Уладзімір Зяленскі і пасланьнікі ЗША Джарэд Кушнэр (зьлева) і Стыў Ўіткаф (справа). Дублін, 12 лістапада 2026 году
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў журналістам, што падчас дыскусіяў з амэрыканскімі прадстаўнікамі яму задалі пытаньне, ці пагодзіцца Ўкраіна вывесьці свае войскі з тэрыторыяў Данбасу, якія застаюцца пад яе кантролем, у абмен на сяброўства краіны ў NATO, перадаюць украінскія СМІ, у прыватнасьці «Інтерфакс-Україна».
«Амэрыканцы задалі пытаньне: „А калі Ўкраіна будзе ў NATO, Украіна выйдзе з Данбасу?“ Гэта было ўпершыню», — сказаў Зяленскі. Ён адзначыў, што Ўкраіна прынцыпова супраць таго, каб адмаўляцца ад сваіх тэрыторыяў.
Пры гэтым, паводле Зяленскага, калі партнэры прапануюць комплексны пакет бясьпекі, у тым ліку плян паваеннага аднаўленьня Ўкраіны, ён будзе гатовы абмеркаваць гэтае пытаньне ў «адкрытым дыялёгу з грамадзтвам», то бок вынесьці яго на рэфэрэндум.
«Але патрэбная канкрэтыка, якой цяпер няма, усё знаходзіцца на стадыі абмеркаваньня», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Зяленскі адзначыў, што ў кожным выпадку дэ-юрэ Ўкраіна не гатовая прызнаць акупаваныя Расеяй тэрыторыі расейскімі.
Пры гэтым на пытаньне, ці будуць у такім выпадку на тэрыторыі Ўкраіны, амэрыканскія вайскоўцы, прадстаўнікі ЗША, паводле Зяленскага, адказалі адмоўна.
Калі і ад каго паступіла прапанова «абмяняць» Данбас на сяброўства ў NATO, Зяленскі не сказаў.
Раней прадстаўнікі ЗША выказваліся супраць уступленьня Ўкраіны ў NATO, але адзначалі, што Ўкраіна магла б атрымаць гарантыі бясьпекі, супастаўныя з сяброўствам у вайсковым саюзе.
Зяленскі таксама пракамэнтаваў прапанову Пуціна аб гуманітарным перамір’і ў Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці:
«Расейская гісторыя пра „мірнае насельніцтва“ ў Канстанцінаўцы — гэта рэфлексія Пуціна на тое, што ён ня змог захапіць Канстанцінаўку. Абсалютна прымітыўны ход, бо інакш ён ня можа атрымаць гэты горад. Пуцін проста хоча, каб мы выйшлі з Канстанцінаўкі, а яны зайшлі — і такім чынам акупавалі ўвесь горад. Але мы тут глыбока ў матэрыяле і ўсё ўлічваем», — сказаў прэзыдэнт Украіны падчас той жа сустрэчы з журналістамі.
Зяленскі сказаў, што патлумачыў спэцпрадстаўнікам Трампа, што ў Канстанцінаўцы няма мірнага насельніцтва, таму гуманітарны падыход там непрыдатны, і прапанаваў сьпіс зь некалькіх населеных пунктаў, дзе гуманітарнае перамір’е сапраўды дапамагло б.
Раней Расея рэзка выступала супраць магчымага ўступленьня Ўкраіны ў NATO. Імкненьне Кіева стаць сябрам Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Крамлі называлі сярод прычынаў нападу на Ўкраіну. Сярод расейскіх патрабаваньняў да Кіева таксама замацаваньне ў Канстытуцыі Ўкраіны нэўтральнага статусу. Зяленскі заявіў 14 лістапада, што Ўкраіна на гэта не пагаджаецца.
Перадача ўсёй Данецкай вобласьці пад расейскі кантроль — адно з ключавых патрабаваньняў Расеі для спыненьня баявых дзеяньняў. Гэта пацьвярджалі і прадстаўнікі ЗША, адзначаючы, што тэрытарыяльнае пытаньне — самае складанае на мірных перамовах. Аднак у Расеі ёсьць і іншыя патрабаваньні, сярод якіх адмова Ўкраіны ад уступленьня ў NATO і вяртаньне Паўночнаатлянтычнага вайсковага альянсу да межаў да 1991 году.
Форум