Анархіста Рэзановіча на месяц зьмяшчалі ў ПКТ
Палітвязень Дзьмітры Рэзановіч месяц правёў у «памяшканьні камэрнага тыпу» (ПКТ). Пра гэта паведамляе «Право на восстание».
Дзьмітры Рэзановіч — беларускі анархіст, якога затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году, калі ён перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу разам з Ігарам Аліневічам, Сяргеем Раманавым і Дзьмітрыем Дубоўскім. Іх абвінавацілі ў падпалах дзяржаўнай маёмасьці. У сьнежні 2021 году Менскі абласны суд прызначыў Дзьмітрыю Рэзановічу 19 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У красавіку 2024 году яго паўторна асудзілі паводле артыкулу 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы») і дадалі яшчэ дзевяць месяцаў зьняволеньня.
Цяпер Дзьмітрыя трымаюць у турме № 1 у Горадні.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.
Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч чалавек.