Супрацоўніца Фонду беларускай салідарнасьці BySol Маша Анімія праз 27 дзён мусіць выехаць з Украіны, дзе жыве апошнія тры гады, расказвае яна ў размове са Свабодай. Прычына — ейны беларускі пашпарт, тэрмін дзеяньня якога заканчваецца 16 сьнежня 2026 году. Дагэтуль менавіта сіні пашпарт дазваляў беларусцы легальна заставацца ў краіне. Маша Анімія стала жыве ва Ўкраіне з 2024 году, тады ж атрымала тут свой першы часовы дазвол на жыхарства. Ва Украіну пачала езьдзіць як валянтэрка яшчэ ў 2023-м. Два гады таму яна выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца.
«Я прыехала сюды як валянтэрка, і першы мой дазвол на жыхарства быў валянтэрскі, бо зь беларускім пашпартам тут яго можна атрымаць, калі ты займаесься валянтэрскай дзейнасьцю, калі працуеш з валянтэрскай недзяржаўнай арганізацыяй, чым я і займалася спачатку», — тлумачыць Маша.
Маша — адна зь нямногіх публічных прадстаўніц фонду BySol, працуе там зь 2020 году. Займаецца дапамогай беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, ладзіць для іх зборы на амуніцыю, аўтамабілі, рэабілітацыю вэтэранаў. Калі год таму Лукашэнка па перамовах з амэрыканскімі дыпляматамі вызваліў больш як сотню беларускіх палітвязьняў, а іх вывезьлі на тэрыторыю Ўкраіны, Маша дапамагала купіць для іх мабільныя тэлефоны і арганізаваць абеды падчас іхнага пераезду ў Літву і Польшчу.
«У 2022 годзе, як толькі пачалася поўнамаштабная вайна, мы адразу пачалі працаваць у кірунку дапамогі беларускім добраахвотнкіам ва Ўкраіне, якім я адразу і пачала займацца. Уся мая дзейнасьць была зьвязаная са зборамі, закупкамі, перадачай патрэбнага рыштунку. Спачатку гэта былі таксама аўтамабілі, запчасткі, усё, што было неабходна на фронце хлопцам» — расказвае Маша пра кірунак сваёй дзейнасьці.
Яна дадае, што паралельна працавала яшчэ з адным грамадзкім аб’яднаньнем «Пагоня», зарэгістраваным ва Ўкраіне, якім спачатку займаўся беларускі музыка і спартовец Віталь Гуркоў. Гэтая дзейнасьць была таксама скіраваная на дапамогу вайскоўцам ва Ўкраіне.
З 2022 году фонд BySol сабраў на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне больш за 800 тысяч эўра, гаворыць Анімія.
«Я сюды прыехала — і так атрымалася, што засталася. Прасьцей працаваць на месцы, калі ўсе твае атрымальнікі, заяўнікі, мэтавая аўдыторыя знаходзяцца тут. А пасьля я выйшла замуж. Усё склалася натуральным чынам. Я пачала тут жыць», — расказвае суразмоўца.
Пазьней яна легалізавалася ва Ўкраіне праз шлюб з украінскім вайскоўцам. Аднак ані грамадзкая дабрачынная дзейнасьць, ані муж-украінец не даюць права Машы легальна заставацца ва Ўкраіне пасьля 16 сьнежня.
Падчас усёй размовы Маша падкрэсьлівае, што ёсьць розьніца ў легалізацыі ва Ўкраіне вайскоўцаў зь Беларусі і цывільных людзей. Яна адзначае, што дзеля лягчэйшай легалізацыі добраахвотнікаў прымаюць папраўкі ў законы, а для цывільных сытуацыя пагоршылася.
Маша зазначае, што яна неўзабаве магла б падаць дакумэнты на ўкраінскае грамадзянства. Але ня зможа гэтага зрабіць бязь дзейнага беларускага пашпарту. Пасьля двух гадоў у шлюбе з украінцам яна мае права падаць заяўку, каб ёй дазволілі іміграцыю, а пасьля атрыманьня гэтага дазволу — ужо на грамадзянства.
