Прызначэньне праваабаронцы «Вясны» Валянціну Стэфановічу Француска-нямецкай прэміі «За правы чалавека і вяршэнства права» адбылося 10 сьнежня 2025 года, аднак дзеля бясьпекі яго імя тады не апублікавалі сярод 15 уганараваных праваабаронцаў з усяго сьвету.
Стэфановіч тады знаходзіўся ў турме №4 у Магілёве і толькі пазьней даведаўся пра ўзнагароду.
«Недзе летась у сьнежні, праз некалькі дзён маці ў лістах ці праз званок паведаміла. А потым у студзені было спатканьне з сястрой і тая распавяла пра прэмію больш падрабязна. Але толькі цяпер, ужо на волі, стала магчымым агучыць гэта», — распавёў Свабодзе сам праваабаронца пра абставіны, у якіх упершыню даведаўся пра прэмію.
Той факт, што яго ўганаравалі француска-нямецкай прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства права» Стэфановіч лічыць паказальным для сытуацыі ў Беларусі:
«Сама прэмія мяне вельмі ўсьцешыла, бо гэта важная адзнака маёй шматгадовай праваабарончай дзейнасьці. Аднак разумею, што гэтая прэмія маю такую асаблівасьць, што ён узнагароджваюць праваабаронцаў, якія змагаюцца за правы чалавека ў найбольш небясьпечных, крызісных для правоў чалавека краінах. На жаль, наша Беларусь зараз адносіцца да такога шэрагу краінаў, і гэты крызіс з правамі беларусаў працягваецца», — сказаў Свабодзе Валянцін Стэфановіч.
Француска-нямецкая прэмія «За правы чалавека і вяршэнства права» была заснаваная ў 2016 годзе і штогод уручаецца міністэрствамі замежных спраў Францыі і Нямеччыны выдатным праваабаронцам з усяго сьвету.
Беларусы раней ужо адзначаліся гэтай узнагародай: у 2019 годзе — старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», пазьнейшы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і ў 2021 годзе — старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.
Хто такі Валянцін Стэфановіч
- Валянцін Стэфановіч — сябра Рады «Вясны», былы віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
- Валянцін Стэфановіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года падчас масавага перасьледу праваабаронцаў у Беларусі. У сакавіку 2023 года суд прызначыў яму дзевяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па палітычна матываванай справе.
- 19 сакавіка 2026 году ў Менск прыехаў з візытам Джон Коўл, спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
- У выніку перамоваў Лукашэнка памілаваў 250 палітвязьняў: 235 зь іх былі вызваленыя ўнутры краіны, а 15 — вывезьлі ў Літву. Сярод дэпартаваных быў і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
- Стэфановіч цяпер жыве ў Варшаве, аднаўляе здароўе і, зь яго словаў, «ужо прыступіў да праваабарончай дзейнасьці».
Форум