Аўтары, журналісты Дзьмітры Гурневіч і Павал Мажэйка, расказалі, якім яны ўбачылі Пазьняка па-за палітыкай, пра што ён гаварыў са сьлязьмі на вачах і чаму выданьне кнігі заняло больш за дзесяць гадоў.
Прэзэнтацыя адбылася ў варшаўскім Доме сустрэч з гісторыяй. Дыскусію мадэраваў выдавец Яраслаў Іванюк.
Кніга, якая раней выйшла пад назвай «Стаць у праломе мура», цяпер пабачыла сьвет у дапрацаваным выданьні «Зянон Пазьняк — у размовах з Дзьмітрыем Гурневічам і Паўлам Мажэйкам» у выдавецтве «Камунікат».
Размовы запісвалі ў першай палове 2010-х гадоў. Яны ахопліваюць падзеі беларускай гісторыі ад міжваеннага часу да здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе.
Іншы Зянон Пазьняк
Падчас прэзэнтацыі аўтараў запыталі, ці ўдалося ім паказаць у кнізе Пазьняка, якога беларусы ня ведаюць з палітычных выступаў.
«Я б сказаў, што гэтая кніжка ўся пра іншага Пазьняка. Ён расказвае пра гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, пра бацьку, якога забілі на вайне, пра маму, пра якую мала хто ведае», — адзначыў Дзьмітры Гурневіч.
Паводле журналіста, у асабістых размовах Пазьняк быў зусім не такім, як у палітычных інтэрвію: жартаваў, усьміхаўся, а калі згадваў бацькоў, часам не стрымліваў сьлёз.
«Я бачыў Пазьняка, які плакаў», — расказаў Гурневіч.
«Гэта кніга не пра Пазьняка. Гэта кніга пра дваццатае стагодзьдзе»
Павал Мажэйка прапанаваў паглядзець на выданьне шырэй — як на аповед пра Беларусь ХХ стагодзьдзя.
Паводле журналіста, праз асабістую гісторыю Пазьняка можна прасачыць шлях некалькіх пакаленьняў беларусаў: праз войны, рэпрэсіі і русыфікацыю да здабыцьця незалежнасьці.
Аўтары хацелі паказаць, як у савецкі час беларусы захоўвалі нацыянальную сьвядомасьць і працягвалі працаваць дзеля будучай незалежнасьці краіны. Менавіта таму размовы ў кнізе сьвядома завяршаюцца 1991 годам.
Невядомыя гісторыі пра вядомых беларусаў
Падчас прэзэнтацыі аўтары прыгадалі некалькі нечаканых гісторый, якія ўвайшлі ў кнігу. Адна зь іх тычыцца бацькі Зянона Пазьняка. Як пераказаў Дзьмітры Гурневіч, паводле ўспамінаў палітыка, 18 верасьня 1939 году ягоны бацька сустракаў Чырвоную армію, якая ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Сярод іншых эпізодаў — тое, як паэт Максім Танк заступаўся за маладога Пазьняка, калі таго выключылі з тэатральна-мастацкага інстытуту.
Яшчэ адна гісторыя — пра барацьбу за захаваньне гістарычнай забудовы Менску. Каб атрымаць подпіс вядомага музычнага дзеяча Рыгора Шырмы пад зваротам у абарону старога гораду, Пазьняк разам з паплечнікамі некалькі гадзінаў абыходзіў кватэры ў вялікім доме. Урэшце Шырму знайшлі, і ён падпісаў зварот.
Сярод іншых герояў успамінаў — Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Міхась Чарняўскі і іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.
Паводле Паўла Мажэйкі, такія гісторыі дапамагаюць зразумець, што незалежнасьць Беларусі не «звалілася нам на галаву», а стала вынікам шматгадовай працы многіх людзей.
Чаму кнігу выдавалі больш за дзесяць гадоў
Размовы з Пазьняком запісвалі цягам некалькіх гадоў у самых розных месцах: у кавярнях, гандлёвых цэнтрах, аўтамабілях і ў яго дома. Даводзілася падладжвацца пад графікі — Мажэйка жыў у Горадні, Гурневіч працаваў у Варшаве, а Пазьняк часта езьдзіў паміж Варшавай і Нью-Ёркам.
Выданьне неаднаразова адкладалася. Сярод прычынаў Павал Мажэйка назваў пандэмію каранавірусу, падзеі 2020 году і палітычныя рэпрэсіі.
У жніўні 2022 году Мажэйку затрымалі. Ён правёў за кратамі тры гады і выйшаў на волю толькі ў верасьні 2025-га.
Пакуль Павал знаходзіўся ў зьняволеньні, Зянон Пазьняк за асабістыя сродкі выдаў кнігу «Стаць у праломе мура», не чакаючы завяршэньня рэдактарскай працы журналістаў.
Тым часам дапрацаваны рукапіс заставаўся ў Беларусі. Пасьля ператрусаў і вымушанага выезду з краіны Павал Мажэйка асьцерагаўся, што праца згубленая. Аднак рукапіс удалося перадаць зь Беларусі, і аўтары змаглі вярнуцца да падрыхтоўкі кнігі.
Новае выданьне падрыхтавала выдавецтва «Камунікат». На прэзэнтацыі паказалі ягоныя сігнальныя асобнікі. Канчатковы варыянт плянуюць выдаць у цьвёрдай вокладцы.
Журналісты прызналіся, што ў іх засталося яшчэ нямала пытаньняў да Пазьняка. Частка запісаных размоваў, у тым ліку пра падзеі пасьля 1991 году, не ўвайшла ў кнігу. Аўтары не выключаюць, што ў будучыні ў яе можа зьявіцца працяг.
Форум