Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвона-зялёны шал. Расказваем, колькі грошай ўлады Беларусі трацяць на свае ідэалягічныя забавы

Чалавек размалёўвае будынак у колеры дзяржаўнага беларускага сьцяга. Ілюстрацыйнае фота
Чалавек размалёўвае будынак у колеры дзяржаўнага беларускага сьцяга. Ілюстрацыйнае фота
Слухаць
8 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

У Наваполацку хочуць усталяваць флягшток за мільён даляраў, у ліпені падобны паставілі ў Полацку. Але гэта далёка ня ўсё. Мы паглядзелі, колькі ўлады аддаюць на ідэалёгію згодна з тэндэрамі.

Наваполацкі гарвыканкам у кастрычніку праводзіў грамадзкае абмеркаваньне ідэі ўсталяваць у горадзе флягшток з афіцыйнай дзяржаўнай сымболікай. Задуманая канструкцыя вышынёй 68 мэтраў, прыблізны кошт 3,2 мільёна рублёў — крыху больш за мільён даляраў. Адпаведную інфармацыю гарвыканкам разьмясьціў на сваім сайце.

«Рэалізацыя праекту мае сацыяльныя мэты і накіраваная на папулярызацыю значнасьці дзяржаўных сымбаляў і патрыятычнае выхаваньне ў насельніцтва», — заяўляюць арганізатары грамадзкага абмеркаваньня.

Падобны тронец 3 ліпеня зьявіўся ў суседнім Полацку. Яго ўрачыста адкрылі кіраўніцтва раёну, дэпутаты і чыноўнікі на дзяржаўнае сьвята Дзень незалежнасьці. Вышыня гэтай канструкцыі 53 мэтры.

29 верасьня сёлета стала вядома, што 50-мэтровую стэлу з афіцыйнай сымболікай хочуць паставіць у Берасьці, каля пункту пропуску на мяжы з Польшчай. У стэлу таксама зьбіраюцца ўмантаваць сьвятладыёдны экран, на якім будуць трансьляваць «сымболіку Берасьця, краіны і вітальныя паведамленьні».

Самы высокі тарнец з чырвона-зялёным сьцягам у Беларусі знаходзіцца на аднайменнай плшчы ў Менску, побач з новай рэзыдэнцыяй Лукашэнкі
Самы высокі тарнец з чырвона-зялёным сьцягам у Беларусі знаходзіцца на аднайменнай плшчы ў Менску, побач з новай рэзыдэнцыяй Лукашэнкі

Як вынікае з сайту дзяржаўных закупаў, такія флягштокі зь дзяржаўнай сымболікай ставяць паўсюль: іх замаўляюць раённыя сельскія саветы, дамы культуры, бібліятэкі ды іншыя аб’ёкты дзяржаўнай інфраструктуры.

Напрыклад, сярэдняя школа № 18 у Гародні зьбіраецца паставіць тронец зь дзяржаўнай сымболікай за 3750 рублёў.

Стадыён «Дынама» закупляе цэлы камплект: тронец на падлогу, сьцяг, герб і партрэт Лукашэнкі агульным коштам 7993 рублі 50 капеек.

Звычайна ў такой сытуацыі на сымболіку ідуць грошы з бюджэту. Аднак бываюць і выключэньні. Напрыклад, акцыянэрнае таварыства «Дварэц-агра» з Горадзенскай вобласьці купляе тронец і сьцяг да яго за свае сродкі — 9 333 рублі.

Аднак ідэалягічныя выдаткі — гэта ня толькі флягштокі й сьцягі.

Мультфільм пра трактар за 1,4 мільёна рублёў

Летась Міністэрства культуры Беларусі разьмясьціла тэндэр на вытворчасьць анімацыйнага фільму пра беларускія трактары. Згодна з сайтам дзяржаўных закупаў, у сьнежні была падпісаная дамова паміж міністэрствам і дзяржаўнай студыяй «Беларусьфільм».

Паводле гэтай дамовы, мультфільм пад працоўнай назвай «Дзяўчынка і трактар» будуць рабіць тры гады. У 2025 годзе студыя атрымае 300 000 рублёў, сёлета 500 000, а налета — яшчэ 607 300. Выпусьціць яго зьбіраюцца ў сьнежні 2027 году.

Сцэнарыстам і рэжысэрам-пастаноўнікам мультфільму, згодна з апублікаванай на сайце закупаў дамовай, стаў Канстанцін Андрушачкін. У 2024 годзе як рэжысэр ён зрабіў мультфільм «Каляндар сьвятаў. Дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь», дзе расказваецца пра «значэньне дзяржаўнай сымболікі Беларусі».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 2024 годзе ён жа як рэжысэр рэалізаваў анімацыйны праект «Мэмарыяльныя комплексы Беларусі», дзе расказваецца аб важнасьці такіх комплексаў, прысьвечаных Другой усясьветнай вайне ў Беларусі. Летась выйшла другая частка гэтага мультфільму.

Анімацыю пра трактар хочуць перакласьці на ангельскую і кітайскую мовы.

Завабліваньне моладзі ў выбарчы працэс і 192 000 рублёў

Сёлета ў Беларусі прайшоў чарговы сэзон праекту «Менская зьмена». Гэта сумесны праект менскіх гарадзкіх уладаў і Акадэміі кіраваньня, дзе маладыя людзі ўзростам ад 16 да 31 году могуць падаць заяўку на ўдзел у конкурсе і паказаць нейкія свае праекты чыноўнікам. Сёлета ў праекце, з словаў арганізатараў, зьявіўся яшчэ адзін кірунак — «электаральны». Каб завабліваць моладзь «ня толькі на ўдзел у электаральнай кампаніі», але і ў «выбарчай». То бок ня толькі каб галасавалі, але і прымалі шырэйшы ўдзел у кампаніі.

Урачыстая цырымонія падвядзеньня вынікаў гэтай «Менскай зьмены» каштавала 192 000 рублёў, як вынікае з сайту дзяржаўных закупаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёлета ў Сьвіслачы Горадзенскай вобласьці пяты раз прайшоў фэстываль «Бацькава булка». Нібыта гэта проста сьвята выпечкі паводле традыцыйных у рэгіёне рэцэптаў — і ніякай ідэалёгіі. Аднак пачатак гэтаму паклаў у 2021 годзе візыт ў тутэйшую пякарню Лукашэнкі, які пакаштаваў мясцовую пляцёнку, пасьля чаго ў 2022 годзе і правялі фэстываль «Бацькава булка». Сёлета на яго выдаткавалі 20 000 рублёў.

«Дзяржава хоча вызначаць жыцьцё людзей ува ўсіх яго праявах»

Пасьля 2020 году для ўлады важна прысутнічаць у паўсядзённым жыцьці людзей, зазначае доктарка навук, дасьледніца і мэдыяэкспэртка Ірына Сідорская. Праз ідэалягічныя захады, а гэта сьцягі, сьвяты, мультыплікацыя і кінэматограф, дзяржава хоча вызначаць парадак дня людзей увесь час, а ня толькі падчас палітычных працэсаў кшталту выбараў.

«Мясцовыя сьвяты, якія прысьвечаныя ўраджаю ці нейкім прыродным зьявам, нясуць прадзяржаўны, ідэалягічны чыньнік, каб замацаваць прысутнасьць дзяржавы ўсюды: у публічнай прасторы, у штодзённым жыцьці, у сьвятах. Гэта робіцца, каб людзі не расслабляліся і разумелі, што дзяржава за імі назірае і вызначае, якім павінна быць жыцьцё ўва ўсіх яго праявах», — гаворыць экспэртка.

Паводле Ірыны Сідорскай, асноўная задача гэтай ідэалягічнай прысутнасьці — не пераканаць людзей у нейкіх поглядах, а найперш легітымізаваць дзяржаўныя сымбалі і ідэалёгію ў штодзённым жыцьці.

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

«Гэта робіцца, каб людзі пачалі ўспрымаць афіцыйную сымболіку, прысутнасьць дзяржавы як натуральны і непазьбежны складнік навакольнага асяродзьдзя. Як сьвеціць сонца ці ідзе дождж. І ўжо ня важна, падзяляе чалавек гэтыя погляды ці не. Тых жа дзяцей і падлеткаў нашмат прасьцей апрацоўваць такой ідэалягічнай зброяй. Калі, напрыклад, гэта мультфільм у нейкай забаўляльнай форме — пра той жа трактар, то дзіця прывучаецца глядзець на гэта з пазытыўным стаўленьнем, яно пачынае ўспрымаць дзяржаўныя атрыбуты ня проста як непазьбежныя, а як пазытыўна афарбаваныя», — кажа экспэртка.

Другая мэта ўлады — дэманстрацыя ляяльнасьці людзей. Для ўлады важна, каб людзі ўдзельнічалі ў ідэалягічных акцыях.

«Калі людзі прымаюць удзел, значыць, яны дэманструюць ляяльнасьць, няважна, што яны думаюць унутры. Звонку яны нібыта ўспрымаюць уладу як легітымную, махаюць сьцяжкамі і пасьміхаюцца», — дадае экспэртка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG