Як паведамляе Міжнародны валютны фонд у эканамічным аглядзе за кастрычнік, у 2026 годзе ў Беларусі чакаецца рост ВУП на 1,9%, інфляцыя ў памеры 5,1%, дэфіцыт балянсу бягучых апэрацыяў — мінус 3,2% ВУП. Паказьнік дэфіцыту балянсу азначае, што краіна імпартуе болей, чым можа экспартаваць.
На 2027 год прагноз МВФ для Беларусі горшы. Рост ВУП ён прагназуе толькі на 1,2%, інфляцыю на ўзроўні 5,1%, дэфіцыт балянсу бягучых апэрацыяў, паводле МВФ, пагоршыцца і складзе 3,4% ВУП.
Прагноз на наступны год для Расеі, да эканомікі якой улады прывязалі эканоміку Беларусі, яшчэ горшы. Прырост ВУП і ў гэтым, і ў наступным гадах там прагназуецца на ўзроўні 0,9%, інфляцыя ў выніку гэтага году — 6,1%, наступнага — 4,8%.
МВФ заяўляе, што апошнімі гадамі сьвет сутыкнуўся з шэрагам выключных падзеяў — пандэмія, збоі ў глябальных ланцужках паставак, войны ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе, якія прывялі да рэзкага росту цэн на энэрганосьбіты і іншыя тавары, будаўніцтва новых гандлёвых бар’ераў. Гэта экстраардынарная зьява.
МВФ адзначае, што прагноз робіцца ва ўмовах геапалітычнай нявызначанасьці, калі працяглая вайна Расеі супраць Украіны і вайсковыя дзеяньні ў Армускай пратоцы парушылі лягістыку паставак нафты і газу на сусьветны рынак, што прывяло да павышэньня цэн і значнага падаражэньня кошту жыцьця, зьніжэньня глябальнага попыту. Геапалітычыя рызыкі цягнуць за сабой прэміі за рызыку, што падымае цэны на іншыя тавары. Праблема ўсясьветнай эканомікі палягае цяпер у тым, што ўсе гэтыя шокі ўзьніклі адначасова і эфэкты ад іх узьдзеяньня намнажаюцца.
Пры гэтым МВФ прызнае, што экстраардынарныя шокі не аказалі значнага ўплыву на глябальны эканамічны рост — усясьветная эканоміка, паводле прагнозу, вырасьце на 3,1% у 2026 годзе і на 3,4% — у 2027 годзе. Інфляцыя ў сьвеце, якая будзе расьці найбольш з прычыны росту цэн на энэрганосьбіты, складзе ў сярэднім 4,7% сёлета і 4,1% налета
Але гэты рост будзе нераўнамерным. Ён будзе адбывацца ў тых краінах, якія ў свой час уклаліся ў разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніц энэргіі, штучнага інтэлекту і падвышалі энэргафэктыўнасьць сваіх эканомік.
Чаму гэта важна
Высокая інфляцыя вядзе да паграшэньня ўзроўню жыцьця, асабліва найбяднейшай часткі насельніцтва, калі яе не кампэнсуе рост заробкаў і пэнсіяў.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.
Як паведаміў раней Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭБР), зьвязаны з урадам Расеі, інфляцыя ў Беларусі сёлета паскорылася з пачатку году — з 4,5% у жніўні да 4,6% у верасьні. Асноўны ўнёсак у прырост далі цэны на паслугі і прамысловыя тавары, цэны на якія вывелі з-пад дзяржаўнага рэгуляваньня. Банк прагназуе гадавую інфляцыю ў Беларусі ў 5%. Але падаражэньня так званых прамежкавых тавараў вытворчага ланцужку ЭБР пад увагу не бярэ.