1307 рублёў (430 даляраў) за аднапакаёўку — такая сярэдняя цана арэнды жыльля ў Менску, згодна з аналітыкай агенцтва «Твая сталіца». Яшчэ ў красавіку аднапакаёўка каштавала на 13% менш — 1155 рублёў (380 даляраў).
Цэны растуць з пачатку году. Сярэдняя цана арэнды двухпакаёўкі — 1702 рублі (560 даляраў), трохпакаёўкі — 1884 рублі (620 даляраў).
Напрыклад, двухпакаёўка ў цэнтры, у раёне станцыі мэтро «Акадэмія навук», каштуе 2450 рублёў (806 даляраў) на месяц. Просяць 100% перадаплаты на месяц наперад, таксама наймальнік аплачвае камунальныя паслугі.
Аднапакаёўку каля станцыі мэтро «Маладзёжная» з эўрарамонтам здаюць за 1800 рублёў (592 даляры). Просяць перадплату за 2 месяцы. Дом адносна новы, 2012 год пабудовы.
Трохпакаёўку для студэнтаў на вуліцы Магілёўскай, у раёне мэтро «Інстытут культуры», здаюць за 2000 рублёў (657 даляраў). Просяць перадаплату за месяц.
Пакой на сталічнай вуліцы Прытыцкага, у раёне Каменная горка, здаюць за 400 рублёў на месяц (131 даляр). Адмыслова для студэнтаў. Таксама патрабуюць перадаплату за месяц.
Арэнда на содні таксама расьце. Зьняць аднапакаёўку ў Менску на содні згодна з абвесткамі ў сярэднім будзе каштаваць каля 200 рублёў (66 даляраў), двухпакаёўку — 275 рублёў (90 даляраў), трох пакаёўку — больш за 300 рублёў (99 даляраў). Згодна з дадзенымі сэрвісу «Куфар Падарожжа» за мінулы год, гэты рынак збольшага сэзонны. Найвышэйшыя цэны фіксуюць у жніўні, а найніжэйшыя ў лютым.
А што ў іншых гарадах
Згодна з дадзенымі сэрвісу «Куфар нерухомасьць», у абласных цэнтрах найбольш жыльлё каштуе ў Берасьці — мэдыянная цана арэнды 745 рублёў на месяц. У Горадні мэдыянная цана арэнды — 660–680 рублёў, у Гомлі — 600–615 рублёў, у Віцебску — 650 рублёў, у Магілёве — 600 рублёў.
Напрыклад, аднапакаёвую кватэру без рамонту ў Горадні можна знайсьці за 600 рублёў (197 даляраў) на месяц.
У Гомлі таксама аднапакаёўка бязь сьвежага рамонту будзе каштаваць 500 рублёў (164 даляры) на месяц.
Двухпакаёўку на дзень у Гомлі можна зьняць за 82 рублі (27 даляраў).
У Гародні арэнда двухпакаёўкі ў содні будзе каштаваць ад 77 рублёў (25 даляраў).
«Вырашылі эканоміць на вячэрах»
Маладая пара, Наста і Максім (імёны зьмененыя на просьбу суразмоўцаў), здымае аднапакаёўку ў менскім раёне Ўручча. Кватэра ў звычайнай 9-павярховай панэльцы 1992 году забудовы. Засяліліся летам 2025 году. Цана арэнды быў 900 рублёў (у эквіваленце прыкладна 300 даляраў) плюс камунальныя. Дамова з гаспадыняй была на адзін год.
«Звычайная аднапакаёўка: кухня 7 квадратаў, пакой 18 кв. мэтраў: канапа, тэлевізар, камода, шафа, „слупок“ з посудам. Ёсьць пралка, мікрахвалёўка, няма ні пасудамыйкі, ні кандыцыянэра. Не зусім „бабульнік“, але і не харомы», — кажуць суразмоўцы.
Нядаўна надышоў час працягу арэнды, гаспадыня хацела падняць яе на 250 рублёў: маўляў, цэны вырасьлі. Таргаваліся, сышліся на павышэньні ў 150 рублёў.
«Цяпер будзем плаціць 1050 рублёў (каля 350 даляраў) за арэнду, камуналка таксама вырасла). Я лічу, што гэта дорага. Вырашылі цяпер крыху эканоміць на вячэрах: радзей замаўляць піцу, бургеры, сусі (бо пасьля працы бывае лянота самім гатаваць). Яшчэ я думаю пераканаць мужа радзей езьдзіць на машыне на працу і ў выходныя ў цэнтар. Бо палічылі выдаткі на бэнзін і асабліва на паркоўку — амаль прасьлязіліся», — кажуць суразмоўцы.
«Пакуль будзе попыт — будзе прапанова»
Свабода абмеркавала на ўмовах ананімнасьці цяперашнія цэны на арэнднае жыльлё з спэцыялістамі, якія працуюць у сфэры нерухомасьці. На іх думку, цэны растуць і будуць расьці, бо ёсьць попыт.
Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што арэнда жыльля ў Беларусі — найперш сэрвіс паслуг, а інстытут гэтага сэрвісу ў Беларусі не сфармаваўся.
«Людзі ўспрымаюць сваю нерухомасьць як капітал. Яны не ацэньваюць рынак. Што б ні адбывалася з далярам, з рынкам, арэндадаўцы не глядзяць у бок зьніжэньня цаны. Гэта нонсэнс — каб умоўная гаспадыня пазваніла свайму арандатару і пачала казаць пра зьніжэньне цаны. Яны не хочуць на гэта глядзець, яны будуць верыць увогуле ў любыя казкі, у любыя міты, абы толькі не ісьці насустрач. І, напэўна, максымум, на што могуць спадзявацца арандатары ў такіх сытуацыях, — гэта тое, што ім ня будуць павышаць арэндную плату, ня кажучы ўжо пра тое, каб яе зьніжаць», — разважае суразмоўца.
Іншы нюанс — у апошнія гады асабліва ў Менску расьце колькасьць новага жыльля, даражэйшага, а рынак недарагога арэнднага жыльля, наадварот, зьмяншаецца.
«Умоўныя „бабуліны“ кватэры пакрысе абнаўляюцца, там робяць рамонт. Таксама зьяўляецца шмат новага жыльля. У дарагім сэгмэнце кватэраў становіцца болей, а ў танным меней. Адпаведна, калі чалавек ня можа сабе дазволіць здымаць за 400–450, для яго ня так шмат варыянтаў застаецца», — тлумачыць спэцыяліст.
Таксама, паводле суразмоўцы, арандатары часта ўспрымаюць варыянты з рынку нерухомасьці як дадзенасьць, то бок рэдка выказваюць незадаволенасьць і цаной, і якасьцю.
«Калі ты разглядаеш, умоўна, самы ніз рынку, то будзеш браць тое, што даюць, зыходзячы з таго, як у нас усё гэта ўладкавана і якая ўва ўсім гэтым псыхалёгія. Калі б людзі ў нас у гэтым пляне крышачку актывізаваліся і казалі б, умоўна, — слухайце, ну гэтая кватэра не каштуе 300 даляраў — то мо нешта б і зьмянілася. Зараз знаходзяцца людзі, якія так кажуць, але арэндадаўцы разумеюць, што хутчэй гэты канкрэтны чалавек нейкі не такі, занадта шмат хоча, і што гэта не паўсюдная карціна», — зазначае спэцыяліст.
Што да дзённай арэнды, то, на думку суразмоўцы, там стала вельмі шмат прапановаў, у пэўны момант іх стала больш за колькасьць ахвочых. І паколькі здаваць на содні стала нявыгадна, то ўладальнікі нерухомасьці пачалі пераключацца на доўгатэрміновую арэнду.
Яшчэ адзін суразмоўца адзначыў, што на цэны паўплывалі і госьці з Расеі, якія здымаюць жыльлё ў Беларусі, а таксама рост даходаў саміх беларусаў. Спыніцца рост коштаў можа тады, калі будзе зьмяншацца попыт, адзначае суразмоўца.
Форум