Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус спрабаваў увезьці ў Літву 7 тон радыяактыўных лісічак. Памежнікі не прапусьцілі грузавік

Лісічкі, архіўнае фота
Лісічкі, архіўнае фота

Сёлета ў Гомельскай вобласьці ў грыбах і ягадах выявілі цэзій-137.

Як паведамляе літоўскае выданьне LRytas, памежнікі не прапусьцілі ў Літву грузавік, які перавозіў 7 тон грыбоў зь Беларусі.

Здарэньне адбылося вечарам у суботу 1 лістапада. Супрацоўнікі Віленскага аддзелу памежнай службы ў пункце кантролю Меднікі, правяраючы грузавікі, якія ўяжджалі ў Літву, не прапусьцілі беларуса, які перавозіў больш за 7 тон сьвежых лісічак.

36-гадовы грамадзянін Беларусі, які ехаў у Літву, меў часовы дазвол на жыхарства ў Літве і кіраваў сэданам DAF XF 460 FT, зарэгістраваным у Літве, з паўпрычэпам Schmitz Cargobull на эстонскай рэгістрацыі. Грузавік перавозіў сьвежыя грыбы — лісічкі. Грыбы былі спакаваныя ў 2376 драўляных скрыняў, кожная ўпакоўка па 4 кг, агульная вага грузу 7128 кг.

На КПП актывавалі спэцыяльную стацыянарную рамку для радыяцыйнага кантролю, а пазьней правялі дадатковую праверку з выкарыстаньнем ручнога ідэнтыфікатара радыеактыўных ізатопаў RIIDEye X і выявілі радыянуклід цэзій-137. Магутнасьць дозы на паверхні складала 0,06 мкЗв/г, тады як узровень натуральнага фону — 0,02 мкЗв/г.

Памежнікі зьвязаліся з Цэнтрам радыяцыйнай бясьпекі Літвы, дзе вырашылі не дапусьціць транспартны сродак з грузам да перасячэньня дзяржаўнай мяжы і ўезду ў Літву, — паведамляе LRyras. Аўтамабіль і груз не затрымалі.

Чым небясьпечны цэзій-137

Гомельскі абласны цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя сёлета ў верасьні дасьледаваў 719 пробаў харчовых прадуктаў, найперш ягадаў, грыбоў і кансэрваў зь іх на наяўнасьць цэзію-137.

Перавышэньне цэзію-137 выявілі ў 90 пробах, зь іх у 73 пробах сьвежых грыбоў і прадуктаў іх перапрацоўкі, дзікарослых ягадаў і прадуктаў іх перапрацоўкі, кансэрваваных прадуктаў зь іх.

Калі цэзій-137 трапляе ў арганізм разам з прадуктамі харчаваньня, ён апраменьвае органы і тканкі чалавека знутры, цяжка выводзіцца з арганізму, што павышае рызыку анкалягічных хваробаў.

Найбольш цэзію-137 назапашваюць лясныя ягады і грыбы, рыба і дзічына. Таму гэтыя прадукты, здабытыя на тэрыторыях, забруджаных радыянуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, трэба правяраць на наяўнасьць цэзію. Такія праверкі ў Гомельскай вобласьці праводзяць бясплатна.

Цэзій-137 — радыяактыўны ізатоп штучнага паходжаньня. У прыродзе яго не існавала да пачатку ядзернай эры. Ён утвараецца пры дзяленьні ядраў у ядзерных рэактарах і пры выбухах ядзернай зброі. Пры аварыі на ЧАЭС у навакольле былі выкінутыя велізарныя аб’ёмы радыянуклідаў, значную частку якіх складаў менавіта цэзій-137. Ён распаўсюдзіўся далёка за межы Ўкраіны, Беларусі і Расеі, зрабіўшы чарнобыльскую радыяцыю глябальнай праблемай.

Асаблівасьць цэзію-137 у тым, што ён ня проста ёсьць у навакольлі. Ён уключаецца ў харчовыя ланцужкі, трапляе ў арганізм чалавека і назапашваецца ў тканках. Дасьледаваньні паказалі, што цэзій разьмяркоўваецца ў целе нераўнамерна. У жыцьцёва важных органах — сэрцы, пячонцы, нырках — яго канцэнтрацыя можа быць у 10–100 разоў вышэйшая, чым сярэдні паказьнік ува ўсім арганізьме. Найбольш уразьлівыя да гэтага ўзьдзеяньня дзеці й падлеткі.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG