуацыю ў лепшы бок. У тым ліку ня проста спыніць крымінальны перасьлед з палітычных матываў, але скасаваць пакет «антыэкстрэмісцкіх» законаў.

Статыстычная ілюзія

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 26 лістапада 2026 году ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 886 чалавек. Але аналіз сытуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі вымагае ўліку розных якасных паказьнікаў, а ня толькі агульнай колькасьці палітвязьняў, бо ваганьні ў іхных сьпісах неканечне сьведчаць, што інтэнсіўнасць палітычнага перасьледу зьніжаецца, мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«Ёсьць яшчэ шэраг розных паказьнікаў, якія мы ацэньваем: свабода выказваньня думкі, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў, агульны стан палітычных і грамадзянскіх свабодаў, суровасьць і тэрміны вынесеных прысудаў, узровень закрытасьці судовых працэсаў і інфармацыі пра рэпрэсіі, колькасьць заведзеных крымінальных справаў „экстрэмісцкай“ скіраванасьці, а таксама магчымасьць свабоднай дзейнасьці незалежных мэдыя, няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў.

Ацэньваючы гэты сьпіс, мы бачым, што ў краіне сёньня фактычна дэмантаваныя асноўныя грамадзянскія і палітычныя свабоды. Іх немагчыма рэалізаваць на практыцы, хоць яны па-ранейшаму гарантуюцца Канстытуцыяй», — даводзіць Валянцін Стэфановіч.

Справа Вольгі Харламавай

Паводле Стэфановіча, зафіксаваная колькасьць палітвязьняў — гэта мінімум дадзеных, якія маюць праваабаронцы, але ў рэальнасьці лічба большая. Многія сем’і не паведамляюць пра факты затрыманьняў і перасьледу, асьцерагаючыся рэпрэсіяў, а між тым маніторынгі, якія вядуць праваабаронцы, ахопліваюць толькі дакумэнтальна пацьверджаныя інцыдэнты. Каб схаваць сапраўдныя маштабы рэпрэсіяў, дзяржаўныя органы сьвядома спынілі публікацыю судовых рашэньняў і рэестраў, і ў выніку гэтыя зьвесткі недаступныя грамадзкасьці, нагадвае Валянцін Стэфановіч.

«Але мы бачым, што надалей прысуджаюць рэальныя тэрміны пазбаўленьня волі, прычым даволі вялікія. Літаральна днямі вынесены прысуд Вользе Харламавай, перад гэтым мы даведаліся яшчэ пра шэраг працэсаў, калі людзей асудзілі на пяць, на сем і больш гадоў», — сказаў праваабаронца.

Палітоляг Вольга Харламава ў лістападзе 2026 году была асуджаная на 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу ( «здрада дзяржаве»). Таксама Вользе Харламавай прызначылі штраф у 1500 базавых велічыняў (67 500 рублёў). Жанчыну арыштавалі яшчэ ў чэрвені 2025 году.

Муж Вольгі Харламавай Ігар Тышкевіч, які жыве ва Ўкраіне, расказаў, што за паўтара года сьледзтва артыкулы абвінавачаньня ня раз мянялі і аказвалі на ягоную жонку працяглы псыхалягічны ціск.

«За гэты час было ня менш за два пэрыяды, кожны па некалькі месяцаў, калі Вольгу жорстка спрабавалі псыхалягічна зламаць. Пра гэта ўскосна сьведчыла спыненьне ўсяго ліставаньня — у тым ліку лістоў ад сваякоў, родных і знаёмых, — а таксама іншыя прыкметы», — расказаў «Вясьне» Ігар Тышкевіч.

З «хіміі» у калёнію. Справа пэнсіянэркі Алы Захаравай

Яшчэ адзін важны чыньнік рэпрэсіяў, паводле Стэфановіча, — гэта тое, што адбываецца з былымі палітвязьнямі, якія пасьля вызваленьня застаюцца ў Беларусі. Працэдуры вызваленьня палітвязьняў не прадугледжваюць рэабілітацыі або зьняцьця суджанасьці, іх праўны статус абмежаваны адміністрацыйнымі загадамі і абавязкамі, адзначыў Валянцін Стэфановіч.

«Палітзьняволеных вызваляюць або па заканчэньні тэрмінаў, або паводле працэдуры памілаваньня. Некаторым у дакумэнтах аб вызваленьні дазваляюць жыць і заставацца на тэрыторыі Беларусі, што само празь сябе красамоўна сьведчыць аб праўным становішчы ў краіне. Бо Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду вырашаць, дзе ім жыць, права свабодна пакідаць сваю краіну і вяртацца ў яе, а не каб нехта з панскай ласкі дазваляў чалавеку жыць у сябе, у сваёй краіне», — мяркуе Стэфановіч.

Таксама праваабаронца адзначыў сыстэмную дыскрымінацыю былых палітвязьняў. Паводле Стэфановіча, пра гэта сьведчаць шматлікія факты ануляваньня пасьведчаньняў асобы, блякаваньне рахункаў і ўнясеньне ў «экстрэмісцкія» сьпісы, што не дае людзям знайсьці афіцыйную працу.

«Гэта маргіналізацыя былых палітвязьняў, а калі гаварыць юрыдычнаю моваю — дыскрымінацыя грамадзян з матываў палітычных перакананьняў. Шмат каго з палітвязьняў вызваляюць з прэвэнтыўным наглядам, што значыць цэладзённы кантроль з боку сілавых ведамстваў. Ім забараняюць пакідаць жытло пасьля пэўнага часу ўвечары і правяраюць у кожны час содняў. Парушэньне прэвэнтыўнага нагляду — гэта адміністрацыйнае правапарушэньне, а паўторнае парушэньне — ужо шлях да крымінальнай адказнасьці. Нядаўна гэтак трапіла ў месцы пазбаўленьня волі пэнсіянэрка Ала Захарава», — нагадаў праваабаронца.

Паводле «Гомельскай Вясны», 72-гадовай пэнсіянэрцы Але Захаравай зь вёскі Чырвоная Буда Добрускага раёну замянілі «хатнюю хімію» на калёнію за тое, што яна не зьявілася на адзначэньне ў раённы аддзел міліцыі. Увесну 2025 году пэнсіянэрку пакаралі трыма гадамі «хіміі» за «абразу Лукашэнкі», а сёлета ў красавіку жанчына на паўтара году патрапіла ў калёнію № 4 у Гомлі.

Умовы сапраўднай дээскаляцыі

Ацэнка палітычнага клімату ня можа грунтавацца толькі на «хвалях» вызваленьня палітзьняволеных, мяркуе Валянцін Стэфановіч.

«Нельга сьцьвярджаць, што сытуацыя ў краіне палепшылася, калі выйшлі пяць чалавек, а пасадзілі трох, але пры гэтым працягваецца ціск на былых палітвязьняў і супраць іх пачаліся трансьмежавыя рэпрэсіі. Лічу, што ня трэба скажаць сытуацыю, шукаць паляпшэньні там, дзе іх няма. Калі будуць паляпшэньні, мы пра гэта абавязкова скажам», — кажа былы палітвязень.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што як сьведчаньне рэальнага зьніжэньня напружанасьці можна было б разглядаць мараторый на ўжываньне «антыэкстрэмісцкіх» законаў.

«Першы крок — гэта каб спынілі крымінальны перасьлед з палітычных матываў, а тады і скасавалі гэты пакет „антыэкстрэмісцкіх“ законаў, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам і выкарыстоўваюцца выключна для барацьбы з іншадумствам», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Паводле назіраньняў праваабаронцы, практыка «ручнога кіраваньня» рэпрэсіўнай машынай, якая склалася ў Беларусі, дазваляе прыпыніць перасьлед безь неадкладных зьменаў у кодэксах, што спыніла б масавыя арышты. Але наступным крокам мусіць быць скасаваньне рэпрэсіўных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, падкрэсьлівае праваабаронца.

«Такое мы ўжо бачылі, напрыклад, у 2015 годзе, калі былі вызваленыя палітвязьні і пачалася так званая „макееўская“ лібэралізацыя. Хоць заканадаўства заставалася нязьменным і адпаведныя артыкулы заставаліся, але крымінальныя справы паводле іх проста не заводзілі.

Апроч таго, патрэбныя спыненьне раней заведзеных крымінальных справаў і гарантыі вяртаньня тым, хто быў вымушаны зьехаць з краіны, а таксама гарантыі таго, што іх ня будуць зноў перасьледаваць», — лічыць Валянцін Стэфановіч.

Наступным этапам мусіць стаць рэабілітацыя ўсіх пацярпелых ад рэпрэсіяў і адказнасьць перад законам тых, хто зьдзяйсьняў злачынствы супраць чалавечнасьці, чым зьяўляецца і практыка гвалтоўных дэпартацыяў, мяркуе праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Хто такі Валянцін Стэфановіч

  • Валянцін Стэфановіч — сябра Рады «Вясны», былы віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
  • Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня 2021 года падчас масавага перасьледу праваабаронцаў у Беларусі.
  • У сакавіку 2023 года суд прызначыў яму дзевяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па палітычна матываванай справе.
  • 19 сакавіка 2026 году ў Менск прыехаў з візытам Джон Коўл, спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
  • У выніку перамоваў Лукашэнка памілаваў 250 палітвязьняў: 235 зь іх былі вызваленыя ўнутры краіны, а 15 — вывезьлі ў Літву. Сярод дэпартаваных быў і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
  • Стэфановіч цяпер жыве ў Варшаве і вярнуўся да праваабарончай дзейнасьці.
​
XS
SM
MD
LG