Апошні раз бакі сустракаліся за сталом перамоваў сёлета ў лютым. Белы дом спадзяецца вывесьці перамовы з тупіку, каб завяршыць самую вялікую і крывавую вайну ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё назваў перамовы «вельмі прадуктыўнымі»:
«Мы лічым, што з часам да трохбаковага фармату за сталом перамоваў павінны далучыцца і нашыя эўрапейскія партнэры, бо яны таксама ўдзельнічаюць у доўгатэрміновым вырашэньні гэтай праблемы», — сказаў ён.
Напярэдадні амэрыканскія чыноўнікі выказвалі аптымізм адносна магчымасьці істотнага прарыву. Галоўны прадстаўнік Белага дому Стыў Ўіткаф заявіў, што дыскусіі, імаверна, будуць тычыцца, сярод іншага, выкарыстаньня «наяўных эўрапейскіх інстытутаў бясьпекі».
Джарэд Кушнэр, зяць прэзыдэнта Дональда Трампа і яшчэ адзін галоўны прадстаўнік ЗША ў перамоўным працэсе, заявіў, што Вашынгтон «скараціў разыходжаньні» бакоў на шляху да «рашэньня, якое, спадзяёмся, пакладзе канец вайне». Падрабязнасьцяў ён не паведаміў.
Аднак расейскія чыноўнікі не далі ніякага знаку, што гатовыя адмовіцца ад жорсткіх патрабаваньняў, якія Масква выстаўляла яшчэ да таго, як Крэмль у лютым 2022 году пачаў поўнамаштабнае ўварваньне.
Расейскую дэлегацыю ўзначаліў Уладзімір Мядзінскі — гісторык-рэвізіяніст і былы міністар культуры, які, сярод іншага, ставіў пад сумнеў гісторыю і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
Сярод іншых сяброў дэлегацыі — высокапастаўленыя супрацоўнікі асноўных расейскіх спэцслужбаў, у тым ліку адзін чалавек, якога ўкраінскія ўлады абвінавачваюць у падрыхтоўцы забойства ўкраінскага вайскоўца.
Рустэм Умераў, які ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю, заявіў, што Кіеў засяроджаны на дасягненьні гарантыяў бясьпекі і трывалага міру.
Адно з патрабаваньняў Масквы — назаўсёды пазбавіць Украіну магчымасьці ўступіць у NATO. Альянс жа настойвае, што ніводная краіна ня мусіць мець права вэта на імкненьне іншай краіны ўступіць у яго.
«Ідэя вызначыць выразныя парамэтры будучай архітэктуры бясьпекі і толькі пасьля гэтага перайсьці да ўрэгуляваньня непасрэдна расейска-ўкраінскага канфлікту цалкам слушная», — заявіў журналістам у Маскве міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.
Украіна таксама дамагаецца гарантыяў бясьпекі ад заходніх партнэраў, каб засьцерагчыся ад магчымага новага нападу Расеі пасьля заканчэньня цяперашняй вайны.
Вашынгтон заклікаў Маскву пагадзіцца на гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, створаныя паводле ўзору двух галоўных палажэньняў NATO, адно зь якіх прадугледжвае, што напад на аднаго сябра альянсу лічыцца нападам на ўсіх.
Нягледзячы на ашаламляльныя страты, якія, паводле ацэнак, перавышаюць 1,5 мільёна забітых і параненых расейскіх вайскоўцаў, Крэмль працягвае наступ, імкнучыся дасягнуць сваіх максымалісцкіх мэтаў. Расейскія ўлады імкнуцца захапіць увесь Данбас.
Украінскія сілы, якія таксама нясуць велізарныя страты, здолелі практычна спыніць расейскія войскі. У некаторых месцах яны вярнулі сабе тэрыторыі, адначасова нанёсшы праціўніку вялікія страты.
Расея амаль штодня наносіць паветраныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і мястэчках, разбурае энэргетычную і ацяпляльную інфраструктуру, што пагражае надзвычай цяжкай зімой для мірных жыхароў Украіны.
Зяленскі: у Абу-Дабі абмеркавалі вызваленьне палонных і гарантыі бясьпекі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў у сацыяльных сетках пра ход перамоваў. Паводле яго, спачатку адбылася размова з эўрапейскімі і амэрыканскімі партнэрамі, пасьля чаго прайшлі трохбаковыя перамовы ўкраінскай, амэрыканскай і расейскай дэлегацыяў.
Зяленскі назваў трохбаковы фармат «канструктыўным і даволі зьмястоўным». Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі неабходнасьць і магчымыя парамэтры гуманітарных крокаў.
«Вызваленьне палонных — гэта прыярытэт. Падрабязна гаварылі пра зьмест гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны і аснову іх доўгатэрміновага дзеяньня. Патрэбныя рэальныя інструмэнты, каб не дапусьціць паўтарэньня вайны. Абмяркоўвалі і неабходнасьць крокаў дзеля дээскаляцыі», — расказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што вызначыў для ўкраінскай каманды выразныя задачы для далейшага дыялёгу.
«Галоўнае — рэальна наблізіць мір, і з украінскага боку будзе толькі прадуктыўная, якасная і сумленная праца», — сказаў ён.
Раней крыніца, блізкая да ўкраінскай перамоўнай групы, паведаміла Ўкраінскай службе Радыё Свабода, што сёньня ўдалося дамовіцца пра маштабны абмен палоннымі ў найбліжэйшы час.
МЗС Беларусі: «Мы і далей будзем актыўна далучацца да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне»
Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў сёньня ў Расеі, што Беларусь будзе актыўна далучацца да мірнага ўрэгуляваньня вайны ва Ўкраіне, перадае БелТА.
«Мы разьлічваем, што трохбаковыя перамовы Расеі, ЗША і Ўкраіны, якія цяпер праходзяць у Абу-Дабі, дазволяць як мага хутчэй дасягнуць мірных дамоўленасьцяў», — сказаў Максім Рыжанкоў у Маскве на нарадзе чыноўнікаў АДКБ ў Маскве.
Ён таксама вітаў нядаўнюю пасьпяхова праведзеную супольную гуманітарную місію ў Алешках, важкі ўнёсак у якую зрабіў беларускі бок.
«Дарэчы, мы і далей будзем актыўна далучацца да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.
З падобнай заявай выступіў і дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч.
«Беларусь рабіла і будзе рабіць захады дзеля таго, каб у нашым рэгіёне ўсталяваўся мір, каб канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай як мага хутчэй спыніўся. Мы выступаем за гэта, мы пра гэта гаворым, пра гэта гаворыць наш прэзыдэнт. І ня проста гаворым, а робім практычныя крокі дзеля гэтага і ўсё магчымае», — сказаў ён.
Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны ад пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. Нават сёньня свае словы пра мір Максім Рыжанкоў суправадзіў заявай, што ўрэгуляваньню канфлікту ва Ўкраіне перашкаджае «карысьлівы геапалітычны інтарэс Эўразьвязу, і ягонае жаданьне нанесьці стратэгічную паразу Расеі.
Форум