Двухгодзьдзе шлюбу Машы Аніміі было сёлета ў кастрычніку. Тады яна і падала заяву на дазвол на іміграцыю. Аднак такія дакумэнты ўкраінскія органы ўлады разглядаюць прыкладна паўгоду, тлумачыць Маша. То бок прыкладна ў красавіку 2027 году яны могуць вынесьці рашэньне аб ейным выпадку. Аднак тады ў Машы ўжо ня будзе дзейнага пашпарту, а безь яго яна ня можа атрымаць дазвол на іміграцыю, пераказвае тлумачэньні міграцыйнай службы суразмоўца.
«Ніхто ня можа загадзя прадбачыць такія нюансы: пазнаёміцца, закахацца, жаніцца па раскладзе. Сюр сытуацыі ў тым, што я падаю дакумэнты, у мяне ўсё правяраюць, я праходзіла паліграф і ўсе магчымыя праверкі, у тым ліку Службы бясьпекі Ўкраіны. Тут усё окей, я дакладна не шпіён, не агент. У мяне прымаюць дакумэнты на падачу. То бок яны нібыта прызнаюць, што я чалавек, які жыве тут, што ў мяне тут муж, я пастаянна жыву на тэрыторыі краіны, але атрымаць яго (дазвол на іміграцыю. — РС) я не змагу. А безь яго я не магу падавацца на грамадзянства. Калі вы прызнаяце, што чалавек окей, чаму б яму гэты дазвол ня выдаць?» — разважае беларуска.
Маша зьдзіўляецца непасьлядоўнасьці ўкраінскіх законаў. Цяпер сужэнцы іншаземных добраахвотнікаў ва Ўкраіне могуць легалізавацца на падставе пратэрмінаванага пашпарту, а яна — жонка вайскоўца-ўкраінца — гэтага ня можа.
«Калі б у мяне муж быў беларускім добраахвотнікам, я б жыла спакойна далей», — разважае яна.
Даведка пра нясуджанасьць у Беларусі
У міграцыйнай службе Машы патлумачылі, што ёсьць іншы шлях да ўкраінскага грамадзянства. Пасьля трох гадоў у шлюбе з украінцам ёй трэба падаць пакет дакумэнтаў. Гэта можна зрабіць і з пратэрмінаваным пашпартам. Аднак да гэтага часу Машы давялося б амаль год нелегальна жыць ва Ўкраіне. Наколькі яна ведае, за гэта пагражаюць штрафы, але хвалюецца за больш сур’ёзныя наступствы.
Ёсьць яшчэ адзін нюанс. Калі падаваць заяву на грамадзянства пасьля трох гадоў шлюбу з украінцам, разам зь ёй трэба падаць даведку пра нясуджанасьць у Беларусі, якую зараз можна атрымаць, толькі паехаўшы ў Беларусь. Маша ж знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі і Расеі за сваю дзейнасьць, на радзіме на яе завялі крымінальныя справы.
«Яны (украінскія дзяржаўныя органы. — РС) ня бачаць у гэтым лягічных разыходжаньняў», — камэнтуе суразмоўца.
Маша Анімія кажа, што напісала ўжо дзясяткі зваротаў ва ўкраінскія органы, у тым ліку ў Дзяржаўную міграцыйную службу і обмудсману ў правах чалавека. На многія яна зусім не атрымлівае адказаў. На некаторыя прыходзяць фармальныя адказы (копіі часткі перапіскі ёсьць у рэдакцыі - РС), накшталт «законам не прадугледжана такая катэгорыя людзей, як сямейнікі ўкраінскіх вайскоўцаў зь беларускімі пашпартамі».
Ніхто ня ведае, што рабіць
Маша ня ведае, што рабіць пасьля 16 сьнежня — заставацца ва Ўкраіне або зьяжджаць. Яна чакае, што ва Ўкраіне могуць прыняць закон, які павінен палегчыць ейную легалізацыю. Аднак калі прымуць гэты закон і ці прымуць яго ўвогуле, яна ня ведае.
«Найцяжэйшае для мяне ў гэтай сытуацыі — што ніхто ня можа мне сказаць канкрэтна, што рабіць. Увогуле ніхто з усіх органаў, у якія я зьвярталася і куды хадзіла на кансультацыі, ня можа мне сказаць: зрабі так і так. Ёсьць адчуваньне, што ты сам па сабе, і ты пачынаеш крэатывіць як толькі можаш. Апошнія некалькі месяцаў увесь мой вольны час пасьля працы я пішу некуды звароты», — кажа беларуска ва Ўкраіне.
Адзін з варыянтаў, якія разглядае Анімія, — паехаць у Літву, дзе яна раней жыла і дзе дагэтуль вядзе дзейнасьць, і паспрабаваць легалізавацца там, але яна ня ведае, ці гэта магчыма ў ейнай сытуацыі. Да таго ж выезд з Украіны азначае расстаньне з сям’ёй. Муж Машы ня можа выяжджаць за межы Ўкраіны падчас вайны.
Раней сужэнцы ўкраінскіх вайскоўцаў маглі законна жыць ва Ўкраіне да канца ваеннага становішча на падставе часовага дазволу на жыхарства, тлумачыць Маша. Аднак сёлета ўлетку гэты дазвол скасавалі.
«Вось шаснаццатага сьнежня. У мяне няма пашпарту, я нелегал, у мяне няма банкаўскай карты (Машы, як і многім беларусам, не адкрываюць банкаўскі рахунак ва Ўкраіне. — РС) мяне могуць у кожны момант спыніць, праверыць, і я павінна буду заплаціць штраф», — кажа Маша пра свае пэрспэктывы.
Ці яе могуць дэпартаваць з Украіны ў Беларусь, Маша ня ведае.
«Часам мне пішуць, што галоўнае цяпер уратаваць сябе, падумаць пра сваю бясьпеку: „Зьяжджайце, падавайцеся на ўцякацтва“. Але я хачу пазмагацца, бо маю падставы працягваць тут жыць. Я даказваю пастаянна гэта сваёй працай. Нашая праца робіць немалы ўнёсак у абараназдольнасьць Украіны. Навошта было ўносіць у Канстытуцыю права людзей на сям’ю, калі яно зусім не захоўваецца?! Я лічу, што дзяржава для людзей, а ня людзі для дзяржавы», — зазначае Маша.
Маша кажа, што ў гэтай сытуацыі з дакумэнтамі яна моцна злуецца — і на ўкраінскія органы ўлады, і на беларускую дэмакратычную супольнасьць.
«Ты чалавек, якога праверылі ўздоўж і ўпоперак. Я гатовая хоць кожны ранак цягам тыдня праходзіць любыя паліграфы. Проста праз тое, што прэзыдэнт нашай краіны ў 2020 годзе вытварыў нейкую хе*ню, я нічога не магу з гэтым зрабіць. І мяне ніхто ня чуе. Я злуюся, бо беларуская дэмакратычная супольнасьць вельмі мала надае ўвагі беларусам, якія знаходзяцца тут без дакумэнтаў», — дзеліцца Маша.
Патэнцыйна Маша магла б застацца жыць ва Ўкраіне законна, калі б далучылася да Ўзброеных сілаў Украіны да канца дзеяньня свайго пашпарту. Аднак яна перакананая, што на вайсковай службе будзе неэфэктыўнай: «Я памру прыкладна на другі дзень базавай агульнавайсковай падрыхтоўкі». Больш эфэктыўнай яна бачыць сваю цяперашнюю працу ў фондзе.
Маша дадае, што пасьля таго, як яна пачала падымаць пытаньні легалізацыі ў сацыяльных сетках, ёй прыватна сталі пісаць беларусы ва Ўкраіне, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі, але не выходзяць з сваімі праблемамі ў публічную прастору дзеля сваёй бясьпекі. Зь ейных назіраньняў, такіх беларусаў шмат. Некаторым зь іх ва ўкраінскіх органах улады раяць паехаць у Беларусь і там памяняць свой стары пашпарт, хоць для іх гэта небясьпечна і пагражае турмой.
«Мяжа „Беларусь–Украіна“ адкрытая, едзьце, мяняйце пашпарт», — пераказвае яна парады чыноўнікаў.
Форум