Ад 9 лістапада ў Жэнэве праходзіць чарговае паседжаньне Адміністрацыйнай рады МАП, на якім 17 лістапада разглядалі беларускае пытаньне.
МАП з 2023 году паставіў Беларусь на асаблівы кантроль за парушэньні артыкулу 33 статуту гэтай арганізацыі, прызнаўшы, што ўрад Беларусі парушае правы беларускіх працаўнікоў на прафэсійныя аб’яднаньні й чыніць іншыя перашкоды працоўнаму руху.
Арганізацыя, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў 192 краін сьвету, патрабуе ад Беларусі, якая ўваходзіць у МАП, выкананьня гэтага артыкулу, аднаўленьня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і вызваленьня ўсіх беларускіх прафсаюзных актывістаў.
«За кратамі яшчэ застаюцца 20 беларускіх прафсаюзных актывістаў. Яны ніякія не крымінальнікі, як кажуць прадстаўнікі ўраду. Мы патрабуем іх абавязковага вызваленьня і вітаем тое, што МАП нас у гэтым падтрымлівае», — сказаў Свабодзе былы палітвязень Аляксандар Ярашук.
Аляксандр Ярашук — лідэр Беларускага кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, сябар Адміністрацыйнай рады МАП, у гэтай якасьці ён удзельнічаў у яе працы.
Пры абмеркаваньні беларускага пытаньня Аляксандр Ярашук асудзіў урад Беларусі за перасьлед актывістаў незалежных прафсаюзаў і заклікаў калегаў «пакласьці канец практыцы, калі з працоўных робяць нявольнікаў». Паводле Аляксандра Ярашука, абмеркаваньне беларускага пытаньня стала дэманстрацыяй салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі — актывістамі незалежных прафсаюзаў.
«Напярэдадні мы раздалі сябрам адміністрацыйнай рады майкі з партрэтам Вацлава Арэшкі, і за мной падчас выступу была такая ж майка. Гэта быў вельмі эмацыйны момант. Што да выступаў, то з 14 удзельнікаў абмеркаваньня большасьць нас падтрымала. Вядома, прадстаўнік ураду Беларусі, а гэта быў намесьнік міністра працы Алег Такун, казаў, што ў Беларусі правоў працоўных не парушаюць, што наша інфармацыя хлусьлівая і МАП трэба больш прыслухоўвацца да думкі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На баку ўраду Беларусі выступілі прадстаўнікі Кітаю — гэта як заўсёды», — расказаў пра абмеркаваньне беларускага пытаньня Аляксандар Ярашук.
Што патрабуе МАП ад уладаў Беларусі
У выніку абмеркаваньня беларускага пытаньня была прынятая рэзалюцыя з 12 пунктаў. Адміністрацыйная рада МАП заклікала ўрад Беларусі «перагледзець сваю пазыцыю і вызваліць усіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні за сваю прафсаюзную дзейнасьць».
Асобным пунктам рэзалюцыі была выказана салідарнасьць з палітвязьнем Вацлавам Арэшкам, які ў зьняволеньні страціў зрок.
«Заклікаем урад Беларусі забясьпечыць яму неадкладнае правядзеньне неабходнага мэдычнага абсьледаваньня і аказаньне мэдычнай дапамогі, а таксама гарантаваць, што прафсаюзныя дзеячы ў зьняволеньні ня будуць прымушацца да працы і ня будуць падвяргацца жорсткаму абыходжаньню ў якасьці пакараньня за сваю прафсаюзную дзейнасьць», — сказана ў рэзалюцыі Адміністрацыйнай рады МАП.
Сярод іншых патрабаваньняў да ўладаў Беларусі — супрацоўнічаць з спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі, які быў прызначаны раней, але дагэтуль не прызнаны беларускім урадам.
Асобны пункт рэзалюцыі тычыцца праблемы дакумэнтаў, якія дагэтуль не вярнулі вызваленым прафсаюзным актывістам. Адміністрацыйная рада адзначыла, што «ўрад не вярнуў сканфіскаваныя пашпарты спадарам Ярашуку і Фядынічу і не аднавіў выплату ім пэнсіяў, а таксама што пашпарт спадара Сеніка быў прызнаны несапраўдным». Прадстаўнікоў уладаў Беларусі заклікалі «без далейшага прамаруджваньня выправіць гэтыя сытуацыі».
За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 42 сябры адміністрацыйнай рады, 3 устрымаліся і 3 былі супраць.
«Вынікам абмеркаваньня мы задаволеныя, але што да праблемы правоў працоўных у Беларусі — за гэта яшчэ давядзецца доўга змагацца. Перакананы, што беларускае пытаньне ня сыдзе з парадку дня МАП, пакуль сытуацыя не выправіцца і права беларускіх працаўнікоў на незалежныя аб’яднаньні ня будзе рэалізавана фактычна, а не на словах», — сказаў Свабодзе Аляксандар Ярашук.
Як МАП змагаецца за правы працоўных у Беларусі
У чэрвені 2023 году на 111-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы была прынятая рэзалюцыя па Беларусі з ужываньнем артыкулу 33 Статуту. МАП афіцыйна прызнала, што Беларусь сыстэматычна не выконвае рэкамэндацыі Камісіі па расьсьледаваньні што да свабоды аб’яднання і правоў прафсаюзаў. Да гэтага за ўсю гісторыю МАП артыкул 33 ужываўся адзін раз: у 2001 годзе супраць М’янмы.
13 чэрвеня 2024 года, калі Аляксандар Ярашук знаходзіўся за кратамі як палітвязень, дэлегаты 112-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэнэве абралі яго намесьнікам сябра Адміністрацыйнай рады МАП ад групы працоўных на знак салідарнасьці зь беларускімі незалежнымі прафсаюзамі.
У лістападзе 2025 году адміністрацыйная рада МАП сярод іншага запатрабавала ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты ўсім вызваленым з турмаў лідэрам і актывістам незалежных беларускіх прафсаюзаў, у тым ліку і Аляксандру Ярашуку, але гэтае патрабаваньне улады Беларусі ня выканалі.
25 траўня 2026 году на сыстэмныя парушэньні правоў у працоўнай сфэры Беларусі зьвярнулі ўвагу ў сумеснай заяве прадстаўнікі 13 незалежных працоўных і праваабарончых арганізацый Беларусі.
Асабліва адзначаецца сытуацыя з прымусовым выдварэньнем зь Беларусі з ануляваньнем пашпартоў і пазбаўленьнем сацыяльных правоў Аляксандра Ярашука, Генадзя Фядыніча і Максіма Сеніка. Прадстаўнікі незалежных працоўных і праваабарончых беларускіх арганізацый заклікалі МАП не зьмяншаць ціск на ўлады Беларусі.