Аляксандар Кабанаў: Лукашэнка прадае беларусаў на забой, каб атрымаць палітычныя пячэнькі ад Пуціна

Вызваленыя ў выніку абмену расейскія ваеннапалонныя пазуюць перад камэрамі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае архіўнае фота.
Вызваленыя ў выніку абмену расейскія ваеннапалонныя пазуюць перад камэрамі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае архіўнае фота.

Пагаварылі з прадстаўніком Belpol Аляксандрам Кабанавым у эфіры «Піку Свабоды» пра беларусаў, якія ідуць ваяваць на баку Расеі, стаўленьне ўладаў Беларусі да наймітаў, што чакае беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон.

Кабанаў размаўляў з палоннымі грамадзянамі Беларусі ва Ўкраіне, ён аўтар фільма «Што чакае беларусаў на вайне? Гісторыя акупанта», які выйшаў сёлета ў ліпені.

— Нядаўна 18-гадовы хлопец з беларускага Дуброўна таемна ад маці паехаў у Расею і падпісаў кантракт для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Маці зьвярталася па дапамогу ў міліцыю, але ёй адказалі, што сын паўналетні і сам прыняў рашэньне. Праз гэтую гісторыю распачалася дыскусія ў сацсетках, ці шкадаваць хлопца, хто вінаваты — сям’я, атачэньне, прапаганда. Як вы бы паставіліся да гэтай гісторыі?

— Кожны чалавек будзе ставіцца да яе па-свойму, зыходзячы са свайго досьведу, палітычных і грамадзкіх пазыцыяў. Напрыклад, родныя гэтага хлопца, канечне, будуць яго шкадаваць і неяк апраўдваць ягоны ўчынак. Ёсьць шмат людзей, якія скажуць: вось яшчэ нехта празь нейкі час прападзе, зьнікне, а потым апынецца ў сьпісе загінулых — так яму і трэба. У людзей будуць розныя меркаваньні.

Ідзе вельмі моцная расейская прапаганда, і ў Беларусі яна не спыняецца. На расейскіх каналах украінцы — нацысты, фашысты і гэтак далей. Ім прыпісваюць шмат дрэнных учынкаў. Усё гэта працягвае гучаць у вушах беларусаў. А тое, што адбываецца непасрэдна ў сацыяльных сетках, — гэта ўжо ня проста прапаганда, гэта рэкляма. Рэкляма для такіх хлопцаў, ды ня толькі хлопцаў, але і дарослых людзей: вы можаце атрымаць грошы, вялікія грошы. І гэтая рэкляма выглядае даволі бясьпечна. Маўляў, вы едзеце, атрымліваеце грошы, а ўсе рызыкі і наступствы нідзе не прапісаныя. Ніхто не расказвае, што зь імі будзе і як усё скончыцца.

У беларускай мэдыяпрасторы гэтага таксама вельмі мала. Калі казаць пра незалежныя СМІ, якія ўздымаюць гэтыя пытаньні, то за прагляд такіх відэа можна трапіць за краты. А за рэкляму, якая ідзе з боку Расеі, ніякай адказнасьці ня нясуць ані ўлады, ані тыя, хто яе разьмяшчае. Таму вынік цалкам чаканы.

А як я ставіўся да людзей, зь якімі размаўляў сам-насам у лягеры ваеннапалонных? Ніяк. Мне не было іх ні шкада, ні злосна на іх. Не было ніякіх пачуцьцяў, нейкая пустата. Калі мы камандай езьдзілі здымаць гэты праект, то пабывалі ў розных месцах. Былі на ўкраінскіх вайсковых могілках. На фатаздымках — сьветлыя твары, маладыя хлопцы і дзяўчаты. Вось іх шкада. Пабачыў, напрыклад, удаву зь дзецьмі, якая прыйшла наведаць магілу мужа, — вось іх шкада.

А калі трапіў непасрэдна ў лягер ваеннапалонных, адчуваньняў не было ніякіх. Злосьці таксама. Заўсёды ўзьнікала пытаньне: «Што вы тут робіце? Як вы, дарослыя людзі, што ў вас у галаве? Як вы апынуліся тут?» Мы якраз і задавалі гэтыя пытаньні, каб разабрацца, што здарылася і якім чынам чалавек трапляе ў такую сытуацыю. Што адбываецца з чалавекам, які бачыць гэтую рэкляму, які, напрыклад, трапіў у расейскую калёнію, адкуль шмат беларусаў адпраўляюць на вайну супраць Украіны?

Мы хацелі зразумець гэта і патлумачыць нашым гледачам. Але зрабіць высновы складана. Для гэтага патрэбная вялікая колькасьць апытаных, сур’ёзная сацыялягічная праца, дасьледаваньні псыхолягаў. Толькі так можна атрымаць больш дакладныя вынікі на навуковым узроўні.

— У сьнежні 2022 году расейскі незалежны тэлеканал «Дождь», які пасьля пачатку вайны пераехаў у Латвію, апынуўся ў цэнтры скандалу. Вядучы ў эфіры казаў пра парушэньні падчас мабілізацыі і пра тое, што канал спадзяецца, што здолеў дапамагчы многім расейскім вайскоўцам з абсталяваньнем і элемэнтарнымі ўмовамі на фронце. У выніку ў «Дождя» забралі ліцэнзію ў Латвіі, і тэлеканал быў вымушаны пераехаць у Нідэрлянды. Выраз «наши мальчики» у дачыненьні да расейскіх салдатаў стаў мэмам. Як вы думаеце, калі грамадзянаў Беларусі ў расейскім войску будзе ўсё больш, ці не пачнуць беларусы гаварыць пра «нашых беларускіх хлопчыкаў», якіх падманулі і якіх шкада?

— Я гэты тэлеканал не гляджу. Я ня вельмі добра стаўлюся да «добрых расейцаў», таму што ў нас розныя мэты. Мы за незалежную Беларусь, а яны — я ня ведаю, за што. Але цяпер мы абмяркоўваем ня іх, а тое, ці магчымы такі прыклад у Беларусі. Я лічу, што ён немагчымы, таму што ў беларусаў з Украінай заўсёды былі больш блізкія адносіны. У нас шмат родзічаў ва Ўкраіне і гэтак далей. Я ня ведаю беларусаў, якія хоць раз у жыцьці ня былі ва Ўкраіне. Украінцы таксама часта прыяжджалі да нас у госьці, у нас шмат родзічаў. У нас былі зусім іншыя адносіны, чым з расейцамі. Украінцы ставяцца да нас па-іншаму, бо ведаюць, што ў нас няма імпэрскіх амбіцыяў і мы ня маем нічога супраць іх. Мы шчырыя і адкрытыя людзі. Таму наратываў пра «добрых хлопчыкаў», якіх падманулі, пра тое, што яны ахвяры, — я думаю, ня будзе.

Тут трэба разумець адно: кантракт падпісваюць дарослыя людзі. Гэта ня 12-гадовыя і ня 10-гадовыя дзеці. Трэба разьбірацца ў прычынах, зь якіх яны там апынуліся. Насамрэч асноўных прычынаў няшмат. Там няма людзей, якія ідуць ваяваць супраць фашызму ці нацызму. Такіх, можа, адзін-два чалавекі і знойдзецца, але гэта будуць, скажам так, звычайныя алкашы. Усе астатнія ідуць туды за грашыма. Яны ідуць туды не таму, што іх нехта падмануў, а таму, што ім патрэбныя грошы. За гэтыя грошы яны гатовыя ісьці на вайну. А ісьці на вайну — значыць забіваць.

— У Беларусі ёсьць крымінальная адказнасьць за найміцтва, за ўдзел у войску іншай краіны. Улады перасьледуюць каліноўцаў, перасьледуюць іхных родных, якія засталіся ў Беларусі. Нядаўна быў завочны працэс супраць беларусаў, якія ваююць на баку Ўкраіны. І зь іншага боку, практычна нічога ня робіцца супраць тых, хто ваюе на баку Расеі. Як вы мяркуеце, чаму? І калі б такія дзеяньні прадпрымаліся, ці было б менш людзей, якія траплялі б пад гэтую вярбоўку?

— Я хачу яшчэ дадаць. Ёсьць крымінальная адказнасьць, калі ты пералічыш нават пяць беларускіх рублёў на дапамогу ўкраінцам, ЗСУ і гэтак далей. Пяць ці дзесяць рублёў пералічыш — і ўсё, гэта ўжо крымінальная адказнасьць. Не абавязкова нават хацець трапіць ва Ўкраіну і ваяваць за яе. Дастаткова і гэтага. Ёсьць крымінальная адказнасьць за камэнтары ў падтрымку Ўкраіны. Дастаткова нават напісаць, што ты за мір. Проста сказаць «Не вайне» — ужо можа быць падставай для крымінальнага перасьледу. Таму, канечне, шалі крымінальнай адказнасьці вельмі моцна перакошаныя.

У нас ёсьць шмат артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія ніколі не працавалі. Той самы выпадак, напрыклад, з адказнасьцю за фальсыфікацыю выбараў. Усё залежыць ад таго, на што ўлады хочуць заплюшчваць вочы, а на што — зьвяртаць увагу. Увесь інтэрнэт нібыта пастаўлены пад кантроль, каб сачыць, хто якія камэнтары піша. На гэта ёсьць сілы.

Калі б улады спынілі, напрыклад, гэтую рэкляму ў сацыяльных сетках, значна менш людзей трапляла б на вайну. Чалавек можа быць у такім стане, што робіць нейкі крок, не да канца разумеючы, чым гэта скончыцца. Магчыма, празь нейкі час ён бы падумаў: «Ды не, можа, і ня трэба». Але рэкляма лезе, лезе і лезе. Яна працуе як варонка, якая ўцягвае ўсё больш людзей.

Калі б улады рэагавалі на той самы артыкул Крымінальнага кодэксу пра найміцтва, шмат хто задумаўся б і вырашыў, што ня трэба гэтага рабіць. Калі мы размаўлялі зь беларусамі, якія ўжо трапілі ў палон, яны ўсе чамусьці былі ўпэўненыя, што калі ўкраінскі бок абмяняе іх на кагосьці з боку Беларусі, то ім нічога ня будзе.

Яны прыводзілі шмат прыкладаў размоваў з роднымі. У палоне ёсьць магчымасьць патэлефанаваць і паразмаўляць зь сям’ёй. Родныя хадзілі ў ваенкамат, зьвярталіся ў РУУС ці ў іншыя ўстановы. Ім казалі: «Ды не, вярнуцца — і нічога ня будзе». І пры гэтым пыталіся: «А на якім баку яны ваююць?» Калі скажаш, што на баку Ўкраіны, то і родным дастанецца. А калі на баку Расеі — ніякіх пытаньняў.

У мяне было адчуваньне, што Лукашэнка без усялякіх заканадаўчых актаў проста прадае беларусаў. Проста прадае на забой, каб атрымаць нейкія палітычныя пячэнькі ад Пуціна, паказаць, што вось і нашыя там ёсьць.

— З таго, што вам вядома, ці такія самыя грошы атрымліваюць беларусы, ці такія самыя кампэнсацыі атрымліваюць сем’і загінулых, як і расейцы?

— Мы размаўлялі з тымі людзьмі, якія трапілі ў палон. Яны нічога не атрымалі. Шмат хто казаў, што ім нават не заплацілі тых грошай, якія былі прадугледжаныя падпісаным кантрактам. Большасьць тых, зь кім мы размаўлялі, нядоўга прабылі на фронце. Ёсьць людзі, якія былі там два дні, хтосьці трапіў у палон у першы ж дзень. І большасьць зь іх казалі: «Ды бог зь імі, з гэтымі грашыма. Добра, што мы засталіся жывыя, бо акрамя сьмерці там нічога няма». Пасьля таго як яны ўсё гэта перажылі, ім ужо не да грошай. Скончыліся мары пра новы дом, новую машыну з салёну ці нешта яшчэ. Такіх думак ужо няма.

Мне было цікава паслухаць пра грошы. Я задаваў усім пытаньні пра іх, потым яшчэ размаўляў зь іншымі людзьмі. Але бачыў, што гэтае пытаньне для іх нават не трэцяе, не чацьвёртае і не пятае. Яно недзе вельмі далёка. Ім гэта зусім нецікава. У іх цяпер на першым месцы адна думка: нам проста пашанцавала, што мы жывыя. Там шмат параненых. У палон трапляюць розныя людзі. Хтосьці кажа: «Я ўвесь паранены, тут дзірка, там дзірка, тут костку перабіла». Але ім ужо ўсё роўна. Галоўнае — я жывы, і гэта добра. Таму што са мной ішло столькі людзей, і яны ўсе загінулі.

А другое — яны цяпер ня ведаюць, што будзе далей. У іх ёсьць адчуваньне, што Лукашэнку яны не патрэбныя. Як грамадзяне Беларусі яны яму проста не патрэбныя.

​
XS
SM
MD
LG