Рэжым спыненьня агню, абвешчаны ў ноч на 27 кастрычніка паблізу горада Алешкі — разьмешчанага ў акупаванай Расеяй частцы Херсонскай вобласьці, — працягвае дзейнічаць. Гэты факт пацьвердзілі ўкраінскія афіцыйныя асобы і вайскоўцы, а таксама Крэмль. Гэта першы выпадак лякальнага спыненьня агню на лініі фронту ці паблізу яе з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Паводле зьвестак украінскага боку, перамір’е ў раёне Алешак працягнецца да вечара 1 лістапада. Да гэтага часу павінна быць завершана эвакуацыя тых, хто жадае пакінуць горад, а таксама дастаўка гуманітарнай дапамогі тым, хто вырашыць застацца. І Ўкраіна, і Расея цяпер імкнуцца да таго, каб як мага больш людзей пакінулі акупаваны горад і перамясьціліся на тэрыторыі, якія знаходзяцца пад іх кантролем.
На Херсон, як і на іншыя прыфрантавыя гарады, амаль кожны дзень падалі дроны, бомбы і снарады. Каб выжыць, у горадзе будавалі падземныя школы і шпіталі, закопвалі пад зямлю абʼекты інфраструктуры.
Кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін у Страсбуры падчас сэсіі Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы адкрыў фотавыставу і прадставіў кнігу дакумэнтальную «Нязломны Херсон».
Ён паведаміў Свабодзе, што насамрэч апошнія два дні абстрэлаў не было — у тым ліку ў Херсоне.
«У Херсоне таксама ціха. Даўно ўжо такога не было — такой цішыні не назіралася цэлую вечнасьць. Учора, напрыклад, не было ніводнага ўдару. Гэта ўпершыню за ўвесь гэты час — ну, калі не лічыць чатырох чалавек, якія зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу з траўмамі, атрыманымі некалькі дзён таму. А так — гэта першы дзень бяз новых пацярпелых. Для многіх гэта — сапраўднае сьвята».
Аляксандар Пракудзін адказаў таксама на пытаньне, ці ўдасца Херсону, гораду, які знаходзіцца побач зь лініяй фронту, выстаяць яшчэ адну ваенную зіму.
«Калі казаць пра Херсонскую вобласьць, рэальнасьць такая: мы жывем у такіх умовах ужо чатыры гады. Гэта будзе ўжо чацьвёртая зіма ва ўмовах пастаянных бамбардзіровак Херсонскай вобласьці — мы фіксуем па 1000 удараў штодня. Таму, будзьце ўпэўненыя, мы абавязкова перажывем гэтую зіму — хоць, вядома, яна будзе складанай. Цяпер мы ведаем, як з гэтым спраўляцца: дэцэнтралізуем вытворчасьць цяпла, укараняем кагенэрацыю, а таксама разьмяшчаем трансфарматары і лініі электраперадачы пад зямлёй. Думаю, мінулы год паказаў, што Херсонская вобласьць была, па сутнасьці, найлепш падрыхтаваная да зімы: электрычнасьці ў нас не было ўсяго тыдзень, тады як у некаторых іншых рэгіёнах яе не было месяцамі. Мы перажывем і гэтую зіму, хоць будзе вельмі цяжка».
У Херсоне з 2023 году рабілі захады па абароне ўсяго — генэратараў, трансфарматараў, важных аб’ектаў. Да таго ж дадалі сеткі для абароны ад бесьпілётнікаў.
Пра сытуацыю ў акупаванай частцы вобласьці Пракудзін адказаў:
«Сытуацыя на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласьці надзвычай складаная, асабліва паблізу лініі фронту. Гаворка ідзе ня толькі пра Алешкі; ёсьць дзясяткі іншых падобных населеных пунктаў, жыхары якіх цяпер проста спрабуюць выжыць — гэта месцы, якія знаходзяцца пад пастаяннымі абстрэламі, моцна замініраваныя і кантралююцца расейцамі.
Там тысячы людзей жывуць без электрычнасьці, газу, ацяпленьня, гуманітарнай дапамогі і мэдыцынскага абслугоўваньня. Гэта тэрыторыя, дзе адбываецца прымусовая „пашпартызацыя“ (навязваньне расейскага грамадзянства), прызыў у расейскую армію, а нашых грамадзян прымушаюць жыць паводле законаў „арды“. Назваць сытуацыю там проста „складанай“ — значыць моцна прыменшыць рэальны стан рэчаў».
Блякада Алешак
Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю ўжо ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня. Горад месьціцца на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.
Паводле Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі, у Алешках застаюцца каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. Адміністрацыя гаворыць, што расейскія войскі перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна пазбаўляюць жыхароў магчымасьці пакінуць горад.
Там ад пачатку акупацыі няма электрычнасьці, газу, а пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС — і пітной вады. Эвакуавацца немагчыма: дарогі замінаваныя.
Спроба міжнародных арганізацыяў дамовіцца з расейскімі ўладамі пра эвакуацыю цывільных жыхароў дагэтуль не давала вынікаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум