Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры гады ў Менску адкрыліся 5 гандлёвых цэнтраў, яшчэ 5 адкрыюць сёлета. Расказваем, навошта столькі і хто іх будуе

Гандлёвы цэнтар "Карона" ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Гандлёвы цэнтар "Карона" ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

У Менску працуе больш за сто гандлёвых цэнтраў, і іх колькасьць расьце апошнімі гадамі. Глядзім, ці на гэтых мільёнах квадратных мэтраў хапае гандляроў і наведнікаў.

Толькі за тры папярэднія гады ў беларускай сталіцы адкрыліся 5 новых гандлёвых цэнтраў. Агульная плошча ўсіх гандлёвых аб’ектаў у Менску — каля 1,5 мільёна квадратных мэтраў. Летась у Менску працавала 108 гандлёвых цэнтраў, цяпер будуюць новыя.

Якія гандлёвыя цэнтры адкрыліся ў апошнія гады і хто за імі стаіць

«Чэрвеньскі»

У траўні 2024 году ў Менску на месцы старога рынку адкрыўся гандлёвы цэнтар з такой жа назвай — «Чэрвеньскі». 34 000 квадратаў плошчы, 3 паверхі, але фактычна 4, бо «нулявы» паверх таксама абсталяваны гандлёвымі пунктамі, плюс ёсьць падземная паркоўка.

Пляцоўка былога Чэрвеньскага рынку мае доўгую гісторыю. Яшчэ ў 2008 годзе зьявіліся зьвесткі аб закрыцьці гэтага рынку, які існаваў з пачатку XX стагодзьдзя. Пазьней пляцоўку аддалі іранскім інвэстарам — кампаніі Didas Co, якая абяцала 100 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў і будаўніцтва сучаснага гандлёвага цэнтру. Гэтыя пляны так і не рэалізаваліся, тэрыторыя вярнулася да Менгарвыканкаму і была паўторна прададзена праз аўкцыён. У 2020 годзе тут пачала будаваць гандлёвы цэнтар кампанія «СільверКапітал», якая ўваходзіла у групу «РАПА», пазьней прайшла рэарганізацыю. Цяпер гандлёвым цэнтрам валоде група «РАПА», таксама яны уладальнікі крамаў сеткі Green, гандлёвых цэнтраў «Галерэя» ў Салігорску і «Скала» ў Менску. Чэрвеньскі рынак перанесьлі на поўдзень Ленінскага раёну, бліжэй да Лошыцкага парку.

Апошні дзень працы Чэрвеньскага рынку. Архіўнае фота
Апошні дзень працы Чэрвеньскага рынку. Архіўнае фота

Заснавальнік групы кампаніяў «РАПА» Генадзь Кірэйкаў раней насіў прозьвішча Кім. Вядома, што ў лютым 2021 году Кірэйкава затрымлівалі, а Лукашэнка публічна лаяў сетку Green за адсутнасьць беларускіх тавараў на паліцах. У верасьні таго ж году зьявіліся зьвесткі, што бізнэсовец выйшаў на волю.

На сайце «Чэрвеньскага» ёсьць інфармацыя аб плошчах, якія ГЦ здае ў арэнду. З гэтых зьвестак вынікае, што каля 25% яго гандлёвай плошчы не занятыя. Тут, апроч прадуктовай крамы Green, месьцяцца New Yorker, The Brand, крамы 21vek.bу, ДОМ, «Міла», Mark Formelle.

Prizma

У верасьні 2024 году каля станцыі мэтро «Партызанская» адкрылі гандлёвы цэнтар Prizma, які можа ўмясьціць каля 100 гандлёвых пунктаў. Асноўны аб’ект тут — гіпэрмаркет «Гіпа».

Гэты гандлёвы цэнтар належыць кампаніі «Сігмаполюс» — сталаму гульцу на рынку нерухомасьці сталіцы. Уладальнік — Віталь Сініцкі. У яго гісторыя, падобная да лёсу ўладальніка Green: у верасьні 2021 году Сініцкага затрымалі. Тады выданьне «Наша ніва» паведамляла, што бізнэсовец сам напісаў у падатковую, каб яго праверылі, назіраючы за затрыманьнем іншых бізнэсоўцаў. У лістападзе таго ж году Сініцкі выйшаў на волю.

Як вынікае з сайту гандлёвага цэнтру, некаторыя пляцоўкі для арандатараў-гандляроў пустуюць, але іх ня вельмі шмат — па некалькі пунктаў на кожным з паверхаў. Апроч прадуктовай крамы Гіпа, у ГЦ ёсьць «5 элемент», «КРАВТ», Mark Formelle, Gloria Jeans.

«Гудвіл»

У другой палове 2024 году побач з паркам Мядзьвежына і мікрараёнам Сухарава адкрыўся шматфункцыянальны цэнтар «Гудвіл» з гандлёвымі пляцоўкамі, офісамі і трэнажорнай заляй.

