Як паведаміў Белстат, індэкс цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі ў кастрычніку 2026 году ў параўнаньні са сьнежнем 2025 году склаў 105,6%.
Гэта значна вышэй, чым індэкс інфляцыі за 10 месяцаў, які, паводле дадзеных Белстату, склаў 103,9%.
За 10 месяцаў найбольш падаражэлі так званыя прамежкавыя тавары — на 8,1%.
Таксама значна вышэй за інфляцыю падаражэлі будаўніча-мантажныя работы — на 11,3%.
Чаму гэта важна
Цэны на прамежкавыя тавары — сыравіна, камплектуючы і энэргія, — стануць асновай для стварэньня канчатковага прадукту, які неўзабаве зьявіцца ў крамах.
Значны рост цэн на прамежкавыя тавары прадказвае будучую высокую інфляцыю.
Што тычыцца будаўніча-мантажных працаў, то рост цэн на іх выкананьне ня толькі падштурхоўвае інфляцыю, падвышае цэну жыльля для пакупнікоў, але і зьніжае рэнтабельнасьць інвэстыцый і жаданьне бізнэсу інвэставаць у будаўніцтва новых прадпрыемстваў.
Такім чынам, у прамысловасьці і будаўніцтве Беларусі ўтварылася інфляцыйная пагроза.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.