Днепрапятроўская вобласьць. 1 чалавек загінуў у выніку ўдару па Паўлаградзе 14 лістапада. Як мінімум 10 чалавек параненыя, сярод іх — 7-гадовы хлопчык. Расейскія войскі амаль дзесяць разоў атакавалі Нікапальскі раён артылерыяй і дронамі. Пашкоджаныя шматкватэрныя жылыя дамы. Параненыя двое жыхароў.
Запароская вобласьць. У пасёлку Кушугум Запароскага раёну 14 лістапада расейскі FPV-дрон забіў 45-гадовага мужчыну, які ехаў на скутэры. Раніцай расейскія войскі атакавалі тры раёны. У шматпавярховым жылым доме параненыя дзьве жанчыны і хлопчык-немаўля. На інфраструктурным аб’екце ўсчаўся пажар, пацярпеў 32-гадовы мужчына. Параненых людзей — ня менш за 17.
Напярэдадні, 13 лістапада, ад расейскіх удараў пацярпелі паўсотні людзей, сярод іх — восем дзяцей. Падчас разбору завалаў на ратавальніка ўпала бэтонная пліта. Ён загінуў.
Данецкая вобласьць. У пасёлку Ясная Паляна расейскі FPV-дрон забіў жанчыну.
Сумская вобласьць. Каля 6-й раніцы расейскі бесьпілётнік ударыў па хаце. Раненьні атрымалі хлопчык і ягоная 54-гадовая бабуля. Дзіця шпіталізавалі ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Калі на месца прыехалі супрацоўнікі паліцыі, ударыў яшчэ адзін дрон. 39-гадовы паліцыянт, які закрыў хлопчыка сваім целам, атрымаў раненьні.
На Сумшчыне адбылося маштабнае аварыйнае адключэньне электрычнасьці празь няспынныя ўдары па энэргетычнай інфраструктуры.
Харкаўская вобласьць. У Дэргачах 14 лістапада ад удару двух расейскіх дронаў «Герань» пацярпелі трое дарослых і чацьвёра дзяцей. Чацьвёра дзяцей 4, 9, 12 і 13 гадоў перажылі вострую рэакцыю на стрэс.
Адзін бесьпілётнік ударыў па прыватным прадпрыемстве, другі — па раёне шчыльнай жылой забудовы. Пашкоджаныя вытворчы цэх, ня менш за дзесяць прыватных домаўладаньняў, гаспадарчыя пабудовы і два аўтамабілі.
Кіеў і Кіеўская вобласьць. У Кіеве 14 лістапада абломкі бесьпілётнікаў упалі на горад, тым ліку на тэрыторыю мэдычнай установы. У Вышгарадзкім раёне ў выніку ранішняй атакі дронаў былі пашкоджаныя складзкія памяшканьні і ўсчаўся пажар.
Херсонская вобласьць. У вёсцы Залатая Балка расейскі дрон 13 лістапада забіў двух мясцовых жыхароў — 56-гадовых мужчыну і жанчыну.
Адэская вобласьць. Амаль 50 тысяч сем’яў засталіся без электрычнасьці ў выніку ранішняга расейскага ўдару 14 лістапада.
Акупаваная частка Луганскай вобласьці. Расейскія акупацыйныя ўлады 14 лістапада заявілі пра аднаго загінулага і трох параненых у выніку ўдараў украінскіх бесьпілётнікаў.
Белгарадзкая вобласьць Расеі. У пасёлку Пралетарскі ў выніку ўдару бесьпілётніка па прыватным жылым доме загінулі тры чалавекі і адзін пацярпеў. Усяго мясцовыя ўлады паведамілі пра 8 пацярпелых 13 лістапада.
Бранская вобласьць Расеі. У вёсцы Чуравічы Клімаўскага раёну 14 лістапада дрон-камікадзэ забіў 76-гадовага мясцовага жыхара, які ехаў на электраровары. У пасёлку Шчарбінічы Злынкаўскага раёну бесьпілётнік ударыў па рэйсавым аўтобусе, які стаяў на прыпынку. У салёне знаходзіліся сем пасажыраў. Ніхто зь іх не пацярпеў. Вечарам ад удару дрону па экскаватары дарожнікаў пацярпелі 4 чалавекі.
У Курскай вобласьці Расеі ў выніку атакі бесьпілётніка паранены 36-гадовы мужчына.
Чорнае мора, тэрытарыяльныя воды Румыніі. Увечары 13 лістапада бесьпілётнік ударыў па грамадзянскім грузавым судне Larissa 1, якое ішло пад сьцягам Палау ў кірунку Ўкраіны. Дрон пашкодзіў грузавы кран на борце. Пажару не было, ніхто з экіпажу не пацярпеў.
Польшча і Баўгарыя адмовіліся фінансаваць новыя закупкі амэрыканскай зброі для Ўкраіны
Баўгарыя ня будзе ўдзельнічаць у чарговым раўндзе фінансаваньня закупак узбраеньняў для Ўкраіны, заявіў прэм’ер-міністар краіны Румэн Радэў у Дубліне на сустрэчы кіраўнікоў 27 краінаў ЭЗ. Якпаведамляе баўгарскае выданьне БНТ, Радэў спаслаўся на дэфіцыт бюджэту сваёй краіны і заявіў, што Баўгарыя пакуль таксама ня будзе пастаўляць Кіеву боепрыпасы са сваіх складоў.
Пра спыненьне фінансаваньня праграмы PURL, у рамках якой эўрапейскія краіны закупляюць у ЗША зброю для Кіева, у пятніцу заявіў і прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Ён таксама абгрунтаваў гэтае рашэньне фінансавымі цяжкасьцямі і вялікімі выдаткамі на пераўзбраеньне польскай арміі.
СБУ заявіла пра пасьпяховы ўдар па нафтавым вузьле ў Самарскай вобласьці Расеі
13 лістапада дальнабойныя бесьпілётнікі Цэнтру спэцыяльных апэрацыяў «Альфа» СБУ ўразілі лінейную вытворча-дыспэтчарскую станцыю «Самара» паблізу пасёлку Прасьвет у Самарскай вобласьці РФ, паведаміла СБУ.
Паводле папярэдніх зьвестак, пацьверджанае паражэньне рэзэрвуараў для захоўваньня нафты.
ЛВДС «Самара» — адзін з найважнейшых вузлоў расейскай сыстэмы транспартаваньня нафты. Сюды па магістральных трубаправодах паступае нафта з Татарстану, Заходняй Сыбіры і іншых нафтапрамысловых рэгіёнаў РФ. На станцыі зьмешваюць нафту з розным утрыманьнем серы, каб атрымаць экспартны гатунак Urals. На яго прыпадае да 50% агульнага аб’ёму расейскага экспарту нафты, гаворыцца ў паведамленьні.
Форум