Пра гэта міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў падчас Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі, прымеркаванай да 77-годзьдзя з дня прыняцьця Канвэнцыі ААН аб папярэджаньні генацыду, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
«Запалохваючы насельніцтва ўяўнай пагрозай з Усходу, тым, што, маўляў, новая вялікая эўрапейская вайна непазьбежная, Эўразьвяз ізноў бярэ курс на татальную мілітарызацыю» — заявіў генэрал Хрэнін.
Падобную ж тэзу выказаў учора на пасяджэньні Савету бясьпекі Беларусі і Аляксандар Лукашэнка.
Хрэнін таксама заявіў, што Эўропа «ізноў вяртаецца да ідэалёгіі нэанацызму».
У кулюарах канфэрэнцыі ў размове з журналістамі міністар абароны Беларусі выказаў меркаваньне, што зараз адбываецца «распальваньне нянавісьці да славянскай цывілізацыі».
«Нам, пакаленьню пераможцаў, пакаленьне пераможаных кінула выклік. Хочацца сказаць: хай вучаць гісторыю. Калі гэта адбудзецца чарговы раз, мы ўсё станем Берасьцейскаю крэпасьцю. А потым ператворымся ў хвалю цунамі і зноў іх змыем», — сказаў Віктар Хрэнін.
Адметна, што абвінавачаньні ў нэанацызьме Эўропе выстаўляе прадстаўнік рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымлівае Расею ў яе агрэсіі супраць Украіны. Поўнамаштабная вайна, якую вядзе Масква, шмат у чым ідэалягічна зьвязаная з адмаўленьнем украінскай дзяржаўнасьці і ўкраінцаў як асобнага народу.
Хрэнін таксама замоўчвае тое, што Эўропа стала казаць пра павелічэньне сваёй абараназдольнасьці менавіта на фоне агрэсіўных дзеяньняў Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, абгрунтавана асьцерагаючыся патэнцыйнага нападу Масквы на заходнія краіны.
Прамова кіраўніка Мінабароны Беларусі ў цэлым перасычаная наратывамі расійскай прапаганды, адзначае «Позірк».
Форум