Гандлёвы цэнтар "Галерэя" у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Гандлёвы цэнтар "Галерэя" у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Уладальнік — кампанія «Віранес», якая займаецца будаўніцтвам камэрцыйнай нерухомасьці і здачай яе ў арэнду, працуе на гэтым рынку з 1995 году. Пра тое, хто валодае кампаніяй, публічна нідзе не сказана. У гэтым ГЦ сярод іншых месьцяцца крамы «Маяк» і Fix Price.

Avia Mall

Новы гандлёвы цэнтар, які адкрыўся ў пабудаваным на месцы старога менскага аэрапорту раёне «Менск-Мір». Адзін з асноўных арандатараў у гэтым гандлёвым цэнтры — сетка Green, якая мае тут краму на 4700 квадратаў. Паводле пляну ГЦ на іх сайце, пакуль яго астатнія плошчы запоўненыя гандлярамі прыблізна на 30%. Другі і трэці паверхі наагул не працуюць. Аб’ект належыць групе кампаніяў Dana Holdings, зьвязанай з сэрбскімі бізнэсоўцамі братамі Карычамі. Dana Holdings мае цесныя сувязі з Лукашэнкам, таксама там працуе ягоная нявестка Лілія, жонка старэйшага сына Віктара.

Летась з Dana Holdings зьнялі санкцыі ЗША, але яны застаюцца пад санкцыямі ЭЗ за сувязі з Лукашэнкам.

«4 сэзоны»

У сьнежні летась у мікрараёне Красны Бор адкрыўся гіпэрмаркет «4 сэзоны». Уладальнік гэтага аб’екту — група кампаніяў «ТЭНКінвест», належыць Аляксандру Жукоўскаму. У 2019 годзе яна пабудавала жыльлёвы квартал «Аляксандраў парк», жыльлёвы комплекс «4 сэзоны» і іншыя аб’екты камэрцыйнай і жылой нерухомасьці ў Менску і Гомлі. На сайце ГЦ няма пляну аб’екту, які б сьведчыў пра ягоную напоўненасьць гандлярамі.

Што зьбіраюцца адкрыць сёлета

Найбуйнейшым ГЦ, які зьбіраюцца адкрыць сёлета ў Менску, мусіць стаць «Мега Парк» у Каменнай Горцы з трапічным паркам, кінатэатрам, фуд-холам і фітнэс-цэнтрам, 150 крамамі. Уладальнік новага гіпэру — кампанія «МегаАктыў», якая належыць у розных долях бізнэсоўцам Аляксандру Машэнскаму (90%) і Віталю Сініцкаму (10%).

У сваіх сацыяльных сетках праект абяцае адкрыцьцё ў сьнежні 2026 году.

Пакуль без дакладнай даты, але таксама сёлета абяцаюць адкрыць шмтафункцыянальны комплекс SIGMA на Нямізе, 44. Яго будуе таксама кампанія «Сігмаполюс» Віталя Сініцкага.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Два гандлёвыя цэнтры абяцаюць адкрыць сёлета пасьля рэканструкцыі. Гэта «Тытан» каля станцыі мэтро «Каменная горка», які таксама належыць «Сігмаполюсу», і «Атмасфэра» на месцы былога цэнтру «Пасаж» каля Камароўскага рынку. Гэты праект рэалізуюць пры падтрымцы Менгарвыканкаму і ўраду.

Таксама сёлета плянуюць адкрыць будаўнічы гіпэрмаркет «Мацярык» насупраць рынку «Ждановічы». Заказчык — «Мацярык-Інвэст». У 2024 годзе функцыянэра гэтай кампаніі Аляксандра Апольку судзілі за ўдзел у пратэстах. Паводле інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, яму прысудзілі хатнюю хімію.

Кампанія «Белцяжмаш» — яшчэ адзін буйны гулец на рынку сталічнай гандлёвай нерухомасьці. Яны будуюць гандлёвы цэнтар на праспэкце Дзяржынскага, які мае адкрыцца ў 2027 годзе. На гэтым месцы раней быў даўгабуд, пасьля ўлады зноў прадалі гэты кавалак зямлі праз аўкцыён. Беларускія сілавікі не абмінулі ўвагай і гэтую кампанію. У верасьні 2020 году затрымалі яе кіраўніка Ігара Анішчанку і некалькіх службовых асобаў. Раней «Белцяжмаш» здаваў у арэнду памяшканьні Каардынацыйнай радзе і Віктару Бабарыку. Празь некалькі месяцаў Ігара Анішчанку адпусьцілі.

У дзяржавы свой падыход

Гандлёвыя плошчы не засталіся без увагі прадстаўнікоў улады і Лукашэнкі. У сьнежні 2023 году чыноўнікі з помпай адкрылі «Першы нацыянальны гіпэрмаркет» у мікрараёне Усход, побач з Dana Moll.

«Мяне найменш хваляваў гандаль. Мяне хвалявала тое, каб нашы рэгіёны былі тут прадстаўленыя. Каб яны ня плакалі, што іх у Менск не пускаюць, гандляваць немагчыма, тавар прадаць немагчыма…» — сказаў Лукашэнка на адкрыцьці.

Лукашэнка ў Нацыянальным гандлёвым доме. 29 сьнежня 2023 году
Лукашэнка ў Нацыянальным гандлёвым доме. 29 сьнежня 2023 году

Паводле задумы ўладаў, гэты дзяржаўны гандлёвы цэнтар мусіў стаць вітрынай беларускай прадукцыі. Тут можна знайсьці беларускія тавары з усёй краіны, напрыклад цукеркі «Чырвоны мазыранін», адзеньне «Сьвітанак», касмэтыку Belita, стэнды «Гомельдрэў», «Палесьсе», «Слодыч» ды іншыя. У гандлёвым цэнтры паставілі нават пункт рэгістрацыі ДАІ.

Паводле інфармацыі Свабоды, беларускіх вытворцаў проста абавязалі мець там свае стэнды.

А што з наведнікамі?

Напаўняльнасьць цэнтраў збольшага залежыць ад геаграфічнага разьмяшчэньня, патлумачылі Свабодзе на ўмовах ананімнасьці некалькі супрацоўнікаў сфэры гандлю.

«Некаторыя стаяць напаўпустыя, там мала запоўненых пунктаў, дзе гандлююць, і адпаведна мала наведнікаў», — падзяліўся адзін з суразмоўцаў.

Напрыклад, гандлёвы цэнтар у «Менск-Міры» адзін на ўвесь раён, таму людзей там болей. Некаторыя ня ходзяць у новыя гандлёвыя цэнтры, а абіраюць старыя, бо ўжо ведаюць іх, расказала іншая суразмоўца.

«Па выходных людзей шмат; па вечарах, здаецца, таксама. Як пацяплела, стала прыкметна больш. У зусім новых-новых я не была, хутчэй за ўсё, яны часткова пустуюць», — падзялілася назіраньнем яна.

Яшчэ адзін суразмоўца кажа, што цяпер на папулярных маркетплэйсах тавары падаражэлі, таму людзей у гандлёвых цэнтрах стала больш. Таксама звычайна людзі наведваюць гандлёвыя цэнтры, у якіх ёсьць нейкія бюджэтныя крамы.

«Спосаб захаваць грошы, каб дзяржава не адціснула»

Адна з прычын пабудовы новых гандлёвых цэнтраў — патрэба ў абнаўленьні старых, бо многія былі пабудаваныя 20 гадоў таму. Пра гэта ў размове з Свабодай кажа эканаміст Валянцін Сакалоўскі, які раней працаваў у адной з буйных гандлёвых сетак.

«Людзі з задавальненьнем пераключаюцца на нешта новае. І, адпаведна, пад гэта будуюць. Каб, уласна кажучы, падрэзаць аўдыторыю старых гандлёвых цэнтраў. Насамрэч, пасьля выбараў 2020 году ўжо была вялізная паўза. Гандлёвыя цэнтры старэлі, нічога не абнаўлялася. Эканамічна больш выгадна захоўваць стары аб’ект, пакуль будуецца новы, а потым проста акуратна яго згортваць. Перапрафіляваць пад склад, зносіць, прадаваць, будаваць там жыльлё. Або мадэрнізаваць, калі ў цябе ўжо ёсьць крыніца жывых грошай за кошт новых аб’ектаў», — даводзіць суразмоўца.

Гандлёвы цэнтар "Сталіца". Ілюстрацыйнае фота
Гандлёвы цэнтар "Сталіца". Ілюстрацыйнае фота

Іншая магчымая прычыны — жаданьне ўласьніка захаваць рэсурсы ў выпадку праблемаў з боку ўладаў.

«Калі ў краіне пачынаюць заканчвацца жывыя грошы, улада пачынае глядзець, дзе б гэтыя жывыя грошы здабыць. Адпаведна, чым больш ты ўкладзеш у бэтон, чым больш у цябе будзе незавершаных абавязкаў, тым менш сэнсу для дзяржавы гэта адціскаць, бо ну які табе толк з гэтага даўгабуду. Твая задача — з усіх сваіх бізнэсаў выцягнуць максымальную колькасьць бабла і кудысьці гэта закапаць. Калі пранясе — ну, неяк дабудуеш, ты гэта захаваеш. Ты зьмяншаеш шанцы на тое, што не пранясе, што да цябе прыйдуць і скажуць: „Дарагі таварыш, пасядзі пару месяцаў, пакуль не заплаціш чарговыя некалькі мільёнаў даляраў“», — тлумачыць лёгіку бізнэсоўцаў эканаміст.

За 10 гадоў (2014–2024) агульная плошча гандлёвых аб’ектаў у Менску павялічылася на 401 975 квадратных мэтраў, ці на 27%.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG