Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманітарная місія ў Алешкі Херсонскай вобласьці ажыцьцяўляецца празь Беларусь

Так цяпер выглядаюць Алешкі Херсонскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Так цяпер выглядаюць Алешкі Херсонскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі аб пачатку гуманітарнай місіі для жыхароў Алешак Херсонскай вобласьці.

Расейска-ўкраінская гуманітарная місія стартуе зь беларускага пункту пропуску «Новая гута» на мяжы з Украінай.

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны», раніцай у Беларусь прыехаў упаўнаважаны Вярхоўнай рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец разам з чатырма амэрыканскімі журналістамі.

У Гомель на самалёце прыбыла таксама і расейская дэлегацыя.

Супрацоўнікі дзяржаўнага тэлеканала асабліва акцэнтавалі на тым, што Беларусь выконвае ўсе дасягнутыя дамоўленасьці па дапамозе ў ажыцьцяўленьні гэтай гуманітарнай місіі і што першымі аб беларускім удзеле паведамілі менавіта амэрыканскія журналісты.

Што паведамілі ва Ўкраіне

Упаўнаважаны Вярхоўнай рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец у сваім Telegram-канале адзначыў, што цяпер па маршруце гуманітарнай місіі адбываецца разьмінаваньне. «Паралельна ўжо фарміруем гуманітарны груз, які плянуем даставіць у Алешкі заўтра», — паведаміў ён.

Паводле яго, абодва бакі выконваюць умовы рэжыму цішыні, які распачаўся 27 кастрычніка. «Рэжым цішыні працягваецца 54 гадзіны. [...] Гэта стала магчымым, у тым ліку, дзякуючы сталай камунікацыі з упаўнаважанай Расеі ў правах чалавека Янай Лантратавай. [...] Асобна дзякую першай лэдзі ЗША Мэланіі Трамп, якая асабіста надае свой час і ўвагу гуманітарнай місіі і дапамозе цывільным людзям у Алешках», — адзначыў ён.

«Наша задача — даставіць гуманітарную дапамогу людзям, якія застаюцца ў горадзе, і забясьпечыць магчымасьць бясьпечнага выезду цывільных», — адзначыў ён.

У той жа час ён не ўдакладніў маршрут місіі і якім чынам ён будзе ажыцьцяўляцца — празь Беларусь і далей ўкраінскую тэрыторыю ці празь Беларусь у Расею і далей праз расейскую тэрыторыю.

Што паведамілі ў Расеі

Упаўнаважаная Расеі ў правах чалавека Яна Лантратава разьмясьціла ў сваім Telegram-канале аналягічны тэкст аб разьмінаваньні, выкананьні бакамі рэжыму спыненьня агню і з падзякай Мэланіі Трамп.

У той жа час яна паведаміла, што гуманітарную дапамогу ў Алешкі ўжо адправілі. «Людзям патрэбныя ежа, паліва, мэдыкамэнты, сродкі гігіены», — сказала яна.

Прадстаўніца Расеі адзначыла, што кожны чалавека атрымае магчымасьць выехаць з зоны баявых дзеяньняў. Аднак, яна, як і Лубінец, не ўдакладніла маршрут руху місіі.

Чаму гэта важна

Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю ўжо ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня. Горад месьціцца на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.

Паводле Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі, у Алешках застаюцца каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. Адміністрацыя гаворыць, што расейскія войскі перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна пазбаўляюць жыхароў магчымасьці пакінуць горад.

Там ад пачатку акупацыі няма электрычнасьці, газу, а пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС — і пітной вады. Эвакуавацца немагчыма: дарогі замінаваныя.

Спроба міжнародных арганізацыяў дамовіцца з расейскімі ўладамі пра эвакуацыю цывільных жыхароў дагэтуль не давала вынікаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG