Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага добраахвотніка Эмілія Лабейку, які страціў пашпарт, пакуль ня будуць высылаць з Украіны

Эмілій Лабейка, фота з прыватнага архіву
Эмілій Лабейка, фота з прыватнага архіву
Слухаць
7 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Эмілій можа атрымаць яшчэ паўгоду, каб вырашыць пытаньне зь легалізацыяй. Гэта мае дазволіць новы закон, які хочуць прыняць ва Украіне.

Вярхоўная Рада Ўкраіны падоўжыла на паўгоду тэрмін, калі іншаземцы, якія служаць ва Ўзброеных сілах Украіны, могуць атрымаць пасьведчаньне на часовае жыхарства. Новая дата — 10 траўня 2027 году. Да гэтага дня добраахвотнікі маюць падаць пакет дакумэнтаў, каб легалізавацца ў краіне. Законапраект «Аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы Ўкраіны адносна падставаў для знаходжаньня ва Ўкраіне вайскоўцаў зь ліку іншаземцаў і асобаў без грамадзянства» апублікавалі сёлета 27 кастрычніка. Яго перадалі на подпіс прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму.

Папярэдні тэрмін заканчваўся 10 лістапада 2026 году. У тэксьце новага законапраекту гаворыцца, што ня ўсе вайскоўцы пасьпелі падаць дакумэнты своечасова — «з шэрагу аб’ектыўных прычын — пераважна зьвязаных з праходжаньнем вайсковай службы і выкананьнем задач у абароне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

«Працяг устаноўленага тэрміну — неабходны і неадкладны крок. Гэтая мера накіраваная на перадухіленьне праўнай нявызначанасьці знаходжаньня такіх асобаў на тэрыторыі Ўкраіны, страты імі законных падставаў для такога знаходжаньня, а таксама зьвязаных з гэтым нэгатыўных праўных наступстваў», — адзначаюць аўтары законапраекту.

Законапраект прадугледжвае права іншаземцаў і асобаў без грамадзянства пацьвердзіць, што яны законна знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, вайсковым білетам або даведкай вайскоўца да 10 траўня 2027 году.

«Атрымліваецца так, што вырашэньня пакуль няма. І я працягваю вісець у паветры. Фактычна законапраект увёў новую дату, але праблема не вырашаная», — камэнтуе сытуацыю Эмілій Лабейка.

У яго ёсьць вайсковы білет. Але калі ва ўкраінскіх законах ня будзе іншых зьменаў, ён ня зможа легалізавацца ва Ўкраіне і праз паўгоду.

Эмілій Лабейка падчас службы, фота з прыватнага архіву
Эмілій Лабейка падчас службы, фота з прыватнага архіву

Эмілій ваюе на баку Ўкраіны з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Аднак праз чатыры гады службы стала вядома, што сёлета ў лістападзе яго маглі прымусіць выехаць з краіны. Усё таму, што добраахвотнік зь Беларусі ня можа легалізавацца ва Ўкраіне.

Прычынай стаў новы закон, які меўся палегчыць легалізацыю іншаземных вайскоўцаў ва Ўкраіне, каб яны не аказваліся ў праўнай яме і ня трацілі легальнага статусу нават праз паўгоду пасьля заканчэньня кантракту.

Закон № 4730-IX пачаў дзейнічаць 10 траўня 2026 году. Паводле яго, усе вайскоўцы, якія пачалі служыць ва Ўкраіне раней за гэтую дату і яшчэ не атрымалі дазволу на жыхарства, былі абавязаныя падаць дакумэнты ў міграцыйную службу да 10 лістапада. У выніку яны маглі атрымаць дазвол на жыхарства.

Аднак для Эмілія Лабейкі гэты закон адыграў адваротную ролю. Ён ня можа падаць патрэбны пакет дакумэнтаў, бо ня мае пашпарта. Беларускі пашпарт Лабейкі згарэў пры абстрэле Краматорску ў траўні 2023 году, расказваў ён раней Свабодзе. Зрабіць новы пашпарт ён ня можа, бо ў тым жа годзе Лукашэнка забараніў афармляць новыя пашпарты праз амбасады за мяжой. Паехаць у Беларусь па новыя дакумэнты Эмілію небясьпечна — у Беларусі яму пагражае турма за тое, што ён ваюе за іншую дзяржаву. Ён знаходзіцца ў вышуку ў Расеі. А на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці, у так званай «ДНР», яму вынесьлі прысуд.

Раней для легальнага знаходжаньня Эмілія ва Ўкраіне было дастаткова таго, што ён мае вайсковы білет. Яго камандаваньне бачыла ягоны дзейны пашпарт, калі прымала яго на службу.

Больш за год Лабейка служыць у 21-м палку бесьпілётных сыстэмаў Kraken, які ўваходзіць у трэці армейскі корпус сухаземных войскаў Узброеных сілаў Украіны (ня блытаць з спэцыяльным падразьдзелам Kraken у складзе Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны). Уладкоўваўся Лабейка туды ўжо на падставе ксэракопіі пашпарта, кажа ён. Цяперашні кантракт мае дзейнічаць да лета 2028 году. Да 2025 году Эмілій служыў у складзе Міжнароднага легіёну пры Галоўным упраўленьні выведкі Ўкраіны. Дадае, што нефармальна ён лічыўся тады ў палку Каліноўскага.

У жніўні Лабейка зьвяртаўся ў Часовую сьледчую камісію Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая займаецца правамі чалавека, каб яна дапамагла разьвязаць ягоную праблему з дакумэнтамі. Ён раней расказваў Свабодзе, што пасьля гэтага звароту яму пачалі прыходзіць адказы ад розных службаў, у тым ліку ад Службы бясьпекі Ўкраіны, Антыкарупцыйнага бюро, пракуратуры, паліцыі (копіі некаторых адказаў ёсьць у рэдакцыі Свабоды). У сутнасьці ў іх гаворыцца, што нельга зрабіць выключэньне для сытуацыі Лабейкі і аформіць яму дакумэнты бяз пашпарта або што орган не знайшоў парушэньняў у ранейшым разглядзе сытуацыі беларускага добраахвотніка.

Эмілію Лабейку 26 гадоў. Ён паехаў ваяваць ва Ўкраіну, маючы 21 год. Паходзіць з Бабруйску, узяў сабе пазыўны «Бобр». Удзельнічаў у пратэстах 2020 году ў Бабруйску і ў Менску. Кінуў завочную вучобу ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У ліпені 2021 году выехаў зь Беларусі ў Польшчу, працаваў у McDonald’s. Адзначае, што бацькі не падтрымалі ягоны выбар — і зьехаць зь Беларусі, і пайсьці ваяваць. Цяпер хлопец зь імі не кантактуе. У Беларусі ў яго таксама засталіся былая жонка і двое дзяцей. Зь імі ён таксама не стасуецца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG