Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Арэшка канчаткова страціў зрок, але змог сам напісаць некалькі словаў сваім унукам

Вацлаў Арэшка, 2013 год. Ілюстрацыйнае фота
Вацлаў Арэшка, 2013 год. Ілюстрацыйнае фота

Палітвязень, актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка стаў зусім невідушчым. Пра гэта паведаміла сваячка палітвязьня, інфармаваная аб тым, як ён пачуваецца ў калёніі.

«Раней бачыў сьвятло і цень, цяпер ужо і гэтага няма. А як гэтаму дае рады, нічога не расказвае, абыходзіць гэтую цяжкую тэму. Тры дні таму даслаў ліст, павіншаваў унукаў з днямі народзінаў. Некалькі словаў нават напісаў сваёй рукой, праўда, неразборліва ў яго атрымалася, амаль нічога не ўдалося прачытаць, але добра, што намагаецца», — расказала пра Вацлава Арэшку ягоная сваячка.

Паводле крыніцы, адміністрацыя калёніі № 22, дзе трымаюць палітвязьня Арэшку, прапаноўвала яму этапам адправіцца ў шпіталь, але ён адмовіўся.

«Наколькі ведаю, баіцца ехаць у шпіталь, бо можа ня вытрымаць этапу. Тое, што апавядаў пра Вацлава журналіст Семчанка, — усё так і ёсьць», — дадала крыніца.

У верасьні пра дрэнны стан Вацлава Арэшкі апавядаў на тэлеканале «Белсат» журналіст Дзьмітры Семчанка, які адбываў тэрмін у той жа івацэвіцкай калёніі.

«У яго адслаілася сеткавіца, і было ўсё горш і горш. Мы вадзілі яго ўжо, каб патэлефанаваць, мы яго вадзілі да кухні літаральна. Ён ходзіць, але ён нічога ня бачыць. Калі ён спачатку бачыў, калі ня вельмі сонечны дзень, калі ня сьлепіць яго сонца, то ў цемры ён ужо ня бачыць, ён ня можа выйсьці ноччу ў туалет. Праз такія пакуты гэты чалавек праходзіць. Гэта не перадаць словамі», — расказваў былы палітвязень Дзьмітры Семчанка.

Вацлаву Арэшку 71 год. Паводле сваячкі палітвязьня, ён таксама мае іншыя хваробы.

«Яшчэ ў яго ціск, сьпіна, праблемы з нагамі. Становіцца ўсё горш», — паведаміла крыніца пра здароўе Вацлава Арэшкі.

Як рэпрэсавалі Вацлава Арэшку

Беларускага палітоляга, грамадзкага дзеяча, былога рэдактара бюлетэню Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 году і абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»). Праз год актывіста асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня, ужо трэці год яго трымаюць у івацэвіцкай калёніі № 22. Там Вацлаў Арэшка страціў зрок, але інваліднасьці з гэтай прычыны яму не даюць.

Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў сьпіс 170 палітвязьняў, асабліва ўразьлівых з прычыны стану здароўя, і дамагаюцца яго найхутчэйшага вызваленьня.

Паводле інфармаваных крыніц, прозьвішча Вацлава Арэшкі цягам году было ў сьпісах вязьняў, пра якіх з удзелам амэрыканскага боку вядуцца перамовы аб вызваленьні, але зь невядомых прычын ён дагэтуль ня выйшаў на волю, у адрозьненьне ад іншых актывістаў незалежных прафсаюзаў, якія праходзілі ў адной зь ім справе.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG