Некалькі гадоў запар у Менску й іншых беларускіх гарадах расьлі цэны на жыльлё. У сэгмэнце элітнай нерухомасьці яны дасягнулі мільённых значэньняў у далярах. Напрыклад, у верасьні ў ваколіцах Менску ў элітным квартале Miruar ля Ждановічаў набылі вілу за 4,45 мільёна даляраў. Гэта вялікі дом на 521,9 квадрата з участкам 17 сотак. Угода адбылася за рэкордную суму: раней цана жытла ў Беларусі не перавышала 3 мільёнаў даляраў.
Не адстаюць у цэнах і кватэры. У Менску адну зь іх у ліпені прадалі за 1,2 мільёна даляраў. Гэта на вуліцы Грыбаедава, чатырохпакаёўка на 168 квадратаў. То бок выйшла па 7161 даляры за квадрат.
Найдаражэй заплацілі ў кастрычніку за кватэру ў новым комплексе Depo ў раёне менскай вуліцы Кісялёва, у цэнтры. За яе аддалі 740 тысяч даляраў. Цана квадрата там склала 8392 даляры.
«Цяпер бы давялося лезьці ў іпатэку»
Асноўны скачок цэнаў на нерухомасьць прыпаў на 2025–2026 гады. За год (ліпень 2025 да ліпеня 2026 году) нерухомасьць у Менску падаражэла на 27%. У жніўні рост цэнаў пачаў запавольвацца і склаў 3% за месяц, а ў верасьні толькі 0,2%. Агулам за 6-7 апошніх гадоў цана на кватэры ў пэўных выпадках вырасла на 50–70%. Напрыклад, двухпакаёўку ў хрушчоўцы ў Менску ў 2019 годзе можна было набыць за 50–60 тысяч даляраў. Цяпер такія каштуюць удвая даражэй.
Жыхар Менску на ўмовах ананімнасьці ў размове з Свабодай расказаў, што набыў кватэру ў 2019 годзе ў блізкім да цэнтру раёне Менску.
«Я нядаўна глядзеў, колькі каштуюць кватэры ў маім раёне. З таго часу, як я набыў сваю, яны падаражэлі прыкладна на 50%. Вельмі рады, што тады ўдалося разабрацца з набыцьцём, бо цяпер бы давялося лезьці ў іпатэку ці наагул паехаў бы за мяжу жыць. Прадаваць пакуль ня думаў, толькі калі вырашу зьяжджаць з Беларусі. Тады можна будзе тут прадаць, за мяжой набыць і паступова выплачваць там іпатэку», — расказвае суразмоўца.
У кастрычніку пасьля піку ў 2605 даляраў за квадрат у Менску кватэры пачалі таньнець. Цяпер жа сярэдняя цана прапановаў апусьцілася да 2580 даляраў за квадрат. Гэта бачна з статыстыкі выданьня Realt.by.
Напрыклад, двухпакаёвую кватэру ў сталічным раёне Серабранка пасьля рамонту прадаюць за 340 000 рублёў, ці 113,5 тысячы даляраў.
Невялікую аднапакаёўку на 35,1 квадрата ў сталічнай Вясьнянцы хочуць прадаць за 260 887 рублёў, ці за 87,1 тысячы даляраў.
«Мы з мужам хацелі купіць кватэру ў Менску яшчэ некалькі гадоў таму, ужо былі гатовыя да гэтага. Частку сумы мелі самі, штосьці хацелі пазычыць у родных. Абое працуем у прыватных замежных кампаніях, заробкі маем там жа, у крэдыты ад беларускіх банкаў не хацелася ўвязвацца. І праз тое, што цэны моцна вырасьлі, мы набыць сваё жыльлё так і не змаглі. Сочыш за прапановамі месяц, раісься з роднымі, а праз тыдзень яна (выбраная кватэра. — РС) ужо каштуе на 10 тысяч даляраў больш», — расказвае яшчэ адна жыхарка Менску ў размове з Свабодай (імя не называем дзеля бясьпекі. — РС).
З словаў суразмоўцы, у выніку сям’я вырашыла дачакацца больш стабільнай сытуацыі.
Што да іншых гарадоў, то недзе цэны таксама зьніжаюцца, але недзе — не. Напрыклад, у Берасьці з пачатку месяца цана квадрата на другасным рынку зьнізілася да 1447 даляраў за мэтар з 1464 у пачатку месяца. У Магілёве цана квадрата на другасным рынку зьнізілася да 1168 даляраў, у пачатку месяца была 1172. А вось у Горадні, напрыклад, цана квадрата на другасным рынку за лістапад амаль не зьмянілася.
«Пакупнікі стаміліся і сталі больш сур’ёзна ставіцца да нерухомасьці»
Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці зь некалькімі спэцыялістамі, якія працуюць на беларускім рынку нерухомасьці. Зь іх назіраньняў, цэны доўгі час трымалі рост, бо рабілася менш прапановаў. Па-першае, людзі менш ахвотна прадавалі жыльлё, па-другое — зьменшыўся аб’ём будаўніцтва ў Менску.
«Напрыклад, у кастрычніку прайшло 1140 угодаў, што вельмі мала для Менску. Падобны спад быў толькі ў студзені, калі колькасьць угодаў ледзь дарасла да тысячы. Цэны пачынаюць зьніжацца, але іх зьніжэньне стопарыцца, бо скарачаецца колькасьць аб’ектаў для продажу. То бок людзі менш ахвотна прадаюць свае кватэры. Мае знаёмыя думалі прадаваць кватэру, а пасьля перадумалі, бо няясна куды ўкладаць гэтыя сродкі. Хоць яны б яшчэ пасьпелі прадаць яе выгадна», — расказаў адзін з спэцыялістаў.
Па назіраньнях іншага экспэрта, крэдыты на жыльлё людзі бяруць цяпер таксама менш ахвотна, хоць яны даступныя. Увосень некаторыя банкі зьнізілі крэдытныя стаўкі і павялічылі тэрміны крэдытаваньня.
«Крэдытны бум ужо прайшоў: насельніцтва і так моцна закрэдытаванае, далей ужо няма куды. Хутчэй за ўсё, цэны будуць крыху трымацца дзякуючы росту долі новабудоўляў. Цяпер вельмі шмат угодаў адбываецца менавіта ў новабудоўлях, дый на другасным рынку прадаюць пераважна новае жыльлё. Забудоўцы падымаюць цэны, а потым прадаўцы на другасным рынку хочуць ня толькі вярнуць укладзеныя грошы, але і зарабіць. Імаверна, менавіта гэта і будзе падтрымліваць рынак. Але вялікага, стабільнага й імклівага росту цэнаў наўрад ці варта чакаць. Хутчэй за ўсё, яны будуць проста вагацца, тупаць на месцы», — прагназуе суразмоўца.
Ці чакаць абвалу рынку нерухомасьці
У Менску цэны на жыльлё трымаюцца таму, што ўлады зьбіраюцца абмяжоўваць там жыльлёвае будаўніцтва, мяркуе старшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна.
«Улады заяўляюць, што будуць абмяжоўваць аб’ёмы жыльлёвага будаўніцтва ў сталіцы. У пэўнай ступені гэта таксама можа спрыяць таму, што прадаўцы не імкнуцца зьніжаць цэны і арыентуюцца не на зьніжэньне, а нават на рост. Пра тое, што жыльля пакуль недастаткова, сьведчыць і індэкс рынкавай прапановы. Індэкс адлюстроўвае суадносіны колькасьці кватэраў, выстаўленых на продаж, і колькасьці рэальных угодаў за месяц, гэта значыць паказвае, за колькі месяцаў можна прадаць усю прапанову. Калі дэфіцыту няма, паказьнік вырастае да 7–8 месяцаў. Цяпер жа ён складае 4,9 месяца, таму пакуль нельга сказаць, што рынак насычаны кватэрамі. І гэта таксама ўплывае на цэны», — зазначае экспэртка.
Другі чыньнік утрыманьня высокіх цэнаў — даступныя банкаўскія крэдыты, дадае суразмоўца.
Доўгае стымуляваньне попыту на нерухомасьць можа прыводзіць да эканамічных наступстваў. Напрыклад, у ЗША ў 2006–2008 гадах адбыўся крызіс банкаўскіх неплацяжоў, бо дагэтуль банкі выдавалі іпатэчныя крэдыты людзям зь ня вельмі добрай крэдытнай гісторыяй. У выніку цэны дасягнулі піку і пачалі зьніжацца, а ў людзей скончыўся льготны пэрыяд крэдыту, і празь іхную няздольнасьць плаціць банкі адбіралі дамы і выстаўлялі іх на продаж самі. Прапанова расла і цэны падалі яшчэ мацней, што прывяло ўжо да глябальнага эканамічнага крызісу.
У Беларусі ў 2008–2009 гадах таксама здарыўся абвал цэнаў на рынку нерухомасьці, але зь мякчэйшымі наступствамі. У 2007–2008 гадах цэны на жыльлё ў Менску дасягнулі гістарычнага на той момант максымуму. Гэта адбылося праз рост даходаў людзей і даступныя крэдыты. Увосень 2008-га попыт пачаў спакваля падаць, а цэны — зьніжацца. Затым здарыўся глябальны фінансавы крызіс і дэвальвацыя ў пачатку 2009 году. Праз гэта цэны на жыльлё моцна і хутка ўпалі. Калі на піку квадрат на другасным рынку каштаваў да 2000 даляраў, то ўжо ў канцы 2009 году — 1424 даляры.
Анастасія Лузгіна кажа, што цяпер каляпсу на беларускім рынку нерухомасьці ня будзе. Хутчэй магчымы паступовы працэс зьніжэньня цэнаў у далярах.
«Ці чакае беларускі рынак рэзкае падзеньне або каляпс? Наўрад ці: для гэтага няма ўмоваў. Магчыма, у далярах цэны крыху зьнізяцца, але, хутчэй за ўсё, гэта будзе вельмі паступовы працэс. Асабліва гэта імаверна, калі даляр пачне даражэць адносна беларускага рубля. Калі ж, нягледзячы на танныя крэдыты, рост даходаў людзей будзе запавольвацца, гэта таксама паўплывае на пакупніцкую здольнасьць і крэдытаздольнасьць пакупнікоў, а значыць, попыт можа зьнізіцца. У такім выпадку прадаўцы, натуральна, пачнуць пераглядаць цэны, але і гэта, хутчэй за ўсё, будзе вельмі плаўны працэс. Пры гэтым у намінальным выяўленьні ў беларускіх рублях цэны ўсё роўна будуць паказваць хай невялікі, але рост: даходы насельніцтва працягваюць расьці, крэдыты таньнеюць, а курс даляра пакуль стабільны», — заўважае экспэртка.
Форум