Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алешкі, палітвязьні і перамовы з Трампам. Амэрыканіст Пянькоўскі тлумачыць, на што спадзяецца Лукашэнка

Вызваленых з Беларусі палітзьняволеных сустракаюць у амбасадзе ЗША ў Вільні. Верасень 2025 году. Ілюстрацыйнае фота.
Вызваленых з Беларусі палітзьняволеных сустракаюць у амбасадзе ЗША ў Вільні. Верасень 2025 году. Ілюстрацыйнае фота.

Як удзел Беларусі ў гуманітарнай місіі для жыхароў Алешак зьвязаны зь беларуска-амэрыканскімі перамовамі? Чаму адкладаецца візыт Джона Коўла і ці можа новая амністыя закрануць палітвязьняў?

Як на перамоўны працэс паўплываюць прамежкавыя выбары ў ЗША? Пра гэта ў «ПіКу» Свабоды гаворым з амэрыканістам Антонам Пянькоўскім.


— Першымі пра ўдзел Беларусі ў гуманітарнай місіі для жыхароў Алешак паведамілі амэрыканскія журналісты. Як вы мяркуеце, якім чынам удзел Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай місіі зьвязаны зь беларуска-амэрыканскім перамоўным працэсам?

Антон Пянькоўскі
Антон Пянькоўскі

— Гуманітарная місія — ініцыятыва Белага дому, наўпрост зьвязаная з зацікаўленасьцю амэрыканскай дыпляматыі ў Беларусі. Ад самага пачатку амэрыканскія перамоўнікі, амэрыканскія дыпляматы кіраваліся разьлікамі бясьпекі ўва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Усе астатнія — і эканамічныя, і гуманітарныя — кірункі, якія распрацоўваліся ўвесь гэты час, былі другаснымі. Тое, што гэта найменш трапляла ў мэдыя, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра тое, што гэта найбольш сэнсытыўная тэма, а не пра тое, што амэрыканцы надаюць ёй найменшую ўвагу.

Безумоўна, тут мы мусім падзякаваць амэрыканскаму боку за тое, што ён дакладна разумее: без уключэньня ў разьлік Беларусі, беларускай тэрыторыі, праблематыкі бясьпекі і дэмакратызацыі Беларусі немагчыма забясьпечыць спыненьне гэтай вайны, бясьпеку Ўкраіны з поўначы. Увогуле, інфраструктуру бясьпекі ва ўсходне- і цэнтральнаэўрапейскім рэгіёнах складана ўявіць без уліку беларускага фактару.

— Анансавалася, што ў кастрычніку ў Беларусь зноў прыедзе Джон Коўл і адбудуцца новыя вызваленьні зьняволеных. Гэтага пакуль не адбылося. Чаму мог быць перанесены візыт і калі ён можа адбыцца?

— У нас няма дакладнай інфармацыі пра расклад працы спадара Коўла, пра графікі гэтых візытаў. Мы можам толькі абапірацца на ўскосныя дадзеныя, на заявы таго ці іншага боку ў гэтым працэсе. Я мяркую, што, па-першае, там могуць быць лягістычныя затрымкі, несупадзеньне раскладаў як перамоўнікаў з боку Вашынгтону, так і адміністрацыі Лукашэнкі. Па-другое, усё ж такі ёсьць складанасьці ў самім перамоўным працэсе, які адбываецца ўвесь гэты час, а ня толькі падчас візытаў.

Амэрыканцы дзейнічаюць вельмі асьцярожна на гэтым этапе. Яны ня хочуць аддаваць увесь назапашаны ў іх інструмэнтар дзеля толькі наступнага вызваленьня. Іх цікавіць шырэйшае кола праблемаў у Беларусі. Безумоўна, гэта і стварае тыя затрымкі, якія мы бачым ужо ня першы раз. Але я лічу, што мы мусім ставіцца да іх з разуменьнем, бо гэтыя складанасьці аб’ектыўна прадыктаваныя як складанасьцю самога працэсу, так і ўважлівым стаўленьнем амэрыканскай дыпляматыі да перамоваў.

— На гэтым тыдні стала вядома, што Лукашэнка даручыў падрыхтаваць новую амністыю, якая, як паведамлялася, перадусім можа закрануць жанчын. Ці можа яна быць зьвязаная з беларуска-амэрыканскімі перамовамі? Папярэднія амністыі звычайна прымяркоўвалі да дзяржаўных сьвятаў, але палітвязьняў у межах такіх амністыяў не вызвалялі — для гэтага выкарыстоўвалі адмысловыя ўказы. Як вы ацэньваеце гэтую ініцыятыву?

— Зараз вельмі складана сказаць, і мы зноў-такі трошачкі пераходзім да спэкуляцыяў. Але я лічу, што ўсе тыя моманты, калі Лукашэнка зараз хоча паказаць сябе нейкім вялікім гуманістам, калі ён дэманстратыўна вызваляе людзей або робіць нейкія заявы на гэты конт, — гэта пэўныя замежнапалітычныя сыгналы як амэрыканскім гульцам у гэтым працэсе, так і кіраўнікам эўрапейскіх краінаў. Лукашэнка хоча паказаць, што ён гатовы да вызваленьняў. Наколькі сапраўды гэтыя вызваленьні будуць тычыцца палітвязьняў, людзей, якія трапілі за краты паводле палітычна матываваных прысудаў, сказаць складана. Гэта частка перамоўнага працэсу, публічны сыгнал пра тое, што Лукашэнка хоча пэўнай інтэнсыфікацыі перамоваў і гатовы дзейнічаць у абмен на пэўныя саступкі з боку тых ці іншых удзельнікаў гэтага працэсу. Я мяркую, што сярод тых, каго могуць вызваліць, імаверна, могуць апынуцца і палітвязьні. Але гэта ўжо залежыць ад актыўнасьці і дыпляматычнай хітрасьці заходніх дыпляматаў — амэрыканскіх і эўрапейскіх.

— На гэтым тыдні шмат абмяркоўвалі адкрыты ліст групы былых палітвязьняў да эўрапейскіх лідэраў. На што гэты ліст рэальна можа паўплываць, а на што — не?

— Найперш гэты ліст зьяўляецца публічным сыгналам. Ён выклікаў вельмі гарачую і вялікую дыскусію ў беларускіх дэмакратычных колах. Для вонкавых назіральнікаў, якія сочаць за беларускім дэмакратычным асяродзьдзем і дэмакратызацыяй Беларусі ў цэлым, гэта сьведчыць, што пытаньне сапраўды балючае, ня мае канчатковага вырашэньня і да канца не акрэсьленае для Беларусі і беларусаў за мяжой. Тое, што гэтае пытаньне настолькі баліць і выклікае такія спрэчкі, — сапраўды сыгнал і для амэрыканцаў, і для эўрапейцаў, што на яго трэба зьвярнуць большую ўвагу.

І дастаткова вялікая колькасьць падпісантаў гэтага ліста, і супрацьлеглая рэакцыя крытыкаў сьведчаць пра тое, што гэтае пытаньне заслугоўвае большай увагі. Практычныя крокі мы пабачым трошачкі пазьней. І амэрыканская, і брусэльская бюракратыя працуюць значна павольней. Таму нейкіх практычных крокаў мы маглі б чакаць у наступныя месяцы, але, безумоўна, не адразу.

— Ці будзе залежаць беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс ад вынікаў прамежкавых выбараў у ЗША? Ці можа магчымая зьмена балянсу сілаў у Кангрэсе паўплываць на палітыку адміністрацыі Дональда Трампа ў дачыненьні да Беларусі?

— Найперш трэба трымаць у галаве, што амэрыканская замежная палітыка паводле Канстытуцыі ЗША і асноўнага амэрыканскага заканадаўства знаходзіцца ў кампэтэнцыі выканаўчай улады. Гэта значыць, што амэрыканскія заканадаўцы ўплываюць на замежную палітыку толькі ўскосна. Усё ж такі гэта выключная кампэтэнцыя Белага дому і на дадзены момант Дональда Трампа. Праз дадатковыя слуханьні, спрэчкі наконт бюджэтаў ці нейкія расьсьледаваньні ў Кангрэсе амэрыканскія заканадаўцы могуць пэўным чынам уплываць на сытуацыю або пасылаць сыгналы адносна стаўленьня да тых ці іншых замежнапалітычных дзеяньняў амэрыканскай адміністрацыі ці да замежных актараў.

Тое, што мы зараз бачым, сьведчыць, што на наступным тыдні, хутчэй за ўсё, прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША атрымаюць большасьць у ніжняй палаце Кангрэсу — Палаце прадстаўнікоў. Барацьба за Сэнат яшчэ працягваецца, і сытуацыя там пакуль ня цалкам вызначаная. Але спатрэбіцца дастаткова шмат часу — месяцы, — каб амэрыканскія заканадаўцы пераключыліся з унутрыпалітычнага парадку дня, які цяпер мае найбольшую вагу, на замежную палітыку. Я не лічу, што перагляд адносінаў або замежнапалітычнай стратэгіі ЗША ў дачыненьні да Беларусі апынецца сярод прыярытэтных пытаньняў. Хутчэй за ўсё, будуць разглядацца іншыя тэмы.

Акрамя таго, я лічу, што Беламу дому, дзяржаўнаму дэпартамэнту і дзяржаўнаму сакратару Рубіё ёсьць чым даць справаздачу і ёсьць што паказаць у якасьці вымяральных вынікаў сваіх высілкаў на беларускім кірунку. Таму я б усё ж такі чакаў, магчыма, пэўнага запаволеньня, большай цікавасьці з боку амэрыканскіх заканадаўцаў, але ня зьмены агульнай стратэгіі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG