Канфэрэнцыю «Беларусь у цені „Русского мира“: выклікі і адказ грамадзянскай супольнасьці» зладзіў Інстытут разьвіцьця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Удзельнічаць у ёй можна было онлайн.
«Ідэалягічным асарці», у якім даўняя канцэпцыя выключнасьці Расеі спалучаецца з сучасным культам перамогі расейцаў у Вялікай айчыннай вайне назваў ідэалёгію «русского мира» кандыдат гістарычны навук Павал Церашковіч.
Яна мае моцны прапагандысцкі рэсурс і ўжо стала інструмэнтам барацьбы за дамінаваньне на постсавецкай прасторы. А для беларусаў небясьпечная тым, што зьнішчае іх нацыянальную ідэнтычнасьць, — зазначыў Церашковіч.
У Беларусі дзейнічае некалькі арганізацый — праваднікоў «русского мира». Сярод іх наступныя:
- філія «Россотрудничества», якая кіруе дзейнасьцю этнічных расейцаў,
- філія фонду «Грамадзкай дыпляматыі імя Гарчакова» (расейскага міністра замежных спраў часоў паўстаньня 1863 году), які дае стыпэндыі маладым беларускім дасьледчыкам,
- фонд «Русский мир», які працуе са студэнтамі і школьнікамі,
- Расейскае вайскова-гістарычнае таварыства, якое ставіць на тэрыторыі Беларусі помнікі расейскім дзеячам.
Хапае і ўнутраных правайдэраў гэтай «заблюранай» ідэалёгіі сярод беларусаў, кажа Церашкевіч:
- супрацоўнікі ГУБАЗіКа з партрэтамі Пуціна ў сваіх кабінэітах,
- манашкі менскага Сьвята-Елізавецінскага манастыра, якія зьбіраюць грошы на падтрымку расейскай вайсковай апэрацыі ва Ўкраіне,
- чыноўнікі, якія пераводзяць навучаньне ў сельскіх школах на расейскую мову.
Але некаторыя беларускія чыноўнікі разумеюць небясьпеку ідэалёгіі «русского мира» і спрабуюць па меры магчымасьцяў ёй супраціўляцца, кажа Церашковіч. Як прыклад ён прывёў раскопкі менскага гарадзішча і асьвятленьне іх у дзяржаўных СМІ.
«Такой напружанай працы там ніколі не было. Пацьвердзілі ўзрост Менску — 997 год, і паўсюль пра гэта трубяць. З акцэнтам на тое, што ў той час яшчэ не было ня толькі Масквы, але і Вільні, Варшавы, Бэрліна. Гэта робіцца невыпадкова. Гэтак умацоўваецца свой, „чырвона-зялёны“ патрыятызм», — кажа гісторык.
Паводле Церашковіча, ідэалёгія «русского мира» не атрымала значнага пашырэньня ў беларускім грамадзтве.
Але ён засьцерагае, што наратывы гэтай ідэалёгіі могуць мімаволі распаўсюджвацца праз расейскую мову, якой карыстаюцца беларусы.
Сынхранізацыя беларускай дзяржаўнай прапаганды з прапагандай Крамля вядзе да страты сувэрэнітэту, лічыць экспэрт у мэдыйнай галіне Паўлюк Быкоўскі.
Разам з тым, ён адзначае, што ніводны расейскі тэлеканал не трансьлюецца ў Беларусі ў зыходным выглядзе — які кантэнт пакідаць, а які не — вырашаюць беларускія ўлады.
Беларускім незалежным мэдыя, што працуюць з-за мяжы, экспэрт раіць ня толькі не адмаўляцца ад беларускай мовы і беларускага кантэнту, а наадварот, узмацняць беларусацэнтрычнасьць.
«Гэта ваш галоўны стратэгічны актыў», — кажа ён.
«Аднавіць цэласнасьць беларускай культурнай прасторы, разарванай рэпрэсіямі» заклікалі актывісты «Беларускай рады культуры». Яны лічаць, што культура — рухавік пераменаў. І вераць, што яна можа аб’яднаць творцаў у Беларусі і за яе межамі.
«Калі мы зробім беларускую культуру канкурэнтаздольнай, мы ня толькі зможам супраціўляцца наступу „русского мира“, але і адкрыем шлях да той Беларусі, пра якую марым, і якую будуць паважаць у сьвеце», — сказала ўдзельніца канфэрэнцыі Эліна Калнібалоцкая.
Рада заклікала прадстаўнікоў бізнэсу і ІТ-галіны актыўней дапамагаць культурніцкім і беларускамоўным праектам.
Форум